Год станоўчых перамен

Лістапад – месяц, калі аграрыі рэспублікі адзначаюць сваё прафесійнае свята. Да гэтага часу ўжо практычна ўсе работы ў сельгаспрадпрыемствах завяршаюцца. Напярэдадні свята вынікі работы аграрнай галіны раёна карэспандэнт раёнкі папрасіў падвесці першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарчу Аляксандра Наўныку.

— Сёння плён любой дзейнасці ацэньваецца па фінансаваму выніку. Ці ёсць у аграрыяў Жыткаўшчыны ў гэтым плане станоўчыя пазіцыі?
— Гэта так, бо ад стабільнага фінансавага становішча залежаць і заробкі, і далейшае развіццё вытворчасці, і дабрабыт работнікаў.За 10 месяцаў бягучага года выраблена прадукцыі сельскай гаспадаркі ў грамадскім сектары на166,4 мільярда рублёў. Тэмп росту валавай прадукцыі па ўсіх катэгорыях гаспадарак вырас на 5,6 працэнта пры даведзеным заданні 4-5 працэнтаў. У грамадскім сектары тэмп росту вытворчасці валавай прадукцыі да мінулагодняга перыяду вырас на 6,5 працэнта. Да канца года плануецца дасягнуць васьміпрацэнтнага прыросту ў грамадскім сектары. Выручка вырасла ў 2,9 раза. Атрымана прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг на 25903 мільёна рублёў (2011 год — 4547 мільёнаў рублёў) з рэнтабельнасцю 23 працэнты. Летась — 10,5. Усе гаспадаркі маюць станоўчы фінансавы вынік. Чыстага прыбытку атрымалі 27910 мільёнаў рублёў з рэнтабельнасцю 24,7 працэнта супраць 10738 леташніх. Удвая павялічылася заработная плата работнікаў гаспадарак. Адзначу яшчэ такі факт, што тэмп росту заробкаў не перавышае тэмп выручкі. Відавочна, што станоўчых пазіцый у эканоміцы гаспадарак дабіліся нямала, але і заспакойвацца на дасягнутым не варта.
— Ці задаволены Вы тым, як сёлета склаліся справы на грамадскіх палетках?
— У гэтым годзе земляробы раёна могуць ганарыцца сваімі дасягненнямі. Валавы збор зерня па раёну склаў 45702 тоны пры ўраджайнасці 31,1 цэнтнера з гектара. Гэта з улікам зерня кукурузы. Але ж летась гэты паказчык быў толькі 38932 тоны.
Нядрэнны вынік маем і па кармах. Сельгаспрадпрыемствамі нарыхтавана 16,2 тысячы тон сена, 38,8 тоны сенажу і 168,8 тоны сіласу, або па 33,4 цэнтнера на адну ўмоўную галаву. Калі ж браць усе назапашаныя кармы ў разліку на ўмоўную галаву, то ў параўнанні з мінулым годам цяпер іх маем на 102,4 працэнта болей. Увогуле, прадукцыі раслінаводства вырашчана на 94,1 мільярда рублёў, што на 2,8 працэнта болей мінулагодняга.
— Наколькі паспяхова працуе жывёлагадоўля раёна?
— Цяпер кажуць, што хлеб усяму галава, а эканоміку сельгаспрадпрыемстваў робіць жывёлагадоўля. Менавіта гэтая галіна прыносіць штодзённа выручку сельгасвытворцам. Гэта пацвярджаецца і лічбамі. Вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі дасягнула з пачатку года 72,4 мільярда рублёў. Прырост да леташняга перыяду склаў 11,8 працэнта.
За дзесяць месяцаў гаспадаркамі раёна надоена 28412,6 тоны малака на 9,5 працэнта больш у параўнанні з такім жа перыядам 2011 года. На 185 кілаграмаў павялічаны надой ад каровы і цяпер ён дасягнуў 3584 кілаграмы. Добрым словам хочацца тут адзначыць працу жывёлаводаў КСУП «Бялёў» (дырэктар Уладзімір Ачапоўскі, галоўны заатэхнік Антаніна Новікава). Надой на фермах гэтай гаспадаркі набліжаецца да пяці тысяч кілаграмаў ад каровы. Па выніках года мяркуем, што больш чатырох тон малака ад каровы надояць у КСУПах “Коленскае” (дырэктар Валянцін Карпаў, галоўны заатэхнік Міхаіл Кісялёў), “Марохараўскі” (дырэктар Мікалай П’яўко) і ААТ “Тураўшчына” (дырэктар Андрэй Кузьменка, галоўны заатэхнік Валянціна Тачыла).
За дзесяць месяцаў вытворчасць мяса дасягнула 3464,4 тоны пры росце 15,9 працэнта. Атрымана 709 грамаў сярэднясутачных прываг буйной рагатай жывёлы і 501 грам свіней. Вышэй сярэднераённага паказчыка маюць вынікі ў КСУПах “Бялёў”, “Марохараўскі”, аддзяленні “Хлупін СК “Ляскавічы”.
На 11,7 працэнта павялічана рэалізацыя малака дзяржаве. Сёлета яго прададзена 24030,4 тоны. Прычым 52 працэнты рэалізавана гатункам “экстра”. Пастаянна высокаякаснае малако рэалізуюць на перапрацоўку КСУПы “Коленскае”, “Чырвоны Бор” і “Марохараўскі”.
Хочацца адзначыць працу і нашых рыбаводчых гаспадарак ААТ “Рыбгас “Чырвоная Зорка” і “Доследны рыбгас “Белае”. Тут выручка ад рэалізацыі рыбы вырасла ў параўнанні з мінулым годам адпаведна 1,8 і 2 разы. Гэтыя гаспадаркі працуюць прыбыткова.
— За ўсімі гэтымі паказчыкамі стаіць праца людзей. Назавіце прозвішчы тых работнікаў і спецыялістаў, на вытворчыя дасягненні якіх варта раўняцца іншым?
— Сапраўды майстроў сярод жывёлаводаў, механізатараў і спецыялістаў у аграрным сектары нашага раёна больш чым дастаткова. У ліку такіх аператары машыннага даення Ірына Рубіс і Галіна Рагалевіч з КСУПа “Бялёў”. Пастаянна радуюць высокімі надоямі аператары КСУПа “Коленскае” Таццяна Шакалян, Валянціна Хугаева і Іван Андык, Таміла Беражная. Лепшымі аператарамі на дарошчванні буйной рагатай жывёлы на гэты час з’яўляюцца Ніна Таненя з КСУПа “Людзяневічы”, Валянціна Смалянец з ААТ “Тураўшчына”, Галіна Чарнагалова з КСУПа “Бялёў”.
У раслінаводстве хочацца адзначыць працу механізатараў з ААТ “Тураўшчына” Мікалая Струк і Сяргея Кадоліча, вадзіцеляў Аляксандра Арцюховіча, Мікалая Блоцкага і Міхаіла Акуліча з гэтага ж сельгаспрадпрыемства. Усё большымі вытворчымі здабыткамі радуюць і жыткавіцкія хлебаробы. Гэта механізатары Аляксандр Макарэвіч з КСУПа “Марохараўскі”, Генадзь Галавач з КСУПа “Бялёў”, вадзіцель КСУПа “Коленскае” Міхаіл Жыткавец, аператары на дапрацоўцы зерня Вячаслаў Касцянка з ААТ “Тураўшчына”, а таксама Сяргей Машэраў і Віктар Макарэвіч з КСУПа “Марохараўскі”. Менавіта стараннямі гэтых працаўнікоў удалося сабраць вырашчаны ўраджай збажыны.
На нарыхтоўцы кармоў сябе праявілі механізатары Уладзімір Макарэвіч з КСУПа “Чырвоны Бор”, Аляксандр Дрынеўскі з КСУПа “Коленскае”, Іван Кузьміч з ААТ “Тураўшчына” і Уладзімір Макарэвіч з КСУПа “Людзяневічы”.
Асобна хочацца падзякаваць за сумесную працу калектывам нашых партнёраў: “ААТ “Жыткавіцкі агратэхсервіс” (дырэктар Анатоль Ляшкевіч), ААТ “Жыткавічыхімсервіс” (дырэктар Віктар Атліванаў), КДУПМС “Жыткавіцкае ПМС” (дырэктар Віктар Палуянаў), Жыткавіцкага філіяла “Калінкавічыводбуд” ПМК-66 (кіраўнік Уладзімір Валадзько), хлебнай базы (кіраўнік Канстанцін Комар) і вучэбнага камбіната райсельгасхарчу (кіраўнік Анатоль Ермаковіч).
— Напярэдадні прафесійнага свята, што Вы пажадалі б працаўнікам аграпрамысловага комплексу раёна?
— Найперш усіх хочацца павіншаваць з такой нагоды, і ўсім працаўнікам, ветэранам АПК зычу добрага настрою, аптымізму, моцнага здароўя, шчасця і поспехаў.
— Дзякую за гутарку?
Гутарыў Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.