Паспяхова выступілі жыткаўчане на семнаццатым абласным аглядзе-конкурсе афганскай песні
Паспяхова выступілі жыткаўчане на семнаццатым абласным аглядзе-конкурсе афганскай песні «Час выбраў нас», які прайшоў у горадзе Жлобіне. Нашы спевакі сталі пераможцамі ў дзвюх намінацыях мерапрыемства. Усяго ў ім бралі ўдзел сорак два выканаўцы з усіх раёнаў Гомельшчыны.
Гонар нашага раёна на конкурсе адстойвалі Уладзімір Ярэміч, які прадстаўляў Жыткавіцкі аўтаклуб і Дзмітрый Цвяткоў з гарадскога цэнтра культуры. Уладзімір Ярэміч на мерапрыемстве выканаў песню «Нашым землякам», словы і музыку якой напісаў сам, а Дзмітрый Цвяткоў праспяваў твор А. Разэнбаўма «Чорны цюльпан».
Журы мерапрыемства высока ацаніла выканальніцкае майстэрства спевакоў з Жыткаўшчыны, узнагародзіўшы іх каштоўнымі падарункамі і дыпломамі ў намінацыях: У. Ярэміча — лепшая аўтарская песня, а Дз. Цвяткова — за вернасць афганскай песні.