Верныя свайму прадпрыемству

FasadЖыткавіцкі маторабудаўнічы завод пачынаецца з акуратна абуладкаваных, дагледжаных кветнікаў, двух купак фруктовых дрэў, пад асобнымі з якіх у апалай лістоце ляжаць налітыя восеньскай спеласцю яблыкі, ды з дошкі гонару, фатаграфіі перадавікоў на якой па даўняй традыцыі заўсёды абнаўляюцца напярэдадні іх прафесійнага свята – Дня машынабудаўніка.
— Не змяняем сваім правілам і сёлета, — сказаў падчас нашай сустрэчы намеснік дырэктара завода па эканоміцы і ідэалагічнай рабоце Канстанцін Савасценя. – Гатовыя ўжо фатаграфіі ўсіх 12 лепшых працаўнікоў прадпрыемства, якія, дарэчы, на працягу года будуць атрымоўваць штомесячна і пэўную даплату за сваю работу. Кожны наш завадчанін за высокапрадукцыйную працу мае права раз у тры гады трапіць на дошку гонару. Да таго ж напярэдадні свята 8 работнікаў будзе ўзнагароджана ганаровымі граматамі завода, каля 150 адзначана загадам і прэміравана таксама.
Мясцовае адкрытае акцыянернае таварыства, занесенае ў бягучым годзе на рэспубліканскую дошку гонару, уваходзіць у кагорту лепшых арганізацый прамысловага комплексу Беларусі. Тут паспяхова рэалізуецца інвестыцыйны праект па тэхнічнаму перааснашчэнні прадпрыемства, накіраваны на павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці і асваенне новай імпартазаменнай прадукцыі.
За 8 месяцаў года рэнтабельнасць продажу склала 7,9 працэнта, аб’ёмы экспарту тавараў 1,4 мільёна долараў, сальда знешнеэканамічнай дзейнасці разам з паслугамі 0,4 мільёна долараў, асвоена 10,7 мільярда рублёў інвестыцый у асноўны капітал, што ў тры разы перавыканала даведзены паказчык. Па-ранейшаму не менш палавіны зробленай тут прадукцыі ідзе на іх галоўнае прадпрыемства – акцыянернае таварыства “Мінскі маторны завод”. Каля 30 працэнтаў у агульным аб’ёме экспарту складае прадукцыя авіяцыйнага прызначэння. У мінулым годзе жыткавіцкія маторабудаўнікі атрымалі з маскоўскага завода “Салют” заказ на рамонт турбакампрэсарных старцёраў для авіяцыйных рухавікоў. І пачалі поўным ходам працаваць над яго выкананнем. З цягам часу тэматыка гэтых заказаў пашыраецца, ідзе дынамічны рост і, як сказаў у гутарцы з намі дырэктар завода Віктар Кур’яновіч, у наступным годзе іх колькасць узрасце не менш чым на 30 працэнтаў. А каб авіяцыйны ўчастак прадпрыемства рос і дужэў, тут, выконваючы праграму мадэрнізацыі, сёлета закупілі шэсць новых сучасных апрацоўваючых цэнтраў, кожны з якіх замяняе тры старыя станкі і значна скарачае тэхналагічны час на апрацоўку той ці іншай дэталі. Вось і нядаўна тут атрымалі новы заказ з маскоўскага “Салюта”, вырабілі новыя дэталі і адправілі вопытную партыю заказчыку, каб затым перайсці на іх серыйны выпуск.
Напярэдадні Дня машынабудаўніка варта сказаць, што людзі, якія стаялі ля вытокаў стварэння ЖМЗ і доўгі час працавалі тут, — сапраўдныя патрыёты. Кіраўніцтва завода аддае сабе справаздачу наконт таго, што імідж надзейнага партнёра яны заслужылі толькі дзякуючы гэтаму касцяку. У апошнія гады, на вялікі жаль, сярод праблем у першую чаргу гэта напружанасць з працоўнымі рэсурсамі. Як адзначыў Віктар Кур’яновіч, яны з задавальненнем узялі б хоць зараз не меней 20 новых работнікаў да завадскіх станкоў…
А напярэдадні прафесійнага свята за шматгадовую добрасумленную працу, вялікі асабісты ўклад у дасягненне вытворчых паказчыкаў ганаровымі граматамі ААТ “Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод” будуць узнагароджаны фрэзероўшчык Аляксандр Мельянкоў, прэсоўшчык-вулканізатаршчык Алена Жураўлевіч, слесар Мікалай Глушань, вадзіцель транспартнага ўчастка Уладзімір Бондар, токар Наталля Сарока, плітачнік Любоў Ярмоліч і інш.
Сяргей ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.