Святочныя падарункі

У гэтыя студзеньскія дні дэпутаты раёна зрабілі ўсё магчымае, каб падарыць святочны настрой і дзецям з абмежаванымі магчымасцямі фізічнага развіцця. На жаль, па прычыне свайго слабога здароўя не ўсе яны змаглі наведаць дабрачынныя навагоднія ёлкі, што ладзіліся ў раёне. Таму Дзядуля Мароз і Снягурачка завіталі да такіх рабят з падарункамі прама дадому.


Сям’я Пракапенка, якая пражывае ў мікрараёне Жыткавічы-1, візіту старшыні райсавета Ніны Рамановіч, дэпутата раённага Савета Ганны Лой, якія зайшлі ў кватэру з Дзедам Марозам і Снягурачкай, проста здзівілася. Гэты прыход для шматдзетнай сям’і стаў проста нечаканым. Госці адразу павіншавалі маці са святамі, а потым папрасілі паклікаць яе сына Данілу.


— Гэта ж вы прыйшлі павіншаваць нас, — толькі і прамовіла разгублена жанчына. — Сынок, Данік, падыдзі да гасцей.


Хлопчык доўга сябе не прымусіў чакаць, хуценька выбег з другога пакоя, дзе толькі што гуляў.


— З Новым годам цябе, Данілка! Шчасця! — урачыста вымавіў Дзед Мароз. — А вось гэта табе падарунак, цукеркі, і працягнуў хлопчыку пакунак.


— Гэта нашы дэпутаты і кіраўнікі раёна пастараліся, — дадала Ніна Мікалаеўна, — каб і ў вашых дзяцей былі радаснымі святы.


Радасцю свяціліся вочы маці і Данілкі ад такой увагі. Ён з ахвотай пагадзіўся сфатаграфавацца з гасцямі, а пасля вельмі шчыра дзякаваў за віншаванне.


Радасцю ў сёлетнія навагоднія святы дэпутаты раёна напоўнілі сэрцы больш за паўтары сотні рабят з абмежаванымі магчымасцямі фізічнага развіцця, якія пражываюць у нашым раёне. Ды і не толькі іх. Менавіта па ініцыятыве народных абраннікаў быў куплены 171 навагодні падарунак, якія ўручылі рабятам. І гэта становіцца ўжо добрай традыцыяй, бо падарыць радасць дзецям – гэта вялікае шчасце для кожнага дарослага.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.