Дзякуюць сямейным урачам

dfhdhfgh19 мая сусветная грамадскасць адзначала Міжнародны дзень урачоў агульнай практыкі. Пашыраецца гэтая справа і ў нашай краіне. Урачы агульнай практыкі Жыткавіцкага раёна ў гэты знакавы для сябе дзень працавалі на сваіх рабочых месцах, але іх пацыенты не толькі атрымалі кваліфікаваную медыцынскую дапамогу, але сталі  і ўдзельнікамі своеасаблівых імправізаваных лекцый, на якіх расказвалася пра важнасць гэтай прафесіі ў нашым грамадстве, яе перавагі пры аказанні лячэння і прафілактыкі захворванняў людзям, асабліва  ў сельскай мясцовасці. 

Як жа ўсё пачыналася ў Беларусі? 9-10 красавіка 2001 года ў горадзе Віцебску падчас міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Актуальныя пытанні агульнаўрачэбнай практыкі” група энтузіястаў-урачоў агульнай практыкі вырашыла стварыць грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя ўрачоў агульнай практыкі”. Яе асноўнай мэтай стала садзеянне прафесійнаму развіццю спецыяльнасці ўрача агульнай практыкі (сямейнага доктара), і выяўленне прафесійных інтарэсаў людзей гэтай прафесіі. З гадамі асацыяцыя наладжвае міжнароднае супрацоўніцтва. Важнай вехай у гэтай дзейнасці стаў чэрвень 2004 года, калі Беларуская асацыяцыя ўрачоў агульнай практыкі была прынята ў якасці члена ў Сусветную асацыяцыю сямейных урачоў. Гэта дало моцны штуршок для пашырэння міжнародных кантактаў і ажыццяўлення шматлікіх праектаў па ўдасканаленні работы ўрачоў агульнай практыкі.
Адным з першых на Жыткаўшчыне, хто прайшоў адпаведную перападрыхтоўку на ўрача агульнай практыкі, стаў загадчык Людзяневіцкай амбулаторыі Эдуард Кацуба. Адбылося гэта ў 2003 годзе, а свае веды і навыкі адшліфоўваў на кафедры агульнай урачэбнай практыкі, якая арганізавана ў 1999 годзе на базе адпаведнага курса, які дзейнічаў пры кафедры хуткай медыцынскай дапамогі. З 2003 года на кафедры праводзіцца падрыхтоўка медыцынскіх сясцёр і ўрачоў па асновах паліатыўнай медыцыны. Навучанне слухачоў адаптавана да тэхналогіі ўрача агульнай практыкі і накіравана на прафілактыку і раннюю дыягностыку захворванняў, лячэнне і рэабілітацыю пацыентаў, экстранную і неадкладную медыцынскую дапамогу пры крытычных станах, абнаўленне і набыццё шырокага комплексу ведаў. У працэсе навучання праводзіцца базісны, этапны і заключны кантроль ведаў з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій. Слухачы ўдасканальваюць свае веды і навыкі па агульнай урачэбнай практыцы ў галіне тэрапіі, педыятрыі, акушэрства і гінекалогіі, неўралогіі, малой амбулаторнай хірургіі, анкалогіі, дэрматавенералогіі, эндакрыналогіі, інфекцыйных хвароб, неадкладнай экстраннай медыцынскай дапамогі, асвойваюць навыкі афтальмаскапіі і атаскапіі, кансультавання па змяненні ладу жыцця, работы ў камандзе, арганізацыі агульных урачэбных практык. Такая грунтоўная падрыхтоўка ўрачоў агульнай практыкі найперш абумоўлена тым, што ў сваёй большасці яны працуюць у сельскай мясцовасці, участковых службах гарадскіх паселішчаў, прыёмных аддзяленнях бальніц, на хуткай дапамозе. Так бы мовіць, на пярэднім рубяжы аховы нашага здароўя. Урач агульнай практыкі — гэта эканомія бюджэтных сродкаў, рост даверу насельніцтва да сістэмы аховы здароўя кантактаў і ўзаемапаразумення з людзьмі, павышэнне прэстыжу ўрачэбнай спецыяльнасці, пашырэнне ўзаемадзеяння ў справе пярвічнай прафілактыкі, стабілізацыі кадравых рэсурсаў, вырашэнне асноўных праблем дыспансерызацыі, база для рэструктарызацыі галіны аховы здароўя. Як расказаў Эдуард Васільевіч, зразумела, што на першым часе было вельмі складана, але дзяржава аказала нядрэнную падтрымку, асабліва ў плане матэрыяльнага забеспячэння медыцынскіх устаноў, дзе працуюць урачы агульнай практыкі.
— Нядрэнна аснасцілі абсталяваннем лабараторыі, абнавіўся набор апаратуры для фізіятэрапеўтычнага лячэння. Ва ўсе такія ўстановы былі набыты камп’ютары, транспарт. Таксама з медыцынскага абсталявання з’явіліся апараты для правядзення ультрагукавых даследванняў, партатыўныя атаскопы, стацыянарныя і перанасныя электракардыёграфы, апараты для вымярэння ўнутрывокавага ціску, — робіць пералік новых набыткаў Эдуард Кацуба. — Бясспрэчна, гэта павысіла зацікаўленасць урачоў у паляпшэнні якасці абслугоўвання пацыентаў. Наша дапамога стала шырокапрофільнай, а яе вынікі гавораць самі за сябе: знізілася колькасць пацыентаў, якія звяртаюцца да вузкіх спецыялістаў, прыкладна ў два разы паменшылася ў зоне дзейнасці ўрачоў агульнай практыкі выклікаў хуткай дапамогі, менш хворых адпраўлена на гаспіталізацыю.
Дабівацца станоўчых вынікаў у сваёй дзейнасці ўрачам агульнай практыкі нашага раёна дапамагае і тое, што яны добра ведаюць сваіх пацыентаў, і давер апошніх да лекараў трымаецца на іх аўтарытэце і прафесіяналізме. На цяперашні час у раёне працуе пяць урачоў агульнай практыкі ў чатырох медыцынскіх установах: у Ленінскай участковай бальніцы — Валерый Мароз і Людміла Мароз, у Дзякавіцкай амбулаторыі — Надзея Грыгаровіч, у Чырвоненскай — Святлана Грукач, і ў Людзяневіцкай — Эдуард Кацуба. Пра ўсіх гэтых спецыялістах людзі адзываюцца толькі са станоўчага боку. Прывядзем некалькі цытат пра работу вышэйзгаданых устаноў і іх персаналу з лістоў, што даслалі на адрас рэдакцыі нашы чытачы.
— Ленінская ўчастковая бальніца з’яўляецца эталонам чысціні, парадку і ўважлівых адносін да хворых, — піша ў сваім лісце старшыня ветэранскай арганізацыі Ленінскага сельскага Савета Ада Рудзінская. — Гэтага ўдалося дасягнуць дзякуючы патрабавальнасці да медыцынскага персаналу ўстановы ўрачоў Валерыя Мароза і Людмілы Мароз. Варта дадаць, што яны не толькі патрабуюць ад сваіх спецыялістаў дасканалага выканання абавязкаў, але і вучаць, як правільна вырашаць разнастайныя пытанні, уласнымі стараннем і прыкладам натхняюць калектыў на добрыя справы па ахове здароўя насельніцтва. Таму і працуе персанал бальніцы дружна і вельмі зладжана. Слоў пахвалы заслугоўвае дзейнасць урача Валерыя Мароза, медыцынскай сястры Бэлы Трафімовіч, повара Валянціны Басарановіч. На сваіх пасадах яны адпрацавалі шмат гадоў, карыстаюцца ў людзей аўтарытэтам і павагай. Кожная сустрэча з імі прыносіць хворым аблягчэнне і аздараўленне.
Упэўнены, што знойдзецца нямала людзей, якія гэтак жа цёпла і шчыра выкажуцца і пра працу іншых урачоў агульнай практыкі, якія берагуць здароўе людзей на сваіх участках. Гэта спецыялісты, якія вельмі любяць сваю справу, бо абралі яе душой і сэрцам і цяпер прыкладваюць усё сваё старанне і прафесіяналізм, каб іх дапамога людзям была найбольш дзейснай і карыснай. Да таго ж, як сведчыць практыка, за такімі спецыялістамі будучыня медыцынскага абслугоўвання ў краіне. Так, пакуль не ўсё атрымліваецца, як хочацца, але з таго часу, калі інстытут урачоў агульнай практыкі пачаў працаваць, з’явілася нямала пазітыўнага ў іх дзейнасці. І гэтых станоўчых перамен стане толькі больш.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.