Раім пачытаць у Жыткавічах

Хто сказаў, што беларуская літаратура збяднела на новыя таленты? Хай іх і не так шмат, як нам хацелася б, але яны ёсць. І ўдвайне прыемней, калі яны нараджаюцца на нашай Гомельшчыне, на зямлі славутага класіка Івана Мележа. Яркі доказ таму – творчасць нашага земляка-палешука Андрэя Федарэнкі.

Ён нарадзіўся ў вёсцы Бярозаўка Мазырскага раёна 17 студзеня 1964 года. Скончыў Мазырскі політэхнічны тэхнікум і бібліятэчны факультэт Мінскага інстытута культуры. Служыў у Савецкай Арміі. Працаваў мулярам у Мікашэвічах, на чыгунцы ў Калінкавічах, старшым бібліятэкарам Бярозаўскай бібліятэкі, карэктарам штотыднёвіка “7 дней”, загадчыкам аддзела навукі і мастацтва часопіса “Полымя”, на кінастудыі “Беларусфільм”. У 2005 – 2011 гадах – загадчык аддзела прозы ў часопісе “Маладосць”, у 2011-2012 гадах – супрацоўнік аддзела прозы і паэзіі газеты “Літаратура і мастацтва”.

У мінулым годзе Федарэнку споўнілася 50 гадоў. З гэтай нагоды вядомы літаратуразнаўца Міхась Тычына ў адным з інтэрв’ю сказаў, што “Андрэй Федарэнка натуральным чынам ўвайшоў у шэраг беларускіх класікаў, у тым ліку тых, каго мы прывыклі так называць. Жывых літаратараў рэдка так называюць, аднак Федарэнку можна лічыць класікам, які жыве і шмат працуе ў адзін з намі час. І тое, што ён робіць, выклікае ўвагу і павагу”. Далей Тычына дадае: “Бадай што Федарэнка адзіны, што цяпер апісвае штодзённую рэальнасць простых людзей з вёскі. Здавалася б, ён сам даўно жыве ў горадзе, аднак душой з гэтымі людзьмі, з іх болем і клопатам. Да таго ж у кнігах Федарэнкі вельмі яскравыя “вылазкі” у гісторыю, калі ён піша пра паўстанне Каліноўскага ці Слуцкае паўстанне – тэмы, якія дагэтуль выклікаюць спрэчкі”.

З Міхасём Тычынам нельга не пагадзіцца: Федарэнка па-сапраўднаму таленавіты. Пасля першых жа публікацый у часопісе “Маладосць” у 1987 годзе пра А. Федарэнку імгненна “загаварылі”. Спачатку – ў рэдакцыйных кабінетах ды прыватных літаратурных кампаніях. А крыху пазней, пасля выхаду кнігі “Гісторыя хваробы” (1989 г.), яго творчасць прыцягнула ўвагу крытыкаў і літаратуразнаўцаў. І гэта ўпаўне натуральна, бо ўжо ў дэбютнай кніжцы малады пісьменнік красамоўна заявіў пра свой эпічны талент, прадэманстраваў здольнасць да глыбокага псіхалагічнага аналізу і мастацкай тыпізацыі характараў.

Кажуць: пра што б ні пісаў пісьменнік – ён заўсёды піша пра сябе. У адносінах да Федарэнкі гэтую крылатую фразу можна ўспрымаць амаль літаральна, бо шмат якія з яго твораў маюць аўтабіяграфічны характар. Да іх ліку належаць аповесці “Гісторыя хваробы”, “Вёска”, “Пра аднаго пісьменніка”, эсэ “З кошыкам, або Гісторыя ненапісанай аповесці”, раман “Рэвізія”, шматлікія апавяданні. У той жа час ніводзін з названых твораў не з’яўляецца літаральным жыццяпісам аўтара, фактычна ў кожным з іх пераважае мастацкі вымысел. Інакш кажучы, аўтабіяграфічны элемент прысутнічае, але ён падпарадкоўваецца творчай задуме, выступае матэрыялам пабудовы мастацкага сюжэта. Нават пра раман-эсэ “Мяжа” нельга сказаць, што ён з’яўляецца абсалютным адлюстраваннем рэальнага жыцця аўтара, хаця ў гэтым творы непасрэдны аўтабіяграфізм дамінуе над мастацкім фактам. Тут пісьменнік робіць спробу “разабрацца ў сабе”, зафіксаваць нараджэнне і рэалізацыю (з усёй непаслядоўнасцю, супярэчлівасцю, забяганнямі наперад і вяртаннямі назад) уласных задум. Тут адлюстраваны і працэс выспявання ідэі, і вырашальныя ўплывы знешняга жыцця, і само з’яўленне тэксту, з памкненнямі зрабіць відавочным “патаемнае” у творчым працэсе. Менавіта “Мяжа” дазваляе найбольш зразумець саму сутнасць асобы аўтара, манеру яго пісьма і лад мыслення.

Паводле сведчання аўтара, асноватворным імпульсам, які прымусіў яго “азірнуцца на сваё жыццё” – узяцца за напісанне аўтабіяграфіі — стала ўзроставая “мяжа”. “Сорак пяць… Сур’ёзная лічба. Крытычная, небяспечная мяжа. З ёй не пажартуеш. Не па мне былі, хто гэтай мяжы нават не перасёк, — першыя імёны, якія прыходзяць у галаву: Чэхаў, Мапасан, Шукшын. Зрэшты, хіба ў нас сваіх не хапае? Палуян, Багдановіч, Калюга… І тыя, хто дасягнуў гэтага слупа і проста на памежжы, на пагранічнай паласе зваліўся: Чорны, Гарэцкі… І тыя, хто не намнога яе перасягнуў: Сыс, Пісьмянкоў, Асташонак… Карацей: заступіўшы адной нагой на мяжу са слупа з лічбаю “45”, адчуў я цягу да падрахункаў, чысткі, рэвізіі ў галаве, у жыцці, у літаратуры, пачаў перабіраць чарнавікі, пісьмы, дзённікі, скідваць сёе-тое на кампутар, не надта задумваючыся, навошта”.

Сапраўднай з’явай у беларускай літаратуры пачатку 21-га стагоддзя стаў яго раман “Рэвізія”. У вобразе галоўнага героя Алеся Трухана/Трухановіча яўна пазнаецца сам аўтар. У гэтым творы А. Федарэнка наладзіў адмысловую рэвізію, выступіўшы ў традыцыйнай іпастасі: аўтар-герой-рэвізор. Яго рэвізія была ў пэўнай ступені прысвечана дзейнасці літаратурнага аб’яднання “Тутэйшыя”, але, безумоўна, не абмежавалася адно падсумаваннем творчых здабыткаў таварыства. Па сутнасці пісьменнік зрабіў спробу мастацкага асэнсавання агульных заканамернасцей працэсу развіцця айчыннай літаратуры, агляду яе тэматычных і вобразна-выяўленчых абсягаў. А паралельна з гэтым паспрабаваў адказаць на самыя актуальныя для мастака пытанні: у чым сэнс і мэта мастацкай творчасці, ці варта ўвагі, а галоўнае духоўных высілкаў тое, што мы робім, як і пра што трэба пісаць? Інакш кажучы, пісьменнік выступіў у творы ў ролі гісторыка літаратуры і яе крытыка.

У эсэ “З кошыкам, або Гісторыя ненапісанай аповесці” А. Федарэнка на практыцы прадэманстраваў, што ў літаратуры няма “вытаптаных дзялянак”, кожную тэму можна раскрыць па-новаму. У аповесці “Пра аднаго пісьменніка” сюжэт пабудаваны на “канфлікце” вопытнага рэдактара часопіса і аўтара-пачаткоўца, жанчыны, якая працуе дыспетчарам пуці на невялікай станцыі.

федоренкоУ 2012 годзе пісьменнік выдаў кнігу прозы “Ланцуг”, у якую ўвайшлі шэсць аповесцяў і зборнік эсэ “Сечка”. Пераклаў на рускую мову кнігу “Афганская шкатулка”. У 2013 годзе выдаў зборнік выбраных твораў “Вёска” і надрукаваў шэраг твораў у літаратурна-мастацкіх часопісах. Аповесць “Ціша” адразу выклікала рэзананс у літаратурных колах. Яна, вобразна кажучы, “двухадрасная”, з аднолькавай цікавасцю чытаецца падлеткамі і дарослымі. У аповесці “Дзядзька Адольф” вобраз галоўнага героя атрымаўся настолькі неадназначным, што яго тлумачэнне палягае ў дыяметральна супрацьлеглых маральна-этнічных каардынатах. Адны чытачы лічаць яго шаранговым правінцыйным няўдачнікам-наіўным, крыху абмежаваным, не надта шчаслівым, які заслугоўвае адно спачування і шкадавання. Другія схільныя бачыць у ім “маленькага фюрэра” – безпадстаўна амбітнага, эгаістычнага і эгацэнтрычнага, жорсткага, няздольнага, — не толькі да любові, але нават да элементарнага спачування. І зноў усё ў стылі Федарэнкі — шчыра і проста, шматзначна і складана. Віртуозна, адным словам.

Такім чынам, сваё 50-годдзе Андрэй Федарэнка сустрэў у творчым росквіце. У яго ёсць фактычна ўсё, пра што можа марыць пісьменнік, — талент, запатрабаванасць, прызнанне крытыкаў і літаратуразнаўцаў, чытацкая ўвага і павага. Мы ўвесь час з нецярпеннем чакаем новыя творы гэтага цудоўнага пісьменніка. Бо піша іх вялікі талент.

Сяргей Кулакевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.