На Жыткаўшчыне весела адзначылі Каляды

колядаУ райцэнтры гэтаму спрыяла вялікае свята, якое зладзілі на цэнтральнай плошчы.
Як толькі добра звечарэла, 13 студзеня, на вуліцах райцэнтра з’явіліся групкі людзей у масках і маскарадных касцюмах. Пасля таго, як яны заварочвалі ў чарговы двор, адтуль на розныя галасы па наваколлі разносіліся радасныя воклічы: “Пане-гаспадару! Ці можна пакалядаваць, ваш дом павесяліць?” Зразумела, што адказы былі станоўчыя, і на падворку адразу разыгрывалася цікавая тэатралізаваная дзея з песнямі, жартамі, прымаўкамі і танцамі. Пасля чаго гаспадары шчодра адорвалі калядоўшчыкаў і тыя накіроўваліся да наступнага падворка.
Зразумела, што сядзець па хатах і кватэрах у такі чароўны вечар не хацелася многім гараджанам. Таму, хто з сябрамі, а хто сем’ямі, родзічамі яны выбіраліся ў цэнтр Жыткавіч, дзе ладзілася вялікае гулянне з улікам спрадвечных калядных народных традыцый, якія характэрны ў нашай мясцовасці. Гэтаму паспрыялі сцэнічныя выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці з Пагоста, Сяменчы, Чырвонага і Жыткавіч. “Міжрэчча” “Журавушка”, “Раніца” і Сваты” сваімі тэатралізаванымі пастаноўкамі каляднага абраду, выканальніцкім майстэрствам прыводзілі ўсіх у захапленне. Асабліва дзея падабалася маленькім дзецям, якія з вялікай ахвотай выручалі казачную Казу, кідаючы ёй розныя прысмакі і невялікія купюры, каб яна паднялася. А колькі прыгожых песень прагучала ў той вечар са сцэны, нават не падлічыш. Але выступленні самадзейных артыстаў сталі толькі пралогам да вялікага свята, радасці і весялосці. Асновай для гэтага сталі розныя гульні і забавы, а таксама танцы і карагоды вакол навагодняй ёлкі.
Так, надвор’е не вельмі парадавала ўдзельнікаў мерапрыемства, але гэта ніколькі не сапсавала ім настрою, аб чым сведчылі станоўчыя эмоцыі на тварах гараджан. Свой унёсак у гэта зрабілі і працаўнікі раённага спажывецкага таварыства, спецыялісты доследнага рыбгаса “Белае”, якія ўсіх частавалі гарачымі кавай, гарбатай і юшкай.
Весела ішла каляда па Жыткавічах, і мяркуючы па гэтым, будзем спадзявацца, што бягучы год для нас складзецца надзвычай удала. Аб чым і засведчыла мноства пажаданняў. А яшчэ свята прадэманстравала, што ў раёне надзвычай прыхільна ставяцца да традыцый сваіх продкаў, і гатовыя іх берагчы і перадаваць наступным пакаленням.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.