“Стрэчанне” – заўсёды добры настрой

Назва народнага самадзейнага мастацкага калектыва Грабаўскага сельскага дома народнай творчасці “Стрэчанне”. Па-рознаму можна тлумачыць яе сэнс. Але, здаецца, найгалоўнейшае закладзена ў ім: вясковыя артысты пастаянна гатовы падараваць сваім прыхільнікам незабыўную сустрэчу з народнай песняй, той, якую спявалі яшчэ іх бабулі і прабабулі.

Як танцуюць і спяваюць ў Грабава, давялося бачыць не аднойчы. Але самае першае ўражанне ад артыстаў гэтай вёскі сфарміравалася на адным з раённых фестываляў. Было гэта некалькі гадоў назад. Але і дагэтуль прыходзіць на памяць сцэна гарадскога цэнтра культуры, на якой тады кіраўнік ансамбля Іван Малькевіч і яго жонка Марыя, таксама яго ўдзельніца, задорна круціліся ў віхуры беларускіх полькі, лявоніхі, падыспані, зарэчанькі і іншых танцаў. Праз некалькі месяцаў адбылося ўжо непасрэднае знаёмства з грабаўскімі артыстамі. Іван Іванавіч прымаў нас, карэспандэнтаў раёнкі, у сваім доме. Хаця ў хаце ён знаходзіўся адзін, жонка была на працы, але гасціннасць праявіў зайздросную: і чаем напаіў, і выпечанымі ўласнаручна прысмакамі пачаставаў. А потым, калі прыйшла жонка, разам яшчэ парадавалі і добрай песняй. Аказалася, што малькевічы не толькі добрыя танцоры, але і спевакі. Так хораша, задушэўна на два голасы спявалі Іван ды Мар’я. На жаль, не запомнілася з-за даўнасці часу тая песня, але дакладна, што была яна вельмі старадаўняй. Варта сказаць, што Іван Іванавіч яшчэ з самага дзяцінства стараўся спасцігнуць майстэрства спяваць на два, на тры голасы. Яго, хлапчука, вельмі здзіўляла, як гэта хораша атрымліваецца так спяваць у дарослых. У сям’і Малькевічаў спявалі і дзядуля, і бацька, і маці, і іх родзічы.
Менавіта з народнага куфэрка фарміруецца песенны рэпертуар народнага ансамбля “Стрэчанне”. Адкуль жа чэрпаць самадзейным артыстам натхненне, калі не з крыніц народных. Да таго ж, калі ты выхадзец са спеўнай сям’і. Менавіта з такіх Іван Іванавіч і Марыя Мікалаеўна. Дарэчы, жанчына ведае больш за дзве сотні розных песен, большасць з якіх тыя, што бытуюць ў іх мясцовасці.
Вось такі творчы сямейны тандэм і кіруе на цяперашні час ансамблем “Стрэчанне”. Менавіта пры Івану Малькевічу калектыў загучаў на поўны голас. Сабраў Іван Іванавіч аднадумцаў, такіх жа як сам, улюбёных у народную песню, таленавітых і шчырых сяброў народнай творчасці. Па вечарах, парабіўшы ўсе хатнія справы, спяшаюцца яны ў вясковы клуб на рэпетыцыі, каб яшчэ больш адшліфаваць сваё выканальніцкае майстэрства, або развучыць чарговую старадаўнюю песню. Нялёгкая гэта справа. Каб перадаць усе шматгранныя адценні песеннай спадчыны сваіх продкаў, ні раз і ні два, а з дзесятак і болей патрэбна праспяваць. Але гэта артыстам з Грабава ўдаецца вельмі добра, бо працуюць яны вельмі старанна і самааддана. Недарэмна ж іх калектыву прысвоена ганаровае званне “народны”. І яго самадзейны ансамбль стараецца апраўдваць. Тут шлях толькі адзін: каб званчэй і прыгажэй гучалі народныя песні, каб радаваліся ім землякі і жыхары іншых населеных пунктаў. У “Стрэчання” даволі шчыльны гастрольны графік. Па некалькі разоў на месяц яны выступаюць па-за межамі раёна. Частыя госці грабаўскія артысты і на розных святах у нашым раёне. Але за асаблівы гонар лічаць выступіць перад сваімі аднавяскоўцамі. Менавіта апошнія з’яўляюцца першымі і самымі строгімі экзаменатарамі новых канцэртных праграм калектыва. Таму ў Грабава вельмі любяць сваіх самадзейных артыстаў. Падчас іх выступлення ў зале мясцовай установы культуры заўсёды поўны аншлаг. Бо спяваюць удзельнікі “Стрэчання” пра сваё роднае і блізкае, тое, што прыжылося тут стагоддзямі. І гэтую спадчыну нясе ўжо многія дзесяткі гадоў народны ансамбль “Стрэчанне” з невялікай вёсачкі Грабава.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.