Фальклорны ансамбль “Стрэчанне” адзначыў свой 55-гадовы творчы юбілей

Багаты наш Жыткавіцкі край на народную песню, як і на людзей, якія здольныя прыгожа спяваць і танцаваць. У вянку гэтага традыцыйнага мастацтва прыгожым дыяментам многа гадоў ззяе народны фальклорны ансамбль “Стрэчанне” з вёскі Грабава.

DSC02551-400x300

Нядаўна самадзейны калектыў адзначыў свой пяцідзесяціпяцігадовы творчы юбілей. З гэтай нагоды ў мясцовай установе культуры прайшло вялікае ўрачыстае мерапрыемства, якое зладзілі аматары народнай творчасці народнага клуба “Вечарына”.

На юбілейную вечарыну сабраліся самыя шчырыя прыхільнікі таленавітасці “Стрэчання”, самыя сапраўдныя сябры ансамбля, якія шануюць і любяць матчыну песню. Менавіта больш чым паўстагоддзя грабаўскія артысты дораць гэтую прыгажосць сваім удзячным гледачам, якіх у калектыва нямала ў нашым раёне і за яго межамі.Таму і сама вечарына стала гімнам не толькі ансамблю, але і народнай песні.

Ледзь толькі паспела вядучая свята Ганна Лой расказаць гледачам, з якой нагоды адбываецца такая ўрачыстасць, а калектыў–юбіляр, які толькі выйшаў на сцэну, адразу ўсіх парадаваў прыгожай народнай песняй. А потым на сцэне вядучая завяла гутарку са старэйшымі ўдзельнікамі ансамбля.

Зразумела, найперш цікавіла, ці патрэбна народная песня сённяшняму пакаленню, чым яна прыцягальная для артыстаў, ці помніцца першае выступленне. Пытанні толькі на першы погляд лёгкія, але не для спявачак, для якіх народны калектыў стаў па сутнасці другой сям’ёй. За дзесяцігоддзі рэпетыцый і выступленняў ўсякага давялося перажыць і пабачыць. Разважліва і глыбокадумна распавядалі пра гэта грабаўскія артысты сваім паклоннікам. І ўсе яны сыходзяцца на адной думцы, што народная песня, як лілася чыстай крыніцай, так будзе і надалей зачароўваць сваёй непаўторнасцю і прыгажосцю людскія душы, бо бяздоннае гэта багацце, якое капілася не адно стагоддзе. Менавіта гэта стала сэнсам іх жыцця.

Свой пачатак вялікая рака песеннай творчасці пад назвай “Стрэчанне” бярэ з дзейнасці энергічнага работніка сельскай бібліятэкі Мірона Малькевіча. Менавіта ён і стварыў калектыў.

Мірон Фёдаравіч змог запаліць іскрынку творчасці, любові да народнай песні ў мясцовых дзяўчат і хлопцаў. За нястомным і таленавітым чалавекам пацягнулася не толькі моладзь, але і працаўнікі мясцовай гаспадаркі: паляводы, жывёлаводы, механізатары, спецыялісты. Таму безупынна гучала песня паўсюдна: на палетках і сенакосах, фермах, лілася па вечарах над роднымі вясковымі прасторамі.

Менавіта сумеснымі намаганнямі, яны закладвалі падмурак песеннага рэпертуару для цяперашніх артыстаў. Доўгі час кіравала калектывам таленавітая жанчына Ева Малькевіч. За час яе кіраўніцтва спевакамі быў узноўлены вялікі культурны пласт абрадавай спадчыны вёскі. Ішоў час, мяняліся ў калектыве кіраўнікі і спевакі, але кожны састаў ансамбля свята захоўваў і развіваў традыцыйную культуру сваёй мясцовасці. І цяперашнія спявачкі са “Стрэчання” ведаюць і выконваюць тыя старадаўнія песні. Гэтаму можна толькі пазайздросціць.

Новы імпульс творчая дзейнасць калектыва набыла, калі яго ўзначаліў Іван Малькевіч. Менавіта пры ім “Стрэчанне” атрымала за сваю творчасць ганаровае званне” народны” Гэтым не толькі ганарацца ў калектыве, але і стараюцца адпавядаць такому высокаму ўзроўню.

Таму часта ў мясцовым клубе аж запаўнач не гасне святло, бо артысты стараюцца давесці на рэпетыцыях сваё выканальніцкае майстэрства да ўзорнага, каб данесці прыгажосць песні ва ўсёй яе красе гледачу. Не раз у тым на вечарыне пераконваліся вяскоўцы і госці свята, дружнымі і гучнымі апладысментамі віталі сваіх спевакоў-землякоў за іх старанне і таленавітасць.

За гэта і захаванне народных традыцый на мерапрыемстве самадзейны калектыў быў узнагароджаны Ганаровай граматай аддзела культуры. Але самымі прыгожымі і цудоўнымі падарункамі для “Стрэчання” сталі песенныя нумары, якімі ўдзельнікаў калектыва-юбіляра і іх прыхільнікаў парадавалі спевакі са Старамілевіцкага СДК.

Да позняга вечара ліўся роднай песні прыгожы напеў у Грабаўскім клубе, ад чаго станавілася светла і весела на душы ў прысутных у зале вяскоўцаў.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.