Выканаць вайсковы абавязак

2Адпраўкамі прызыўнікоў у вайсковыя злучэнні, што ідуць у гэтыя дні, завяршаецца чарговая прызыўная кампанія.  Па яе выніках з Жыткаўшчыны армейскую службу будуць праходзіць больш шасцідзесяці юнакоў.

Ваенны камісар Сяргей Петруненка задаволены тым, як у нашым раёне прайшлі прызыўныя мерапрыемствы.
— На службу ўдалося адабраць самых годных і фізічна здаровых прызыўнікоў, — расказвае Сяргей Мікалаевіч. — Гэта стала магчымым дзякуючы зладжанай працы членаў прызыўной камісіі, а таксама і адказнасці юнакоў, якія ў вызначаныя тэрміны з’яўляліся на ўсе мерапрыемствы. Цяпер маладое папаўненне накіроўваем у вайсковыя злучэнні. Адпраўкі на армейскую службу працягнуцца да канца месяца.
Сапраўды, будучых салдат адабралі падчас бягучай прызыўной кампаніі годных. Аб гэтым сведчыць хаця б адукацыйны ўзровень прызыўнікоў. Па словах Сяргея Мікалаевіча, усяго некалькі хлопцаў у нас з сярэдняй адукацыяй, астатнія маюць вышэйшую і сярэдне-спецыяльную. Адсюль і псіхалагічны настрой на службу ў такіх юнакоў адпаведны. Падчас нядаўняй адпраўкі ў армію давялося пагутарыць з навабранцам Аляксандрам Гатчэням. Хлопец закончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны па спецыяльнасці выкладчык фізічнай культуры і спорту.
— Бясспрэчна, да службы ў арміі гатовы і фізічна, і маральна, — кажа Аляксандр Сяргеевіч. — Свой мужчынскі абавязак перад Радзімай патрэбна выканаць годна. Менавіта такія пажаданні я атрымаў ад мужчынскай палавіны маёй радні. Крыху расчаравала толькі месца будучай службы. Спадзяваўся, што траплю ў больш элітнае вайсковае злучэнне. На жаль, не спраўдзіліся мае жаданні, але пастараюся праявіць сябе і ў гэтай часці.
Не зганьбіць гонар раёна прызваў хлопцаў і ваенны камісар Сяргей Петруненка падчас традыцыйнага інструктажу перад пасадкай у аўтобус.
— Галоўнае, каб вы ўсе вярнуліся да дому здаровымі, а таксама з падзякамі, — даводзіў юнакам Сяргей Мікалаевіч. — А яшчэ — каб ад камандавання вы атрымлівалі толькі падзякі, што стане самым пераканаўчым доказам: вы дасканала асвоілі вайсковую справу, сталі сапраўднымі мужчынамі.
Далейшы ход адпраўкі пайшоў па даўно адпрацаванаму сцэнарыю. Юнакі арганізавана селі ў аўтобус, праз расчыненыя вокны апошні раз памахалі на развітанне сваім блізкім і родным. Але разлука з імі будзе не такой і вялікай. Ужо ў хуткім часе яны сустрэнуцца ў вайсковай часці на ўрачыстай прысязе, якую прымуць хлопцы на вернасць сваёй Радзіме.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.