Талент з крыніц народных

Шматлікімі прыгожымі песнямі, вясёлымі дасціпнымі жартамі ды цудоўнай музыкай днямі ў Грабаўскім сельскім Доме традыцыйнай культуры віталі з юбілеем кіраўніка гэтай установы Івана Малькевіча. Святочны ж настрой гэтаму чалавеку пастараліся стварыць родныя і блізкія Івана Іванавіча, аднавяскоўцы, якіх прыйшло нямала на вечарыну, а таксама калегі, самадзейныя артысты народнага фальклорнага ансамбля “Стрэчанне”, народнага ансамбля народнай песні “Сваты” раённага цэнтра фальклору. Дарэчы, апошні і стаў арганізатарам вечарыны ў гонар рупліўцы культуры, прапагандыста народных традыцый і народнай песні.


Ганне Лой, дырэктару раённага цэнтра фальклору не патрэбна было выдумляць нейкіх узнёслых радкоў і слоў, каб прадставіць публіцы юбіляра.


— Колькі я памятаю, столькі Іван Іванавіч спявае, — урачыста абвясціла прысутным Ганна Пятроўна. – Яго голас заўсёды нясе са сцэны людям мастацкае хараство народнай песеннай спадчыны. Кожная песня ў яго выкананні – гэта часцінка памяці нашых матуль і бабуль, душы народа, бясцэннага яго скарбу і святыні. І гэты чалавек заслугоўвае самых шчырых слоў удзячнасці за сваю працу.


Пасля гэтых слоў пад гучныя апладысменты гледачоў Ганна Пятроўна запрашае на сцэну віноўніка ўрачыстасці Івана Іванавіча.


З самага дзяцінства Івана Малькевіча цягнула да народнай песні. Сям’я ў іх была вельмі песенная. Бацька, маці, дзядуля — ўсе любілі спяваць, таму і гучала песня ў іх заўсёды: за працай і падчас адпачынку, а пра святы і казаць няма чаго. Маленькага Івана вельмі цікавіла, як гэта ў дарослых так хораша атрымліваецца выводзіць песенныя куплеты на два, а то і на тры лады. Прыслухоўваўся, пераймаў, вучыўся. Калі нешта не атрымоўвалася пытаўся, але моцна, навечна душа хлопца зжылася з тымі роднымі напевамі. І іх Іван Іванавіч стараецца данесці іншым людзям. Вось і на вечарыне па просьбе вядучай і гледачоў ён выканаў прыгожы песенны нумар, які, зразумела, быў сустрэты дружнымі апладысментамі.


Прыступка за прыступкай ішоў ён па сваім жыццёвым шляху. Была вучоба ў Мазырскім педагагічным інстытуце, пасля якой ён уладкоўваецца на працу ў мясцовую школу. Дваццаць два гады аддадзена настаўніцкай працы, сваім вучням. Але незважаючы на тое, што на ўсё бракавала часу, знаходзіў яго для свайго любімага занятку – спеваў. Аж кіпела пазакласнае жыццё ў сценах школы: ладзіліся канцэрты, ставіліся тэатралізаваныя пастаноўкі народных абрадаў, праводзіліся іншыя мерапрыемствы. І самым актыўным удзельнікам гэтых святаў быў настаўнік Іван Малькевіч.


Са школьным перыядам працы ў Івана Іванавіча звязаны яшчэ адзін прыемны ўспамін. Ён, яго жонка Марыя Мікалаеўна, бацька, маці і сваякі выступалі на першым Рэспубліканскім фестывалі сямейнай творчасці ў горадзе Слоніме, дзе сталі дыпламантамі. І гэта не адзіная высокая адзнака выканальніцкаму майстэрству Малькевічаў.


І зноў пад дружныя воплескі гасцей і аднавяскоўцаў Іван Іванавіч разам са сваёй жонкай Марыяй Мікалаеўнай выконваюць дуэтам песню. З якім пачуццём яны гэта робяць, так і свецяцца твары ад радасці, якую падчас канцэртнага нумара яны выпраменьваюць на прысутных у зале. І гэты чароўны, незвычайны спеў хочацца слухаць і слухаць. Творчая аснова ў сямейным саюзе Малькевічаў стаіць не на апошнім месцы ў іх сумесным жыцці. Можа гэта і дапамагае ім жыць душа ў душу многія гады. А ў творчых людзей заўсёды шмат энергіі і выдумак.


У 2004 годзе Івана Малькевіча запрашаюць на пасаду кіраўніка мясцовага клуба. І не памыліліся ў аддзеле культуры. За параўнальна кароткі час Іван Іванавіч добра наладзіў справу ў даверанай яму ўстанове, а самае галоўнае здолеў згуртаваць вакол сябе такіх жа аматараў народнай творчасці. І загучалі песні ў выкананні гурта “Стрэчанне” не толькі са сцэны мясцовага клуба, але і ў іншых населеных пунктах раёна і па за яго межамі. Пад кіраўніцтвам Малькевіча фальклорнаму калектыву “Стрэчанне” прысвойваецца ганаровае званне “народны”. Колькі за гэтыя гады было розных гастроляў, выступленняў на творчых фестывалях і конкурсах, а таксама святах. Высокую адзнаку атрымлівае калектыў на фестывалі “Гэты дзіўны спеў” на прыз прафесара, кіраўніка Дзяржаўнага хору Рэспублікі Беларусь М.П.Дрынеўскага. Разам спяваючы артысты калектыва аб’ядналіся ў вялікую сяброўскую сям’ю, якая на юбілейнай вечарыне Івана Іванавіча парадавала яго цудоўным выкананнем песні. Дарэчы, і іншыя сябры і калегі радавалі юбіляра не толькі падарункамі, але і канцэртнымі нумарамі.


Далейшы рэй на ўрачыстасці павялі артысты народнага ансамбля народнай песні “Сваты”, якія парадавалі Івана Малькевіча выкананнем мноства народных песень. А што можа быць лепшым падарункам для чалавека, які ўсё сваё жыццё прысвяціў зберажэнню і папулярызацыі народнай творчасці. Іван Іванавіч не толькі выдатны спявак, але і цудоўны танцор, бо ўмее станчыць немалую колькасць старадаўніх танцаў. Пастараліся для юбіляра і члены аматарскага клуба ігры на гармоніку Васіль Каралец, Аляксандр Варановіч, Мікалай Аліфяровіч, Аляксандр Міхалковіч, якія прайгралі ў розных варыяцыях польку.


Вось такой шыкоўнай выдалася вечарына ў Грабаўскай установе культуры, ад якой сагрэлася сэрца не толькі юбіляра, але і ўсіх, хто прыйшоў у сельскі клуб. Бо ўсё там ішло ад душы, шчыра і з дабрынёй. Бо такі сам па жыцці Іван Іванавіч Малькевіч.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.