Трыццаць два гады бездакорнай працы

Нядаўна Яўгенію Туравец узнагародзілі медалём «За працоўныя заслугі».

Нарадзілася яна ў далёкім Казахстане, але сваё шчасце і пашану знайшла ў Беларусі.
Шлях да гэтай узнагароды пачаўся аж у 1981 годзе, калі жанчына ўладкавалася даяркай на ферму калгаса “Запаветы Леніна” — цяперашняе камунальнае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Коленскае”. У прадстаўленні Яўгеніі Мікалаеўны да медаля так і запісана: “За шматгадовую плённую працу, значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці”.
У Беларусь яе прывяло каханне. Калі яшчэ маладой дзяўчынай Туравец ехала вучыцца са свайго сяла Сцяпное ў Іванава на ткачыху, у цягніку пазнаёмілася з будучым мужам, які на той час служыў у войску. Хлопец аказаўся ураджэнцам Кольна. Пасля вяселля ён і прывёз Яўгенію на пастаяннае месца жыхарства ў сваю родную вёску.
— Праўда, прыйшлося мне вярнуцца на некаторы час у Казахстан, — расказвае Яўгенія Мікалаеўна. — У мясцовым калгасе не знайшлося для мяне вакансіі, таму зарабляць дэкрэтны водпуск прыйшлося на сваёй малой радзіме. Пайшла да маці на ферму даяркай. Крыху папрацавала і вярнулася назад у Беларусь, дзе і нарадзіўся наш з мужам першынец.
У дэкрэтным водпуску Туравец доўга не сядзела, як толькі кіраўніцтва гаспадаркі прапанавала ісці на ферму, адразу пагадзілася. І вось ужо трыццаць два гады Яўгенія Мікалаеўна плённа працуе на карысць грамадскай жывёлагадоўлі КСУПа “Коленскае”. Займала розныя пасады: і тэхніка-асемянатара, заатэхніка-тэхнолага, цяпер яна — начальнік малочнатаварнага комплексу “Пасека”. У свой час нават Рэчыцкі сельскагаспадарчы тэхнікум скончыла, каб мець дастаткова ведаў і навыкаў. Самая ж галоўная ўласцівасць характару Яўгеніі Мікалаеўны — дзе б яна ні працавала, а заўсёды паказвала сябе высокакваліфікаваным спецыялістам, які дасканала валодае прагрэсіўнымі тэхналогіямі гаспадарання. Безумоўна, для гэтага стараецца самастойна і навуковую літаратуру прачытваць, і многае іншае.
— Яе кампетэнтнасць у пытаннях арганізацыі і кіравання працай калектыва, — расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце гаспадаркі Раіса Петрушкевіч, — дазваляюць Яўгеніі Мікалаеўне аператыўна і якасна спраўляцца з клопатнымі абавязкамі на сваёй пасадзе. Яна ніколі не адмаўляе падначаленым у дапамозе. Хаця чалавек па характары даволі прынцыповы, але справядлівы. Таксама гэта вельмі актыўная, добрасумленная, добразычлівая, ветлівая і вельмі сціплая жанчына.
І гэта сапраўды так. Колькі разоў не наведваўся ў вытворчае падраздзяленне, якім кіруе Яўгенія Туравец, яна ніколі не адмовілася расказаць пра свой калектыў. Толькі самыя добрыя словы аб калегах-падначаленых чуў ад начальніка комплексу. Бо дасканала ведае, наколькі цяжкая праца ў жывёлагадоўлі, бо сама ўнікае ў кожны вытворчы працэс.
— Немалая заслуга ў тым, што мяне ўзнагародзілі медалём, і калектыва, якім я кірую, — расказвае спецыяліст. — У нас шмат старанных і працавітых работнікаў, якія сваімі справамі дабіваюцца высокіх вытворчых паказчыкаў. Дзякуючы гэтаму калектыў комплексу неаднаразова станавіўся прызёрам і пераможцам ва ўнутрыраённым працоўным саперніцтве па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі.
Варта сказаць, што і саму Туравец адзначала за плён яе працы кіраўніцтва раёна, а таксама яна станавілася неаднаразовым пераможцам рэспубліканскага саперніцтва жывёлаводаў.
Правільна накарміць і падаіць кароў, выклікаць да захварэўшай жывёліны ветэрынарнага ўрача, пастаянна нацэльваць работнікаў на выкананне даведзеных вытворчых планаў і заданняў, а таксама падтрымліваць на комплексе і яго тэрыторыі чысціню і парадак, сачыць, каб бездакорна працавала абсталяванне, і многае іншае – усё гэта непасрэдныя абавязкі начальніка комплексу. І Яўгенія Мікалаеўна не пасуе перад гэтым значным колам абавязкаў, заўсёды з уласцівай ёй руплівасцю бярэцца за даручаную справу. Таму і растуць у яе на комплексе надоі і прывагі, пагалоўе жывёлы. Для прыкладу, за мінулы год ад адной каровы на МТК “Пасека” надаілі па 5572 кілаграмы малака, у 2008 годзе гэты паказчык складаў усяго 4170 кілаграмаў. Валавы надой летась быў дасягнуты ў памеры 2947 тон, пяць гадоў назад ён складаў толькі 2315 тон. І такі адчувальны рост пад кіраўніцтвам Туравец маецца на комплексе па ўсіх пазіцыях.
МТК “Пасека” для Туравец, нібы другі дом. Многае ў жыцці звязвае яе з малочнатаварным комплексам. Была яна сведкай, калі будаваўся гэты вытворчы аб’ект гаспадаркі, калі перажываў і не самыя лепшыя часы, і час адраджэння, калі на комплексе ішла рэканструкцыя памяшканняў, якія запаўняліся жывёлай. І цяпер вытворчае падраздзяленне сельгаспрадпрыемства не застыла ў сваім развіцці: тут пастаянна абнаўляецца матэрыяльная база, каб працаваць па навейшых тэхналогіях. Сёлета, напрыклад, збудаваны малочна-даільны блок. Несумненна, што начальніка радуюць такія перамены, бо гэта дазволіць працаваць яшчэ лепей, а, па яе перакананні, пасля ўзнагароджання медалём гэта рабіць патрэбна абавязкова. Узнагарода да гэтага абавязвае. І жанчына гатова да новых працоўных перамог. Нездарма ж на яе грудзях красуе медаль “За працоўныя заслугі”.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.