Кожны голас жыткаўчан — важны

кожныУчора па ўсёй краіне расчынілі дзверы выбарчыя ўчасткі. У буднія дні, пачынаючы з дзесяці гадзін раніцы і да чатырнаццаці дня, а вечарам – з пятнаццаці і да дзевятнаццаці, у суботу — з дзесяці да чатырнаццаці гадзін кожны чалавек, які мае права голасу, можа датэрмінова выказаць  сваё волевыяўленне за таго або іншага кандыдата на пасаду прэзідэнта нашай дзяржавы.

У Жыткавіцкім раёне вызначана 65 месцаў для галасавання.  Немалая колькасць выбаршчыкаў прыйшла  на ўчасткі ў гэтыя дні, каб скарыстацца сваім канстутыцыйным правам. У ліку іх такое жаданне, датэрмінова аддаць уласны голас, выявіла і  спецыяліст райкама БРСМ Святлана Батава.

– У асноўны дзень  выбараў, 11 кастрычніка, у мяне не будзе магчымасці  прагаласаваць за будучага прэзідэнта, – расказвае Святлана Уладзіміраўна. – Я з’яўляюся членам раённай выбарчай камісіі, таму ўвесь дзень буду працаваць там. Вось і вырашыла  выказаць волевыяўленне зараней, каб не адцягваць сваёй увагі ад спраў і абавязкаў, якія ўскладзены на мяне ў раённай камісіі.

Святлана Батава справядліва лічыць, што грамадзяне краіны павінны зрабіць свой выбар, бо кожны голас важны ў такіх знакавых грамадска-палітычных кампаніях. Жанчына прагаласавала на выбарчым участку №4, які знаходзіцца ў адміністрацыйным будынку ААТ “Жыткавічлес”. Тут усё гатова да выбараў: устаноўлены кабінкі, скрынкі для бюлетэняў, наладжана дзяжурства членаў камісіі і супрацоўнікаў, якія заняты аховай участка і забяспечваюць на ім бяспеку.

– Людзі прыходзяць галасаваць датэрмінова, асабліва пажылыя – расказвае член камісіі Ігар Нікіфараў. – Мы робім усё, каб не былі парушаны іх выбарчыя правы, але ж асноўную масу грамадзян, надзеленых правам голасу, чакаем у нядзелю.

Датэрміновае галасаванне будзе праходзіць  увесь тыдзень, уключаючы і суботу. А гэта прамое сведчанне таго, што дзяржава дае магчымасць сваім грамадзянам скарыстацца канстытуцыйнымі правамі без усялякіх перашкод.

Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.