Клопат пра кожнага

На цяперашні час на тэрыторыі Ленінскага сельсавета пражывае 585 пенсіянераў. Клопат пра кожнага з іх праяўляецца і дзякуючы працы пярвічнай ветэранскай арганізацыі, што дзейнічае ў гэтым Савеце. Нядаўна адбыўся справаздачны сход гэтай грамадскай структуры, на якім старшыня пярвічкі Ада Рудзінская падрабязна расказала пра ветэранскія справы.


Асаблівы клопат пастаянна праяўляюць у сельсавеце пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, узрост якіх ужо далёка за восемдзесят і дзевяноста гадоў. Такіх ветэранаў тут пяць чалавек. Гэта Сцяпан Ждановіч, Аляксандр Шаціловіч, Уладзімір Мацукевіч, Аляксандр Гатчэня і Аляксандр Стахіевіч. Акрамя гэтых заслужаных людзей у сельсавеце налічваецца 13 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, 17 узнікаў фашысцкіх канцлагераў, 3 воіны-інтэрнацыяналісты. І ніводзін грамадзянін з гэтых катэгорый не забыты ні мясцовай уладай, ні членамі ветэранскай пярвічкі. Як адзначыла Ада Іванаўна, ветэранам аказваецца ўсебаковая дапамога:


— За мінулы год былі адрамантаваны гаспадарчыя пабудовы і домаўладанні ветэранаў вайны, часткова ветэранаў працы і адзінока пражываючых пенсіянераў. У дапамозе ветэранам не было адмоўлена кіраўніцтвам ніводнай арганізацыі і прадпрыемства, што ажыццяўляюць сваю дзейнасць на тэрыторыі Савета.


Адным з прыярытэтных напрамкаў у рабоце ветэранаў і мясцовай улады з’яўляецца догляд за помнікамі і месцамі пахаванняў. Іх на тэрыторыі Ленінскага сельсавета маецца нямала. І хаця за кожным такім памятным месцам замацаваны канкрэтныя арганізацыі, ветэраны таксама ўносяць свой пасільны ўклад у такую высакародную справу.


Безумоўна, ветэраны – людзі немаладога веку. І клопат пра іх здароўе з’яўляецца першачарговай справай мясцовых урачоў В.Мароза і Л.Мароз. Па словах Ады Рудзінскай, гэтыя медработнікі пастаянна наведваюцца ў дамы ветэранаў і пажылых людзей, прычым, у самых аддаленых населеных пунктах і не толькі самі, але і з работнікамі аптэкі. Пра нарыхтоўку паліва для патрэб ветэранаў клапоцяцца работнікі Ленінскага лясніцтва. Моцныя сувязі з самага пачатку свайго заснавання ветэранская арганізацыя Савета мае з мясцовай установай адукацыі, Ленінскім навучальна педагагічным комплексам. Тут ветэраны вайны і працы пастаянныя госці, удзельнічаюць у розных патрыятычных мерапрыемствах. Не абыходзяць бокам дамы ветэранаў і вучні, і настаўнікі школы. Заўсёды акажуць пажылым людзям пасільную дапамогу. Ды і не толькі ім, але і маці воінаў, што загінулі ў Афганістане, адзінокім пенсіянерам, інвалідам.


Грамадскае жыццё членаў ветэранскай арганізацыі сельсавета развіваецца таксама і ў сценах Ленінскага маладзёжнага цэнтра культуры. Яго дырэктар Л.Чопчыц і іншыя работнікі разам з прадстаўнікамі сельвыканкама ладзяць для ветэранаў шмат цікавых мерапрыемстваў, прыцягваюць пажылых людзей да ўдзелу ў мастацкай самадзейнасці, грамадскіх фарміраваннях. Канечне ж, што у Ленінскім сельсавеце да ветэранаў праяўляюцца паважлівыя адносіны з боку кіраўніцтва розных структур вялікая заслуга і кіраўніцтва мясцовай улады. Многія пытанні ветэранаў дапамагае вырашаць старшыня сельсавета Васіль Нямчэня, прыцягвае да гэтай працы іншых кіраўнікоў. Напрыклад, намеснік дырэктара КСУП “Людзяневічы” Віктар Ульяновіч пастаянна дапамагае пажылым людзям з набыццём кармоў для іх уласных гаспадарак, тэхнікай, каб тыя маглі апрацаваць свае надзелы, убраць на іх ураджай. Удзячны кіраўніцтву сельсавета ветэраны і за такую вялікую работу, што праведзена ў гэтым годзе па навядзенню парадку ў населеным пункце Ленін.


Яшчэ адным яскравым прыкладам клопату пра ветэранаў сельсавета з’яўляецца і прайшоўшы справаздачны сход. З гэтага мерапрыемства атрымалася цудоўнае свята. Парадавалі прысутных цудоўным канцэртам, а старшыня сельвыканкама В. Нямчэня адзначыў на мерапрыемстве ў намінацыі “Актывіст-прапагандыст” дыпломам старшыню ветэранскай пярвічкі Аду Рудзінскую.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.