Абмалот збажыны ў акцыянерным таварыстве “Людзяневічы” вядзецца поўным ходам

культуру1 Для гэтага задзейнічана неабходная колькасць матэрыяльных і людскіх рэсурсаў. Таму і тэмпы работ забяспечваюцца адпаведна высокія.

З дырэктарам сельгаспрадпрыемства Анатолем Санюком па прыездзе ў гаспадарку адразу кіруемся на палетак, дзе працуюць камбайны.  Дарога няблізкая, ехаць давялося аж да вёскі  Грабава. Менавіта тут мясцовыя механізатары вялі абмалот аўса, масіў якога раскінуўся больш чым на чатырохстах гектарах. Каб  у дарозе час праходзіў хутчэй, Анатоль Васільевіч пачаў распавядаць пра цяперашнія надзённыя справы вяскоўцаў, якіх нямала.

— Зараз вядзем не толькі абмалот каласавых, але і не спыняем нарыхтоўку травяністых кармоў, — адзначыў дырэктар. — Распачалі сяўбу пажніўных і паўкосных культур на корм жывёле. Адным словам, спраў дастаткова — і рабочыя, і спецыялісты працуюць, не пакладаючы рук.

У тым, што ўдалося праехаць акцыянернае таварыства ад краю да краю, таксама ёсць свае плюсы: можна ацаніць плён старанняў мясцовых працаўнікоў. Яны ў ААТ “Людзяневічы” сёлета ўнушальныя, як і сама гаспадарка. Таму скошаныя сенажаці і валкі саломы на ўбраных палетках, дзе папрацавалі ўжо механізатары, змяняліся жоўтымі  палямі даспяваючай збажыны і зелянінай палеткаў кукурузы.

культуру— Мінулагодняй восенню і прайшоўшай вясной мы шмат зрабілі, каб закласці трывалы падмурак для сёлетняга ўраджаю, — расказвае Анатоль  Санюк. — Калі б яшчэ надвор’е спрыяла, то клопатаў у нас зараз было б больш. На жаль, толькі з-за восеньскіх замаразкаў страцілі тысячу гектараў пасеваў азімага рапсу. Ды і каласавыя часткова загінулі. А гэтыя плошчы цяпер убіраліся б. Таму і ставім задачу, каб правесці абмалот застаўшайся збажыны без страт.

Гутарка прыпынілася, калі аўтамабіль звярнуў з асфальтаванай шашы на гравійку, што вяла праз вёску да палетка, адкуль даносіўся гул рухавікоў камбайнаў. Размову прыйшлося прыпыніць да лепшага часу, бо ад трасення ў машыне  немагчыма было пачуць субяседніка.  Падумалася,  як па такой дарозе можна перавозіць без страт зерне. Вадзіцелям гаспадаркі патрэбна быць сапраўднымі віртуозамі, каб на выбоінах не дапусціць прасыпання збажыны. Зразумела, што пера-адольваць такі ўчастак, гэта значыць, губляць хуткасць, што рабоце ніяк не спрыяе. Кіраўнік звяртаўся ў Тураўскае ДЭУ-111, каб дарожнікі да пачатку жніва прагрэйдзіравалі дарогу, але яго просьба засталася без увагі. Таму людзяневіцкіх хлебаробаў суцяшае толькі адно, што аўсяны масіў яны ўбяруць хутка і пераедуць на палі, да якіх вядуць дарогі ў лепшым стане.

Шырокі палетак са спелай збажыны адкрыўся  адразу, як выехалі за вёску. На ім нібы мурашы снавалі дзевяць чырвоных камбайнаў вытворчасці “Гомсельмаш”, падразаючы сцябліны збажыны ледзь не да самай зямлі. За імі роўнымі радамі клаліся валкі саломы. Было добра відаць, што камбайнераў падганяць не патрэбна, яны сваю хлебаробскую справу ведаюць на выдатна. Закончылі  адну частку поля, адразу ж узяліся за абмалот іншай, праз дарогу. Некалькі машын спыніліся на ўскрайку палетка. Не па прычыне паломак, а таму, што іх бункеры напоўніліся залацістымі зярнятамі. Пакуль да іх пад’язджалі МАЗы, удалося распытаць камбайнераў пра іх працу. Самым ахвочым да размовы аказаўся Валерый Гатчэня:

— Убіраць хлеб для мяне ў радасць. Рабілі гэта ўжо не адзін дзясятак гадоў з вялікім задавальненнем, бо гэта плён працы ўсяго нашага калектыва. Свой камбайн адрамантаваў асабіста, таму, думаю, не падвядзе тэхніка. Кіраўніцтва гаспадаркі  стварыла ўсе ўмовы для паспяховай работы: арганізавана двухразавае гарачае харчаванне, на полі пастаянна дзяжурыць слесар, які дапамагае нам ухіляць паломкі. Ды і матэрыяльныя стымулы варты таго, каб бездакорна працаваць і дабівацца высокіх намалотаў: плацяць не толькі за выданую колькасць тон, але і якасць абмалоту, рамонты. Таму хочацца  дабівацца максімальнага выніку, тым больш што ў нас сярод камбайнавых экіпажаў разгарнулася не жартоўнае саперніцтва, якое вый-граць вельмі прэстыжна.

Свае словы механізатар пастаянна пацвярджае дзённай выпрацоўкай.  Набірае  за змену па восем-дзевяць бункераў зерня. Дарэчы, Валерый з моцнай хлебаробскай дынастыі, пачатак якой паклаў яго бацька. Цяпер у акцыянерным таварыстве працуюць яшчэ некалькі братоў і сястра Гатчэняў. Адным словам, цэлая вытворчая брыгада.

— Сёлета на ўборцы ў нас працуюць усе вопытныя і спрактыкаваныя камбайнеры, — дадае дырэктар гаспадаркі Анатоль Санюк. — Таму за дзень намалочваем  амаль па трыста тон зерня, якое дастаўляецца на збожжатакі і дапрацоўваецца.  У ліку тых, хто забяспечвае поспех на хлебнай ніве у гэтыя дні, такія камбайнеры як Сяргей Ахоценка, Валерый Гатчэня, Аляксандр Чыгер, Валерый Савіцкі, Павел Чопчыц, Міхаіл Кудзелька, Мікалай Татур, Раман Салавей, Аляксандр Бруцкі, вадзіцелі Юрый Сулкоўскі, Мікалай Таргонскі, Васілій П’яўко, Міхаіл Месніковіч, Канстанцін Гатчэня, і слесар Алег Кудзелька. Кіпіць праца і на таках, тут нам на дапамогу прыйшлі вучні школ.

Як адзначыў далей Анатоль Васільевіч, станоўчыя вынікі на ўборцы прыносіць тое, што спачатку ўбіраем і дапрацоўваем поўнасцю адной каласавой культуры, а потым толькі бярэмся за іншую. Таму і невыпадкова, што з акцыянернага таварыства “Людзяневічы” на хлебную базу паставілі першыя сотні тон хлеба новага ўраджаю ў лік дзяржзаказу. Усяго на патрэбы дзяржавы гаспадарка павінна адгрузіць больш трохсот тон.

— Збожжа ў нас будзе, магчыма, нават болей чым летась, — кажа кіраўнік. — Уся наша ўборачная плошча сёлета складае больш за дзве тысячы сямсот гектараў, абмалацілі толькі пятую яе частку. Ураджайнасць зерневых культур складае 30,3 цэнтнера з гектара, агульны намалот  амаль дзве тысячы тон.

Старанная праца людзяневіцкіх хлебаробаў у гэтыя дні надае ўпэўненасці дырэктару гаспадаркі, што ў калектыва ўсё атрымаецца так, як запланавалі.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.