Восем правераных домаўладанняў – вынік работы аднаго рэйда назіральнай камісіі Юркевіцкага сельскага Савета

imagesВосем правераных домаўладанняў вяскоўцаў – такі вынік работы падчас толькі аднаго рэйда назіральнай камісіі Юркевіцкага сельскага Савета. Асноўная ўвага, як заўсёды, надавалася тым катэгорыям грамадзян, жыццё якіх пастаўлена пад найбольшую небяспеку. А гэта шматдзетныя сем’і, вяскоўцы, што вядуць асацыяльны лад жыцця, адзінока пражываючыя пажылыя людзі.
— Добры дзень, да вас назіральная камісія, — ветліва звярнулася да бабулі па прозвішчу Канаплянік, што стаяла ля весніц свайго падворка, спецыяліст па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ніна Анісімава.
— Заходзьце, заходзьце, — узрадавана сказала старая. — Добра, што не абмінаеце ўвагай нашы хаты, клапоціцеся пра нас пажылых.
Пасля чаго яна павяла ўсіх спецыялістаў камісіі ў хату. Там, сеўшы на зэдлік, з ахвотай і падрабязна адказвала на пытанні работніка тэрытарыяльнага цэнтра. Ніна Канстанцінаўна распытвала бабулю пра тое, ці не мае яна нараканняў на працу сацыяльнага работніка, якія праблемы яе турбуюць, ці наведваюць дзеці і пра многае іншае, што тычыцца цяперашняга жыцця. Не стаялі без справы і іншыя члены назіральнай камісіі. Інспектар нагляду і прафілактыкі Жыткавіцкага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Друк праверыў спраўнасць пячнога ацяплення, супрацьпажарнага апавяшчальніка, а інспектар энерганагляду Віталь Нямчэня — электралічыльнік. Калі першы спецыяліст парушэнняў не выявіў і заўваг не выказаў, то па электрычнай частцы яны ўзніклі. У пробках замест завадскіх уставак былі самаробныя, народ такія называе “жучкамі”.
— Што ж вы так неахайна ставіцеся да бяспекі сваёй хаты, — папракнуў бабулю Віталь Нямчэня. З-за такіх пробак і пажар можа надарыцца.
Васьмідзесяцігадовая жанчына пачала хутка апраўдвацца:
— Я ж не ведала, што яны няспраўныя. Мне ж толькі нядаўна мянялі лічыльнік і нічога не сказалі пра няспраўнасць. Але я выпраўлюся, сёння пашлю сацыяльную работніцу, каб купіла новыя пробкі і ўстанавіла.
Дарэчы, гаспадыня вельмі хваліла свайго сацыяльнага работніка гасцям, як і фельчара мясцовага ФАПа. Дарэчы, яго загадчык Канстанцін Прылуцкі пастаянна ўдзельнічае ў выяздах назіральнай камісіі сельскага Савета. Менавіта такія людзі з’яўляюцца першымі памочнікамі пажылым вяскоўцам ва ўсім, бо іх клопаты вельмі патрэбны старым. Здароўе падводзіць, а ў хаце спраў заўсёды хапае. Даўшы гаспадыні яшчэ некалькі карысных парад, спецыялісты назіральнай камісіі пакінулі яе хату.
У другім доме камісію сустрэлі таксама без здзіўлення. Было відаць, што адзінокая пенсіянерка добра ведае, чаму да яе ў хату завітала адразу столькі многа работнікаў розных службаў. Зразумела, гэта сведчанне таго, што назіральная камісія Юркевіцкага сельсавета працуе пастаянна і мэтанакіравана. І няхай у гэтай хаце ўсё было ідэальна, але ў гаспадыні знайшлося пытанне да супрацоўніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
— Раней мне рабілі заўвагу, каб набыла і ўстанавіла супрацьпажарны апавяшчальнік, — звярталася жанчына да Дзяніса Друка. — Прыбор я купіла, а вось, дзе лепей яго прымацаваць, не ведаю.
— Канечне, найлепшы варыянт, каб такія апавяшчальнікі былі ў кожным пакоі, але, калі ён у вас адзін, то ўстанаўліваць яго трэба там, дзе спіце, — патлумачыў інспектар. — Увогуле, калі ёсць адвёртка, то я зараз вам яго і прымацую.
— На жаль, няма такога інструмента. Прыедуць дзеці ці ўнукі і самі зробяць, — заверыла жанчына. — Яны часта мяне наведваюць.
Зразумела, што і ў гэтым доме размовамі пра апавяшчальнік не абмежаваліся, а праверылі спецыялісты назіральнай камісіі і іншыя прадметы, няспраўнасць якіх можа нашкодзіць гаспадыні.
Спрактыкаванае вока інспектара энерганагляду Віталя Нямчэні адразу спынілася на ўводзе электрычнасці ў доме, дзе пражывае шматдзетная сям’я Мясніковічаў. І ў доме стан электраправодкі выклікаў занепакоенасць. Вельмі старая яна была, і правады патрэбна было неадкладна мяняць. Гаспадар патлумачыў, што збіраецца рабіць гэта вясной, бо ў гэтае жыллё толькі пераехалі. Спецыяліст назіральнай камісіі падрабязна патлумачыў бацьку траіх дзяцей, як усё зрабіць правільна. Выявілася, што супрацьпажарны апавяшчальнік таксама не працуе, бо ў ім адсутнічае элемент сілкавання. Ды і яшчэ адзін такі прыбор у пакоі дзяцей неабходна ўстанавіць. Мужчына цвёрда паабяцаў, што ўсе выказаныя заўвагі выправіць.
Адзначым, што няхай і няшмат фактараў, якія негатыўна ўплываюць на бяспечную жыццядзейнасць вяскоўцаў, было выяўлена назіральнай камісіяй у дамах у вёсцы Гулевічы падчас апошняга рэйда, але важна іншае, што зроблена гэта своечасова, што жыхары змаглі атрымаць патрэбныя кансультацыі па хвалюючых іх пытаннях ад кампетэнтных спецыялістаў. Некаму расказалі, як прымацаваць крэсла для дзіцяці ў аўтамабілі, некаму падказалі, як лепей вырашыць са сваім працаўладкаваннем, камусьці далі заўвагу, каб не складваў на печы недапаленыя цыгарэты, або адрамантаваў дзверцы ў грубцы, камусьці давялі інфармацыю, па якіх нумарах выклікаць экстранныя службы, а ў выніку зрабілі жыццё людзей бяспечнейшым. Ды і мясцоваму сельвыканкаму работа камісіі дазваляе больш дакладна вывучыць праблемы насельніцтва і аператыўна іх вырашаць. Таму і не спыняецца работа назіральных камісій у нашым раёне.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.