“Хачу быць здаровым!”

Турнір на прызы “СБ” стаў ужо традыцыйнай акцыяй у нашай краіне. У суботу прайшоў яе першы этап. Актыўны ўдзел у ім прынялі і прадстаўнікі нашага раёна – навучэнцы больш чым дзясятка школ Жыткаўшчыны. А гэта больш шасцідзесяці дзяўчынак і хлопчыкаў розных узроставых груп.
Менавіта удзелам у спаборніцтвах па лёгкаатлетычнаму кросу яны сустракалі Сусветны дзень здароўя. З ім на агульным пастраенні каманд рабят і іх трэнераў павіншаваў начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Уладзімір Саўчыц. Пажадаў Уладзімір Іванавіч рабятам таксама пераможных стартаў. Хаця пры такіх складаных пагодных умовах бегунам варта было добра пастарацца, каб забяспечыць сабе добры вынік.
Кожны забег вызначаўся непрадказальнасцю і напалам саперніцтва. Ва ўсіх рабят было вельмі моцным жаданне перамагчы. Сапернічалі ж яны ў залежнасці ад узросту на дыстанцыі адзін, два і тры кіламетры. Гэта так падаецца, што дыстанцыя даволі значная, але ўсё на ёй праходзіць вельмі хутка. І пяці хвілін не мінае, як, напрыклад, хлопчыкі і дзяўчаткі пераадольваюць кіламетр, крыху больш патрабуецца часу для даўжэйшых дыстанцый. Вынікамі ж арганізатары спаборніцтваў былі задаволены, хаця і ўмовы для рэкордаў былі не самыя спрыяльныя.
Пасля кожнага старту суддзі спаборніцтваў уважліва заносілі дасягненні спартсменаў у пратаколы, па якіх і вызначаліся пераможцы саперніцтва. Так, сярод дзяўчат 1999-2000 гадоў нараджэння лепшай бягунняй стала Вера Ярмош з сярэдняй школы нумар тры райцэнтра. У групе спартсменаў-дзяўчат 1997-1998 гадоў нараджэння самай хуткай была Святлана Мурашка з Азяранскай навучальнай установы. Алеся Цырыбка святкавала перамогу ў забегу дзяўчат 1994-1996 гадоў нараджэння. У забегах хлапчукоў пераможцамі ў сваіх падгрупах сталі Аляксандр Купрацэвіч са школы аграгарадка Дуброва (1999-2000 гады нараджэння), Дзмітрый Дудзіч з другой гарадской школы райцэнтра (1997-1998 гады нараджэння), Павел Чарнушэвіч з ДПТВ-182, Сяргей Краўчэня з СШ №2 г.Жыткавічы (1994-1996 гады нараджэння), (самая старэйшая ўзроставая група).
Усе пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы ад рэдакцыі газеты “СБ”. Іх на цырымоніі закрыцця ўручыў рабятам Уладзімір Саўчыц, які таксама адзначыў, што хлопцы і дзяўчаты, якія занялі першыя месцы, выступяць у хуткім часе на абласным этапе гэтых спаборніцтваў. І, каб мець там поспех, патрэбна яшчэ больш настойліва трэніравацца.
Свой уклад у правядзенне спаборніцтваў па кросу ўнесла і рэдакцыя раённай газеты, ад якой таксама некаторым рабятам былі ўручаны заахвочвальныя прызы. Гэта падтрымка, хай і не такая важкая, тым рабятам, якія актыўна займаюцца спортам, а таксама вядуць здаровы лад жыцця. І за такімі — будучыня нашай краіны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.