Бацькоўская зямля – любімы край

Не адно свята арганізавалі і правялі ў сельскіх населеных пунктах раёна ўдзельнікі аўтаклуба аддзела культуры і яго ансамбля “Дабрачын”. Чарговая сустрэча гэтых энтузіястаў культурнай нівы нядаўна адбылася з жыхарамі населенага пункта Вялікія Сцяблевічы, дзе разам з жыхарамі адзначылі Дзень гэтай вёскі.

Багатая гісторыя Вялікіх Сцяблевіч культурнымі каштоўнасцямі. Хаця і няпросты быў шлях яе развіцця. Як сведчыць невялікі экскурс у мінулае, па звестках аб населеных пунктах Цэнтральнага статыстычнага камітэта ад 4 мая 1896 года адзначалася, што вёска Вялікія Сцяблевічы знаходзіцца на зямлі сялянскага таварыства Ленінскай воласці, Сцяблевіцкага сельскага таварыства, Мінскай губерні, Мазырскага павета. Дваровых месц 7, на якіх знаходзілася 17 дамоў і пражывалі 132 чалавекі. Змены прыйшлі ў Вялікія Сцяблевічы толькі пасля ўсталявання ў гэтых мясцінах савецкай улады. У 1947 годзе вёску наведаў народны беларускі пісьменнік і паэт Якуб Колас. Гэта быў памятны дзень для жыхароў. На цяперашні час іх у населеным пункце пражывае 90 чалавек. Практычна ўсе яны прыйшлі на вясковае свята.
Дружнымі апладысментамі віталі яны гасцей: старшыню Ленінскага сельсавета Васіля Нямчэню, свайго дэпутата Ленінскага Савета Івана Стахіевіча, намесніка начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Ігара Хацяновіча і іншых. Госці шчыра павіншавалі жыхароў вёскі з такім значымым для іх святам, а потым усе разам пад песню “Хлеб ды соль” частаваліся духмяным караваем, які быў спечаны працалюбівымі рукамі мясцовых хлебаробаў.
Чорнай датай для Вялікіх Сцяблевіч стаў дзень 22 чэрвеня 1941 года. Многа бед прынесла вайна вяскоўцам. Шмат хто не вярнуўся з іх дадому, баронячы сваю радзіму ад ворагаў. Таму ў гонар іх вельмі ўрачыста прагучала на свяце песня “Седина” ў выкананні артыстаў Ленінскага маладзёжнага цэнтра культуры.
Пасля вайны Вялікія Сцяблевічы адраджаліся. Тут будаваліся новыя дамы, ствараліся сем’і, нараджаліся дзеці. І зараз тут жывуць людзі з добрай душой і гарачым сэрцам, якія поўнасцю аддаюцца працы на зямлі. Сваім стараннем яны праславілі населены пункт. З такіх доўгажыхар вёскі Уладзімір Гатчэня, якому споўнілася 83 гады. У гонар людзей, якія ўзнаўлялі населены пункт, была выканана песня “Шыпшына”.
Належную пашану аказалі на свяце і шматдзетным маці Марыі Міхайлоўскай, якая вырасціла і выхавала дзевяцярых дзяцей, і Ульяне Кушнярэвіч (7 дзяцей). А падарункам для іх стала песня “Маці”.
Сучасная вёска Вялікія Сцяблевічы ўжо не такая шматлюдная, як была ў ранейшыя гады. Але, нягледзячы на праблемы, населены пункт жыве і працуе. Па ініцыятыве Ленінскага сельвыканкама і яго старшыні Васіля Нямчэні, вясковага дэпутата Івана Сачыловіча жыхары прыклалі шмат намаганняў, каб добраўпарадкаваць месца свайго жыхарства. На мерапрыемстве прывіталі самых дбайных гаспадароў Міхаіла Хацяновіча, Аляксандра Трафімовіча і Івана Кушнярэвіча. Дарэчы, варта адзначыць, што прысутныя на свяце прадстаўнікі вясковай улады былі вельмі актыўнымі, ва ўсім дапамагалі артыстам, стараліся, каб адпачынак землякоў атрымаўся змястоўным і запамінальным.
Сведчаннем таму стаў і ўдзел у свяце самадзейных артыстаў не толькі аўтаклуба, але, як гаварылася вышэй, Ленінскага маладзёжнага цэнтра культуры, Дзедаўскага сельскага клуба. Літаратурную выставу прадэманстравалі на свяце працаўнікі Грычынавіцкай бібліятэкі. Свой унёсак у стварэнне добрага настрою для вяскоўцаў зрабіла і прадпрымальніца Жанна Ярмош, работнікі аддзела культуры, а таксама мясцовы ўчастковы Аляксандр Агіевіч, які пільна сачыў за парадкам. Таму і не дзіўна, што ўсё прайшло, так бы мовіць, без сучка і задзірынкі. А самым пашыраным выказваннем напрыканцы мерапрыемства было выслоўе: “Дзякуем за свята. Да новых сустрэч”. А яны абавязкова будуць, таму вёску чакае яшчэ не адно імгненне радасці і весялосці.
Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.