Абавязваюць гонар і памяць

У мінулыя выхадныя яшчэ дзвюм навучальным установам райцэнтра прысвоена імя выбітных настаўнікаў-жыткаўчан. Цяпер сярэдняя школа №1 Жыткавіч носіць імя заслужанага настаўніка рэспублікі Рыгора Тураўца, а гарадская гімназія – заслужанага настаўніка рэспублікі Аляксандра Ліхоты. Урачыстасці з гэтай нагоды прайшлі падчас традыцыйнай сустрэчы выпускнікоў гарадскіх школ 1945-50 гадоў нараджэння, якая прайшла сёлета ўжо ў трынаццаты раз.

Радаснымі ўсмешкамі, прывітальнымі воклічамі, моцнымі, цёплымі абдымкамі былі напоўнены першыя імгненні сустрэчы на цэнтральнай плошчы райцэнтра, дзе збіраліся выпускнікі. Размовам не было канца, бо многія з іх не бачыліся год з часу апошняй сустрэчы і нават болей. І кожнаму так хацелася як мага болей даведацца пра сваіх былых аднакласнікаў, як склаўся іх лёс, чаго дасягнулі ў жыцці. Увогуле, для блізкіх па духу людзей заўсёды знойдуцца тэмы для шчырай гутаркі. І ўсе карысталіся такой нагодай. Варта сказаць, што выпускнікі райцэнтра пасляваеннага пакалення збіраюцца на свае сустрэчы не толькі дзеля гэтага, а яшчэ каб зрабіць для горада нейкую карысную справу. Дзякуючы гэтаму ў Жыткавічах з’явіўся сквер, адкрыты мемарыяльныя дошкі педагогам – удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і настаўніку Аляксандру Галавачу, імя якога прысвоена другой гарадской школе. Па словах старшыні аргкамітэта Міхаіла Хільмана, увекавечваючы памяць нашых педагогаў, мы тым самым аддаем даніну павагі савецкай сістэме сярэдняй адукацыі.
— Менавіта дзякуючы ёй, настаўнікам, якія вучылі нас, бацькам, многія з нас здолелі дабіцца высокіх вяршынь у жыцці, — расказвае Міхаіл Фёдаравіч. — Педагогі давалі нам трывалыя і грунтоўныя веды, якія дазвалялі паступаць без усялякіх праблем у самыя прэстыжныя вышэйшыя навучальныя ўстановы Масквы, Ленінграда, Мінска і іншых гарадоў. Таму і ўзнікла такая ініцыятыва ў выпускнікоў 1945-50 гадоў нараджэння, каб падчас сваіх сустрэч ушаноўваць памяць аб лепшых педагогах горада. І гэта важна не толькі для нас, але і цяперашніх вучняў, бо імёны настаўнікаў, якія мы ўвекавечваем на мемарыяльных дошках, у назвах школ, будуць служыць сённяшняму пакаленню арыенцірам у жыцці. Заслужаныя педагогі – гэта прыклад сумленнасці, справядлівасці, служэння і адданасці сваёй радзіме і абранай прафесіі — усе гэтыя якасці яны годна пранеслі праз многія выпрабаванні і прывівалі сваім выхаванцам.
…З цэнтральнай плошчы выпускнікі пасляваеннага пакалення дружна рушылі да СШ №1 райцэнтра, дзе адбылося ўрачыстае мерапрыемства па ўвекавечванні памяці Рыгора Тураўца. Дружнымі апладысментамі прысутныя прывіталі ганаровых гасцей: начальнікаў аддзелаў адукацыі, ідэалогіі райвыканкама Аляксандра Емяльянава, Леаніда Валатоўскага, старшыню райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Пятра Кальцова, прадстаўнікоў аргкамітэта сустрэчы, выпускнікоў Міхаіла Хільмана і Міхаіла Зубко. Людзі, што сабраліся на школьным двары, уважліва слухалі ўзнёслыя вершаваныя радкі вядучых аб ролі настаўніка, важнасці яго працы для грамадства. Гэтая тэма была працягнута і ў выступленні начальніка ідэалагічнага аддзела райвыканкама Леаніда Валатоўскага, які адзначыў найлепшыя чалавечыя і прафесійныя якасці Рыгора Мікітавіча Тураўца, што доўгі час выкладаў матэматыку ў першай гарадской школе.
Не буду спыняцца яшчэ раз падрабязна на яго заслугах, бо напярэдадні на старонках раённай газеты аб гэтым чалавеку хораша расказаў Міхаіл Хільман. Дарэчы, надрукавала “раёнка” яго артыкул і пра Аляксандра Ліхоту, які сведчыць пра значную праведзеную даследчыцкую працу аўтара. Але і на мерапрыемстве шматлікім выступоўцам было што ўспомніць пра гэтых заслужаных людзей горада. Так, цяперашняя настаўніца матэматыкі СШ №1 райцэнтра Ганна Сарычава, якой яшчэ будучы студэнткай педагагічнай ВНУ падчас практыкі давялося прысутнічаць на ўроку Рыгора Мікітавіча, успомніла, наколькі той даступна і цікава тлумачыў складаны матэрыял сваім вучням. Таму і не дзіўна, што выхаванцы Тураўца любілі яго прадмет.
Са словамі падзякі за ўвекавечане памяці бацькі звярнулася да прысутных дачка Рыгора Мікітавіча Наталля. Яна шчыра дзякавала яго вучням за тое, што яны захоўваюць светлую памяць пра бацьку і гэтым мерапрыемствам яшчэ раз падкрэсліваюць сваю да яго павагу.
Пад апладысменты начальнік ідэалагічнага аддзела Леанід Валатоўскі, старшыня аргкамітэта Міхаіл Хільман і дачка Наталля Рыгораўна знялі з мемарыяльнай дошкі Р.М. Тураўцу пакрывала. І адразу ж ля мемарыяльнай дошкі з’явіліся букеты кветак, якія сюды прынеслі ўдзячныя вучні Рыгора Мікітавіча. Далей выпускнікі навучальных устаноў горада наведаліся ў школьны музей, які заснаваны ў гонар яшчэ аднаго знакамітага жыткаўчаніна, пісьменніка Мікалая Гамолкі, што некалі вучыўся тут. Цікавая экскурсія нікога не пакінула раўнадушным, гэта яшчэ раз падкрэсліла, наколькі багатая на розныя таленты наша зямля.
Мноствам шчымліва-хвалюючых момантаў было насычана і мерапрыемства, што адбылося ля гімназіі горада Жыткавічы. Тут прадстаўнікі пасляваеннага пакалення адкрылі мемарыяльную дошку ў памяць аб Аляксандру Ліхоце, чалавеку, які таксама пакінуў значны след на педагагічнай ніве Жыткаўшчыны. Як адзначыла на мітынгу былы старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі Марыя Рудэнка, шмат гадоў Аляксандр Аляксандравіч прысвяціў выхаванню дзяцей-сірот. Менавіта пад яго дбайным гаспадарскім наглядам пачалося і вялося будаўніцтва школы-інтэрната. Сам жа Ліхота быў вялікім прыхільнікам методыкі Макаранкі.
— З бацькоўскім пачуццём ён адносіўся не толькі да дзяцей, але і педагогаў, калі стаў загадчыкам аддзела адукацыі, — успамінала Марыя Філіпаўна. — Ён і ў маёй прафесійнай кар’еры адыграў значную ролю, шмат дапамагаў, пакуль набралася вопыту. Яго стаўленне да маладых спецыялістаў заўсёды было самым прыхільным, стараўся іх размяркоўваць па навучальных установах з такім разлікам, каб маладыя настаўнікі найхутчэй авалодвалі сакрэтамі педагагічнага майстэрства, станавіліся прафесіяналамі.
Шмат добрых слоў у адрас заслужанага калегі выказаў і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Аляксандр Емяльянаў, якому ў свой час давялося разам вучыцца ў педінстытуце з сынам Аляксандра Аляксандравіча.
Сваімі ўспамінамі пра заслужанага настаўніка падзялілася і яго ўнучка Алена, ад якой прысутныя пачулі толькі самыя шчырыя словы падзякі за памяць аб дзеду. А потым былі апладысменты, пад якія адкрылі мемарыяльную дошку, і гарадской гімназіі прысвоілі імя Аляксандра Ліхоты. І зноў жа мноства кветак з’явілася адразу, як толькі спала покрыва.
Наведванне музея гімназіі ў памяць аб земляках, воінах-інтэрнацыяналістах афганскай вайны, стала годным працягам мерапрыемства.
Нельга не адзначыць, што і ў другой гарадской школе арганізатары сустрэчы выпускнікоў пакінулі свой добры след. У навучальнай установе адкрыўся музейны куток, прысвечаны Аляксандру Галавачу.
— Справа па ўшанаванню памяці аб знакамітых педагогах Жыткавіч будзе намі працягнута, — зазначыў Міхаіл Хільман. — Ужо ў наступным годзе плануем стварыць музей народнай адукацыі раёна. Праца гэта вялікая, і да яе павінен падключыцца кожны жыткаўчанін. Толькі сумеснымі намаганнямі можна вырашыць такую вялікую задачу. А тое, што ў нас, выпускнікоў 1945-50 гадоў нараджэння, атрымалася зараз, сталася дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва раёна, непасрэдна старшыні райвыканкама Мікалая Какоры, аддзела адукацыі і прафсаюза яго работнікаў.
Пасля ўшанавання заслужаных настаўнікаў краіны, якіх, на жаль, ужо няма на свеце, мерапрыемствы зноў перамясціліся на цэнтральную плошчу. Тут для ўсіх удзельнікаў быў дадзены канцэрт артыстамі АРТ-групы «Беларусы». З гэтым цудоўным музычным падарункам для жыхароў горада пастараўся яшчэ адзін выбітны чалавек жыткавіцкага краю — Аляксандр Алпееў, таксама член аргкамітэта. Ужо не адзін год гэты чалавек аказвае ўплыў на духоўнае жыццё раёна. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца кнігі А. Алпеева, якія ён падараваў бібліятэкам.
Любіць сваю малую радзіму, людзей, якія жывуць у гэтай старонцы – гэтаму іх вучылі настаўнікі. Таму і не дзіўна, што выпускнікі пасляваеннага пакалення знаходзяць любую нагоду, каб наведацца ў свой край, бо да гэтага абавязваюць гонар і памяць.
Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.