Пачатак абнадзейвае

387Рэзкае павышэнне тэмпературнага рэжыму на вуліцы прыспешыла пачатак веснавых палявых работ у адкрытым акцыянерным таварыстве “Людзяневічы”. У гэтыя дні праца на палетках вядзецца на многіх участках.
— Задачы ў нас на гэтую вясну даволі вялікія, — расказвае дырэктар сельгаспрадпрыемства Анатоль Санюк. — Калі параўноўваць з мінулагоднімі аб’ёмамі, то яны сёлета выраслі на трыццаць працэнтаў. Таму з улікам пагодных умоў і структуры нашых земляў, якія вельмі хутка падсыхаюць, і распачалі ўсе работы неадкладна.
Менавіта зыходзячы з гэтага ў гаспадарцы стараюцца арганізоўваць працу на палетках, каб управіцца там у самыя аптымальныя тэрміны. Пачалі з падкормак мінеральнымі тукамі азімых зерневых культур і рапсу. Іх плошча займае адпаведна 2000 і 850 гектараў сельгасугоддзяў. Доглядныя работы ўжо выканалі механізатары акцыянернага таварыства на палетках азіміны на трэцяй частцы. Гэтак жа актыўна працуюць і на ўгоддзях шматгадовых траў, сенакосах і выпасах, дзе поўным ходам ідуць падкормкі ўгнаеннямі і падсеў траў. За лічаныя дні збіраюцца ў “Людзяневічах” пасеяць раннія каласавыя і зернебабовыя культуры. А гэта ў агульнай колькасці 200 гектараў, з якіх палова будзе занята аўсом. А пра яго кажуць, што сей авёс у гразь, то будзеш князь. Таму, каб хутка выканаць увесь аб’ём работы, гэтая справа кіраўніцтвам гаспадаркі даручана самым вопытным, старанным і адказным механізатарам Валерыю Савіцкаму і Уладзіміру Гатчэню. І гэтыя земляробы не падводзяць. На сваіх “Беларусах” у счэпе з пасяўнымі агрэгатамі заштукоўваюць у глебу штодня насенне на шасцідзесяці і болей гектарах. Яшчэ з яравых культур зерневай і зернебабовай групы бягучай вясной у сельгаспрадпрыемстве плануецца пасеяць 200 гектараў ячмяню, 50 — соі, столькі ж — проса і грэчкі. Так што фронт работы для Уладзіміра і Валерыя даволі значны, а ўлічваючы, што справіцца з работай трэба максімум за дзесяць дзён, то яшчэ і напружаны.
— Зараз засяваюцца пясчанікі, але ўжо хутка па меры падсыхання глебы тэхніка будзе працаваць і на тарфяных палетках, — расказвае Анатоль Санюк. — Усе работы вядуцца створанымі механізаванымі атрадамі комплексна, на адным палетку, дзе адначасова ўносяцца ўгнаенні, рыхтуецца глеба, вядзецца сяўба. Гэта дае магчымасць ажыццяўляць кантроль за якасцю работ, больш эфектыўна, з улікам вялікай раскіданасці гаспадаркі весці пасяўную.
Механізаваны атрад задзейнічаны ў акцыянерным таварыстве на вывазцы і ўнясенні арганічных угнаенняў. Гэтае спецыяльна створанае на час веснавой кампаніі структурнае падраздзяленне таксама працуе эфектыўна, тым больш што задачы і перад яго механізатарамі пастаўлены немалыя. Сёлета грамадскія палеткі гаспадаркі плануюць заправіць 42 тысячамі тон арганікі: амаль трыццаць тысяч тон яе ўжо дастаўлена на палі і больш за дзесяць тысяч тон унесена ў глебу.
Пачатак пасяўной у гэтым годзе, па словах дырэктара ААТ “Людзяневічы”, распачаўся даволі нядрэнна. Але гэта толькі пачатак, асноўныя аб’ёмы работ наперадзе. У прыватнасці, толькі кукурузы патрэбна пасеяць 2100 гектараў, з якіх 600 — на зерне. А ўсяго ж гэтай вясной людзяневіцкія земляробы мяркуюць засеяць больш за тры тысячы гектараў сельгасугоддзяў. Выканаць пастаўленыя перад сабой задачы поўнасцю на веснавых палетках яны гатовы да дзявятага мая, да чаго вельмі грунтоўна рыхтаваліся. Як адзначыў Анатоль Васільевіч, тэхнікі ў гаспадарцы дастаткова, яна адрамантавана, дзякуючы раённай уладзе маецца запас паліва і іншых матэрыяльных рэсурсаў для вядзення палявых работ. Перагледжаны і рабочы дзень механізатараў, які цяпер пачынаецца ў сем гадзін раніцы і цягнецца да сямі вечара. Таму ва ўсіх працаўнікоў акцыянернага таварыства ёсць упэўненасць, што свае планы на пасяўной яны выканаюць паспяхова.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.