Там, на нязведаных сцяжынках…

Спакон веку паляўніцтва лічылася высакародным заняткам. Толькі з цягам часу само паняцце памяняла сэнс. Калі шмат вякоў назад паляўніцтва было адным з асноўных спосабаў здабычы ежы, то паступова значнасць гэтага занятку, як асновы жыццязабеспячэння адыходзіла на другі план, саступаючы месца іншай функцыі – рэкрэацыйнай. Разам з гэтым мянялася і сістэма паляўнічай гаспадаркі, усё болей арыентуючыся да патрэб карыстальнікаў. І на сённяшні дзень лесапаляўнічая гаспадарка Жыткавіцкана лясгаса – яркі прыклад гэтай своеасаблівай “эвалюцыі” ад шэраговай паляўнічай да прывабнай турыстычнай тэрыторыі.


54,3 тысячы гектараў займае плошча лесапаляўнічай гаспадаркі ў Жыткавіцкім лясгасе. У тутэйшых лясных абшарах водзіцца нямала ласёў, дзікіх кабаноў і коз, усіх тых звяроў, што нязменна прыцягваюць да сябе ўвагу заўзятых паляўнічых. Прычым як беларусаў, так і замежнікаў, гатовых заплаціць за карысны трафей немалыя грошы. Разам з тым кіраўніцтва лясгаса лічыць, што не толькі і нават не столькі арганізацыя палявання павінна прыносіць прыбытак установе, але і турызм.


Не сакрэт, што ў развітых краінах на долю паляўніцтва як такога ў даходзе гаспадарак прыходзіцца вельмі нязначны працэнт. Асноўная ж частка сродкаў паступае за кошт аматараў адпачыць на прыродзе, турыстаў, назіральнікаў і фотапаляўнічых. І менавіта такі карысны замежны вопыт было вырашана пераняць у лясгасе. Тым больш што прыродныя ўмовы таму дужа садзейнічаюць. Напрыклад, у дзікай прыродзе нашага жыткавіцкага краю водзяцца рэдкія віды птушак – глушэц, цецярук, арлан-белахвост. Гэтыя птушкі дазволілі развіваць у паляўнічай гаспадарцы фотапаляванне. На сённяшні дзень найбольшай папулярнасцю яно карыстаецца ў нашых суседзяў-палякаў, аднак і нашы суайчыннікі пачалі праяўляць інтарэс да гэтага захапляючага занятку. Каб толькі зірнуць на рэдкіх птушак, зафатаграфаваць іх, людзі гатовыя ехаць здалёку. А спадарожна пакарыстацца паслугамі паляўнічай гаспадаркі. Напрыклад, камфартабельнай паляўнічай базай, якую мясцовыя працаўнікі ўзвялі ў пасёлку Чырвонае.


А яшчэ адным важным аб’ектам для прыцягнення гасцей у гаспадарку сталі рыбалоўныя ўгоддзі, узятыя лясгасам у арэнду. У водах затопленых торфараспрацовак водзяцца карп, карась, шчупак, белы амур, лінь, плотка. Галоўнае – каб гасцям спадабалася і кожны з іх захацеў прыехаць сюды.


З некаторага часу ў гаспадарцы атрымаў развіццё і новы накірунак — экалагічны турызм. І сакрэт тут просты: мясцовыя ўгоддзі прыцягваюць наведвальнікаў сваёй некранутай прыгажосцю. А багатая прырода і гісторыя леглі ў аснову нядаўна распрацаванага згодна з праграмай развіцця турызму на Палессі экалагічнага маршрута “Жамчужыны Жыткавіцкага краю”. Аўтамабільны маршрут працягласцю болей 30 кіламетраў пачынаецца каля паляўнічай базы, праходзіць цераз вёску Ляхавічы, дзе быў размешчаны штаб легендарнага камандзіра атрада, а пазней 1-й Украінскай партызанскай дывізіі, двойчы Героя Савецкага Саюза Сідара Каўпака. Далей па маршруту турысты змогуць пазнаёміцца з пракаветным цар-дубам, які абдымае ўсіх жадаючых сваімі рукамі, даруючы мудрасць і сілу. Шлях пралягае па ўрочышчах, багатых птушкамі, на ім будуць сцяжыны кабаноў, вышкі для назірання за дзікімі звярамі, бабровыя хаткі. У час аднаго са шматлікіх прыпынкаў можна будзе агледзець вузкакалейную чыгуначную дугу, па якой перамяшчаюцца вагончыкі з торфам. Далей маршрут пройдзе цераз гідралагічны заказнік “Булеў мох” – заросшае чаротам дзікае балота вывядзе да возера, дзе наведвальнікаў чакаюць лодачныя экскурсіі. А заканчваецца ён ля знакамітага возера Чырвонае, на ільду якога ў 1943 годзе быў абсталяваны партызанскі аэрадром, а на мясцовым востраве, згодна з легендамі, некалі стаяў замак і згінуў пад вадой.


Так што экалагічны турызм у лясгасе – вельмі перспектыўны накірунак. Ён будзе прывабліваць безліч турыстаў як з Беларусі, так і з-за мяжы. Да таго ж, акрамя гэтага, садзейнічаць экалагічнай адукацыі школьнікаў, мясцовых жыхароў. А чым больш людзі будуць ведаць пра прыроду і гісторыю роднага краю, тым лепей яны захаваюць гэта для нашчадкаў.


С. ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.