Мужчыны могуць многае

Чарговы конкурс “А-ну, хлопцы” паміж камандамі юнакоў навучальных устаноў горада прайшоў у бескампраміснай барацьбе. Пацвярджэнне таму — на некалькі хвілін прыйшлося адлажыць нават цырымонію ўзнагароджвання пераможцаў, бо, каб вызначыць трэцяга прызёра, спатрэбіўся дадатковы тур паміж капітанамі каманд сярэдніх школ №2 и №3. Толькі гэта і дапамагло расставіць усе кропкі над “і” ў сёлетнім юнацкім саперніцтве.


У зале гарадскога цэнтра культуры быў поўны аншлаг. Бурнымі авацыямі і дружнымі апладысментамі гледачы рэагавалі на дзею, што адбывалася на сцэне. Там сапраўды праходзіла зацятае змаганне, у якім прымалі ўдзел шэсць каманд з сярэдніх школ райцэнтра № 1, 2, 3, 4, гарадской гімназіі і ДПТВ-182. І кожная з іх марыла аб перамозе, аб чым і засведчыў першы конкурс “Візітоўка” сярод старшакласнікаў. Падчас яго рабяты не толькі прадстаўлялі свае каманды і навучальныя ўстановы, але і выказвалі свае адносіны да службы ў арміі, здаровага ладу жыцця, патрыятычнага выхавання. Падчас выступленняў віталіся не толькі тэматычная адпаведнасць, але выдумка і імправізацыя, якіх было нямала ў паказаных камандамі нумарах. Юнакі спявалі песні, выразна чыталі вершы, жартавалі. У цэлым атрымалася даволі прыстойна, аб чым і засведчылі адзнакі журы. Яны ў каманд пасля першага выступлення былі практычна аднолькавымі.


Падчас другога конкурса хлопцы дэманстравалі свае навыкі па страявой падрыхтоўцы. Маршыравалі па сцэне страявым шагам, перастройваліся ў калоны па два і тры, рабілі павароты направа і налева, кругом. Скажам, што выкладчыкі школ пастараліся навучыць такой нялёгкай салдацкай навуцы рабят. Таму большасць каманд выканала гэтыя практыкаванні даволі вынікова.


Авацыямі сустрэлі гледачы і абвешчаныя вынікі па стральбе, саперніцтва ў якой адбылося напярэдадні асноўнага мерапрыемства.


Бадай, самым прыгожым і элегантным у саперніцтве стаў конкурс капітанаў, якія танчылі са сваімі партнёршамі вальс. Ад кожнага такога выступлення гледачы атрымлівалі сапраўдную асалоду.


Хуткім па часе быў конкурс па набіванню патронамі аўтаматнага магазіна. Некалькі дзясяткаў секунд патрабавалася прадстаўнікам каманд, каб выканаць гэтае армейскае практыкаванне. У напружанні ўсіх трымала спартыўная камбінаваная эстафета. Тут хлопцы спаборнічалі ў падняцці гіры, скоках на скакалцы, скачках у даўжыню з месца. Паказаныя вынікі сведчылі, што юнакі маюць нядрэнную фізічную падрыхтоўку.


Закончылася саперніцтва творчым музычным конкурсам. Тут ўдзельнікі таксама паказалі, на што яны здольныя. Не толькі парадавалі гледачоў добрымі спевамі, але і ўсіх павесялілі жартоўнымі імпрэзамі пра армію. Тым самым заслужылі высокія адзнакі членаў журы. Работы апошнім, як адзначалася, хапіла. Толькі дзякуючы дадатковаму конкурсу ўдалося размеркаваць месцы паміж камандамі. Так, па выніках мерапрыемства яго пераможцам стала каманда з сярэдняй школы №4 райцэнтра. Другое месца — у каманды гарадской гімназіі. А трэцімі сталі па дадатковым паказчыку юнакі з СШ №2 горада. Чацвёртае месца прысуджана камандзе СШ №3, пятае – камандзе ДПТВ-182, і шостае – рабятам з СШ №1 райцэнтра.


Канечне, гэтае спаборніцтва, як і іншыя, некаму прынесла радасць, а некаму і расчараванне. Але, як падкрэсліў начальнік аддзялення прызыву Жыткавіцкага райваенкамата, старшыня журы Алег Брэеў, радуе, што конкурс стаў папулярным у асяроддзі моладзі, што выступленні каманд становяцца з кожным разам усё больш дасканалымі. Варта сказаць, што ўрачыстасць мерапрыемству надалі і мастацкія нумары, якія падрыхтавалі для хлопцаў дзяўчаты. Таму свята для мужчын атрымалася. А юнакі даказалі, што яны могуць многае.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.