Працоўныя здабыткі калектыва МВУ “Жыткавічыміжрайгаз”

Газовики + торфобрикетный 014Традыцыйна да прафесійнага свята лепшыя  працаўнікі газавай галіны раёна атрымліваюць узнагароды ад свайго вышэйстаячага кіраўніцтва.

У гэтым годзе Ганаровай граматай Міністэрства энергетыкі адзначана старанне слесара Валянціна Бялько. Механік Аляксандр Касцюк прызнаны лепшым па прафесіі  па прадпрыемству “Гомельаблгаз”.  Ганаровая грамата кіраўніцтва аблгаза ўручана і дырэктару  МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” Івану Купрацэвічу.

— Канечне, вельмі прыемна, што так высока ацэнена твая праца, — гаворыць Іван Віктаравіч. — Але найперш лічу, што гэтая ўзнагарода ўсяго калектыву, які ўзначальваю. Я вельмі ганаруся, што на нашым прадпрыемстве  падабраліся высокапрафесійныя спецыялісты, якія здольныя вырашаць самыя складаныя  вытворчыя задачы.

У Івана Купрацэвіча вельмі дружная каманда памочнікаў, у ліку якіх спецыялісты інжынерна-тэхнічнай службы, бухгалтэрыі, іншых аддзелаў. З многімі з іх Іван Віктаравіч пачынаў сваю працоўную дзейнасць у МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” простым рабочым. Прайшоў да кіраўніка прадпрыемства ўсе прыступкі кар’ернай лесвіцы.

— У нас многія спецыялісты зрабілі кар’еру, пачынаючы з рабочай прафесіі, — расказвае кіраўнік. — А ўсё таму, што працаўнікі  пастаянна  клапоцяцца пра свой адукацыйны ўзровень, павышаюць яго ў навучальных установах. На цяперашні час вучацца ў ВНУ пяць работнікаў, яшчэ адзін — у сярэдня-спецыяльнай установе. Усяго ў калектыве працуе 32 спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, што складае больш дваццаці працэнтаў ад агульнай колькасці працаўнікоў. Несумненна, што гэтая акалічнасць станоўча ўплывае на нашу вытворчую дзейнасць.

У доказ сваіх слоў кіраўнік прывёў нямала красамоўных фактаў , якія пазітыўна характарызуюць цяперашнія справы жыткавіцкіх газавікоў. Усе свае вытворчыя заданні за сем месяцаў яны перавыканалі на 103-110 працэнтаў. Спажыўцам за сем месяцаў пастаўлена 10 мільёнаў 818 тысяч метраў кубічных прыроднага газу, з якіх 7 мільёнаў 524 тысячы метраў кубічных — прамысловым прадпрыемствам і 3 мільёны 294 тысячы — насельніцтву. Акрамя гэтага жыткавіцкія газавікі рэалізавалі спажыўцам 1109 тон звадкаванага газу. Не менш паспяхова спрацаваў калектыў і па іншых пазіцыях. Напрыклад, газіфіцыравалі за азначаны перыяд  95 домаўладанняў, перавялі са звадкаванага на прыродны газ 98 спажыўцоў, замянілі 395 газавых пліт, устанавілі больш за паўсотні прыбораў уліку.

Бягучы верасень для работнікаў газавай галіны вобласці праходзіць пад знакам рэарганізацыі. Закрануў гэты працэс і МВУ “Жыткавічыміжрайгаз”. Цяпер прадпрыемства стане адным з шасці філіялаў РПУП “Гомельаблгаз”. Гэта таксама прыклад прызнання прафесіяналізму жыткавіцкіх газавікоў, бо ў многіх раёнах аналагічныя прадпрыемствы будуць далучацца да больш буйных. Зразумела, што падчас рэарганізацыі газавай гаспадаркі вобласці адбудуцца пэўныя кадравыя змены. Іван Купрацэвіч вельмі горды тым, што на ўзначальваемым ім прадпрыемстве ўдалося правесці гэты працэс без скарачэння людзей і захаваць калектыў.

Увогуле Іван Віктаравіч, калі расказвае пра спецыялістаў  і рабочых  МВУ “Жыткавічыміжрайгаз”, не скупіцца на добрыя словы пахвалы ў іх адрас.  Нават  і да тых, хто аступіўся ў жыцці. Так, на цяперашні час на прадпрыемстве працуе  ў адпаведнасці з васямнаццатым дэкрэтам адна абавязаная асоба.

— Парадак і чысціня, што пануюць пастаянна  на нашым двары, — гэта яе заслуга, — гаворыць Іван Віктаравіч. — У цэлым жа клопатамі пра добраўпарадкаванне ў нас жыве кожны работнік. Гэта таксама адзін з важных бакоў нашай паўсядзённай дзейнасці.

Сапраўды, прайшоўшы па вытворчай тэрыторыі газавага прадпрыемства, бачыш, як стараюцца яго працаўнікі падтрымліваць парадак. Усюды разбіты кветнікі, двор падмецены, абнаўляюцца вытворчыя памяшканні. Сёлета на іх рамонт выдаткавана 425 мільёнаў рублёў, палова з якіх асвоена на абнаўленне гаражнага бокса для аварыйнай службы. Памацнеў МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” і ў тэхнічным плане. Уся тэхніка арганізацыі практычна новая, што намнога аблягчае работу працаўнікам і павышае якасць аказваемых спажыўцам паслуг. Самае галоўнае ў жыцці калектыву, як лічыць яго дырэктар Іван Купрацэвіч, што ў прадпрыемства маюцца добрыя перспектывы для далейшага развіцця. Яны ў тым, што з кожным годам павялічваюцца тэмпы газіфікацыі, прычым не толькі ў райцэнтрах, але і сельскай мясцовасці. У планах жыткавіцкіх газавікоў падвесці прыродны газ у аграгарадок Сяменча. І з такой задачай ім справіцца па сілах, бо спецыялісты МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” сваю справу ведаюць.

На здымку: дружная і высокапрафесійная каманда ў дырэктара МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” Івана Купрацэвіча.

IMG_7189[1]Не хлебам адзіным

Працоўны калектыў МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” жыве не толькі вытворчасцю, але і паўнацэнна адпачывае, што толькі спрыяе асноўнай дзейнасці. Заняткі спортам, здаровы лад жыцця, актыўны ўдзел у культурна-масавых мерапрыемствах  – гэта ў першую чаргу вітаецца і падтрымліваецца кіраўніцтвам МВУ “Жыткавічыміжрайгаз”.

На прадпрыемстве адказвае за спартыўную дзейнасць механік Аляксандр Касцюк. Менавіта дзякуючы яго ініцыятыве каманда “Газавік” з’яўляецца адной з мацнейшых у раённай спартакіядзе сярод калектываў фізічнай культуры прадпрыемстваў Жыткаўшчыны. Ды і не толькі нашага рэгіёна, але і сярод працоўных калектываў галіны вобласці. З 13 галіновых спартакіяд, што праводзіліся сярод газавікоў Гомельшчыны, жыткаўчане адзінаццаць разоў выйгравалі гэтыя спаборніцтвы. Стала пераможцай каманда МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” і сёлета.

— Наша перамога ў галіновай спартакіядзе з’яўляецца заканамерным вынікам той работы, што мы праводзім па папулярызацыі здаровага ладу жыцця, — расказвае Аляксандр Мікалаевіч. — Адзначу і такі факт, што па выніках абласной спартакіяды пятнаццаць прадстаўнікоў нашага прадпрыемства ўключаны ў склад зборнай вобласці газавікоў, якія выступяць на рэспубліканскім узроўні.

Аналізуючы вынікі спартыўнага жыцця арганізацыі, Аляксандр Касцюк зазначыў, што ў МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” склаўся даволі здаровы касцяк спартсменаў. А самае радаснае, што ён пастаянна папаўняецца маладымі работнікамі. У ліку лепшых спартсменаў Юлія Аліфяровіч, Аліна Мялешка, Іван Савасценя, Сяргей Аліфяровіч, Віталь Бабашка, Юрый Козел, Сяргей Барун і многія іншыя працаўнікі калектыву.

Насычанае не толькі спартыўнае жыццё МВУ “Жыткавічыміжрайгаз”, але і культурна-масавае. У гэтым накірунку плённа працуюць прафсаюзны лідар Жанна Кучыц і ідэалагічны работнік Юлія Аліфяровіч.

— У нашым калектыўным дагаворы  многія палажэнні накіраваны на падтрымку ветэранаў калектыву і цяперашніх дзеючых работнікаў, — гаворыць Жанна Адамаўна. — Пажылых людзей мы падтрымліваем матэрыяльна  з нагоды галоўных дзяржаўных святаў.  Для работнікаў арганізуем шмат культурных мерапрыемстваў: агеньчыкі, экскурсіі, ушаноўваем прэміямі дасягненні спартсменаў, лепшых працаўнікоў, актывістаў грамадскага жыцця прадпрыемства.

Несумненна, што такая значная ўвага, якая аказваецца адміністрацыяй і прафкамам МВУ “Жыткавічыміжрайгаз”, толькі спрыяе знітаванню калектыву па вырашэнні асноўных вытворчых задач. Як адзначыла старшыня прафкама Жанна Кучыц, старэйшыя працаўнікі прадпрыемства актыўна прыцягваюць у гэтую сферу дзейнасці моладзь, а гэта робіць калектыў толькі дзеяздольнейшым.

Изображение 011Патрэбы людзей выконваюць

Ігар Макарэвіч, Іван Найдзюк, Дзмітрый Краўчук, Барыс Сулкоўскі, Віктар Саўчыц, Дзмітрый Пушкароў, Генадзь Макарэвіч, Пятро Мірановіч і іншыя спецыялісты – гэта тыя работнікі, якія адказваюць  у МВУ “Жыткавічыміжрайгаз”за газафікацыю раёна.

Усё больш жыткаўчан, і не толькі ў райцэнтры, імкнуцца  карыстацца ў сваім жыллі прыродным газам. Без прамаруджвання ў гэтым насельніцтву дапамагаюць вышэйназваныя спецыялісты. Служба газіфікацыі МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” – мабільнае падраздзяленне, мае ўсё неабходнае для выканання сваіх непасрэдных абавязкаў. За год яны здольныя перавесці на прыродны газ некалькі соцень спажыўцоў. Гэтаму спрыяе іх высокі прафесіяналізм і адказныя адносіны да справы.

— Нашы спецыялісты могуць выканаць самыя складаныя задачы, — расказвае майстар Ігар Макарэвіч. — Хацелася б, каб жыхары раёна больш актыўна праводзілі ў сваё жыллё прыродны газ. Магчымасці для гэтага маюцца ў выглядзе танных крэдытаў, што выдаткоўвае дзяржава на газіфікацыю. Працаўнікі нашай службы здольныя на высокім узроўні выканаць усе неабходныя работы.

Такая ўпэўненасць кіраўніка структурнага падраздзялення грунтуецца на прафесіяналізме сваіх падначаленых. Пасля выканання заказаў спажыўцоў газу ніхто з апошніх не выказаў нараканняў на якасць іх работы.

Изображение 006Галоўны прынцып

— Мы цвёрда кіруемся асноўным прынцыпам дзейнасці нашага прадпрыемства: “Бесперапынная і безаварыйная падача газу спажыўцам”, — гаворыць старшы майстар аварыйна-дыспетчарскай службы Аляксандр Гаўрыловіч.

У структурным падраздзяленні, якое ўзначальвае Аляксандр Уладзіміравіч, працуюць найбольш вопытныя і спрактыкаваныя  спецыялісты прадпрыемства. Менавіта яны павінны супрацьстаяць пазаштатным сітуацыям на аб’ектах газазабеспячэння раёна. Іх хоць і няшмат надараецца, але ўхіліць прафесіяналы з аварыйна-дыспетчарскай службы гатовы за лічаныя хвіліны. Сваю службу яны нясуць кругласутачна. На збор брыгадам-аварыйшчыкам ( іх у МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” пяць) адводзіцца не больш паўгадзіны. І гэта незалежна ад месца знаходжання спецыялістаў. У гэты сціслы нарматыў работнікі аварыйна-дыспетчарскай службы ўкладаюцца без усякіх праблем, што сведчыць аб іх высокім прафесіяналізме. Падчас наведвання МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” удалося пагутарыць з дзяжурнай брагадай АДС у складзе майстра Аляксандра Канапацкага, слесара Юрыя Ільені, вадзіцеля Сяргея Найдзіна і іх непасрэднага начальніка Аляксандра Гаўрыловіча. Усе аднадушна зазначылі, што яны гатовы выконваць ускладзеныя на іх задачы. Для гэтага яны маюць адпаведныя веды, якія пастаянна ўдасканальваюць у навучальных установах, і практычныя навыкі.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.