Не адкідваць руку дапамогі

Крыху больш года прайшло, як пачалі сваю дзейнасць назіральныя камісіі. Час паказаў, што гэтыя фарміраванні ўжо ўнеслі свой станоўчы ўклад у работу са шматдзетнымі сем’ямі і сем’ямі так званай групы рызыкі. У чым удалося пераканацца, паназіраўшы за работай гарадской назіральнай камісіі №1.


Участак дзейнасці гэтай камісіі даволі шырокі, уключае ў сябе мікрараён Азёрны і прылягаючыя да яго вуліцы і новыя дамы. Таму арганізоўваецца камісія на працу вельмі хутка. Пад кіраўніцтвам майстра ўчастка КУП “Жыткавіцкі камунальнік” Таццяны Гарыст у месцы агульнага збору, фае СШ №3, яе члены звяраюць маршрут сваёй работы. У апошні раз камісіяй было запланавана наведаць кватэры шматдзетных сем’яў. І вось прадстаўнікі розных службаў: тэрытарыяльнага цэнтра, адукацыі, аддзела па надзвычайных сітуацыях кіруюцца па першаму адрасу. У кватэры адной са шматпавярховак мікрараёна, куды завітала назіральная камісія, пражывае сям’я работніцы адной з будаўнічых арганізацый раёна. Раней гэтая сям’я адрознівалася не надта ўзорнымі паводзінамі, таму і наладжаны за ёю кантроль рознымі службамі. Толькі цяпер стала на шлях выпраўлення. Муж зусім нядаўна ўладкаваўся на пастаяннае месца працы. Пэўныя цяжкасці з занятасцю мае зараз жонка — засталася часова без працы, бо ў арганізацыі не маецца работы па яе спецыяльнасці. А жыць жа патрэбна: плаціць за жыллё, карміць і апранаць дзяцей, якіх у сям’і двое. Відавочна, дапамога патрэбна. Магчыма, жанчыне ў такі няпросты перыяд варта звярнуцца ў органы сацыяльнага забеспячэння за адраснай сацыяльнай дапамогай ці каб паспрыялі працаўладкаванню. Бо даўгі за кватэру растуць, нібы снежны камяк, а гэта пагражае адключэннем камунальных паслуг. Гаспадыня запэўніла, што яны зараз збіраюць неабходныя даведкі, а за жыллё расплочвацца будуць, як толькі муж атрымае заробак.


Яшчэ адно пытанне, на якое была звернута ўвага маці, – дрэнныя паводзіны ў школе і недастатковая падрыхтоўка да заняткаў сына. Таму адно з патрабаванняў камісіі, каб маці больш увагі надавала выхаванню дзяцей. Яшчэ адна кватэра, дзе таксама пражывае нядобранадзейная сям’я. Маці не працуе. Толькі пад націскам членаў камісіі яе ўдалося прымусіць зрабіць рамонт у кватэры, абсталяваць месца для дзіцяці. Цяпер праводзіцца работа, каб паставіць яе на ўлік у службу занятасці, знайсці жанчыне пастаяннае месца працы. Гэтыя захады прыкладваюцца, каб, нарэшце, вывесці гэтую сям’ю з так званай катэгорыі сацыяльна небяспечных.


Асабліва насцярожваюць факты, звязаныя з недастатковай работай гаспадароў па забеспячэнні ў сваіх дамах належнага супрацьпажарнага стану, якія выяўляюцца назіральнай камісіяй пастаянна. Вось і падчас апошняга рэйду такіх было безліч. Асноўныя з іх – адсутнасць пажарных апавяшчальнікаў у кватэрах шматдзетных сямей. Да гонару дзяржавы, яна пастаралася стварыць для іх прымальныя ўмовы пражывання. Усе сем’і з дапамогай дзяржавы пабудавалі новыя кватэры, зрабілі там рамонты, абставілі пакоі мэбляй. А вось пра бяспеку сваю і сваіх дзяцей бацькі не паклапаціліся. Камусьці з навасёлаў не выдаў супрацьпажарныя апавяшчальнікі старшыня кааператыва. А тым, каму іх выдалі, забыліся проста ўстанавіць. Таму членам камісіі ў чарговы раз прыйшлося зрабіць напамінак пра стварэнне бяспечных умоў пражывання.


Падчас работы наведана назіральнай камісіяй з дзясятак кватэр. У кожнай з іх пражываюць дзеці, пра бяспеку якіх дзяржава цяпер праяўляе вялікі клопат. Працуюць розныя структуры над гэтым як паасобку, так і сумесна. Дзейнасць назіральнай камісіі таму пацвярджэнне. Як вядома, чарговае папярэджванне лішнім ніколі не бывае. І ў значнай ступені яно можа стаць выратавальным кругам, бо не дапусціць надзвычайную сітуацыю. І вельмі крыўдна, што многія дарослыя адкідваюць гэтую руку дапамогі, як нейкую непатрэбшчыну. Выяўляецца гэта ў простым невыкананні тых прадпісанняў, нежаданне пускаць членаў камісіі на парог свайго жылля. Каб пасля не шкадавалі аб такім сваім ганебным учынку…


Сяргей МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.