Цяпло сяброўскай сустрэчы

У Дзень пажылых людзей у малой зале раённага цэнтра культуры адбыўся справаздачны сход пярвічнай ветэранскай арганізацыі работнікаў культуры. Людзі, што пайшлі на заслужаны адпачынак, добра ведаюць адзін другога, таму сустрэча была цёплай, таварыскай.
Быў выбраны прэзідыум. На парадку дня стаялі такія пытанні як справаздача старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі, аб плане работы на 2013 год і святочная частка з нагоды Дня пажылых людзей.
Са справаздачай перад прысутнымі (на сход былі запрошаны ветэраны працы, спецыялісты аддзела культуры, кіраўнікі структурных падраздзяленняў) выступіла старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі работнікаў культуры Вера Акунец. Яна расказала аб асноўных накірунках дзейнасці ветэранскай арганізацыі, аб праведзенай за справаздачны перыяд рабоце.
У спрэчках па дакладу выступілі Людміла Субоцкая, Раіса Комар, Алена Астапчык, якія далі здавальняючую адзнаку рабоце ветэранскай арганізацыі, са станоўчага боку адзначылі мэтанакіраваную, энергічную, жывую работу з людзьмі яе лідара Веры Акунец.
Сваімі думкамі, пажаданнямі з прысутнымі падзяліліся галоўны спецыяліст аддзела культуры Таццяна Гатчэня і дырэктар цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Людміла Кронда.
У сваім выступленні Вера Акунец адзначыла, што савет пярвічнай арганізацыі ў рабоце кіруецца статутам Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, праяўляе пастаянны клопат аб ветэранах, у першую чаргу аб адзінокіх і хворых, садзейнічае паляпшэнню жыллёвых і бытавых умоў пажылых людзей, прымае ўдзел у арганізацыі і правядзенні святочных мерапрыемстваў, падтрымлівае пастаянную сувязь з моладдзю, клапоціцца аб чысціні і парадку на вуліцах і ў дварах і г.д. Вера Васільеўна пажадала ўсім членам ветэранскай арганізацыі моцнага здароўя на доўгія гады і надалей заставацца маладымі душой і сэрцам.
А затым настрой прысутных яшчэ болей узняў сваімі песнямі гурт “Дабрачын” аўтаклуба аддзела культуры.
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.