Гадавы сход у КСУПе “Бялёў”, што на Жыткаўшчыне, з’яўляецца даволі значнай падзеяй не толькі для працаўнікоў гаспадаркі, але і для жыхароў ўсяго аграгарадка з аднайменнай назвай

белев1Гэта яскрава праявілася і на нядаўнім падвядзенні вынікаў работы сельгаспрадпрыемства за 2015 год. У зале мясцовай установы культуры, дзе яно праводзілася, сабраліся, як кажуць, і старыя і малыя, амаль паўтары сотні чалавек. Хаця ў КСУПе налічваецца крыху больш 120 працаўнікоў, і нямала з іх у час правядзення справаздачы знаходзіліся на сваіх рабочых месцах.
Такая цікавасць у людзей да падзеі тлумачыцца не толькі тым, што ім хочацца даведацца пра вынікі гаспадарчай дзейнасці, але і пра тых працаўнікоў, што прымнажалі вытворчыя здабыткі на палетках і фермах. Менавіта на гадавым сходзе кіраўніцтва імкнецца аддаць належную павагу сваім спецыялістам, якія найбольш плённа шчыравалі на дабрабыт у жывёлагадоўлі і раслінаводстве. На прайшоўшым падвядзенні вынікаў дзейнасці ў ліку такіх было названа не меней за тры дзясяткі прозвішчаў, агучаны меры заахвочвання механізатараў, жывёлаводаў і паляводаў. Грашовыя прэміі за мінулагоднюю працу атрымалі Аляксандр Гаўрылаў, Уладзімір Руды, Міхаіл Савіч, Сяргей Савіч, Павел Галавач, Уладзімір Шульга, Анатоль Чмыхун, Віктар Яскавец, Аляксандр Макарэвіч, Мікалай Чэркас, Леанід Папок, Аляксандр Брынявец, Дзмітрый Юранкоў, Вольга Паўлюшына, Ірына рубіс, Ганна Волк, Любоў Макарэвіч, Таіса Уханава, Валянціна Дралава, Ірына Жогаль, Таццяна Аношка і многія іншыя.
Менавіта традыцыйны аналіз гаспадарчай дзейнасці дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Ачапоўскі распачаў з найбольш значных поспехаў сваіх працаўнікоў. Уладзіміру Уладзіміравічу прыемна было казаць пра тое, што камбайнер Аляксандр Гаўрылаў стаў прызёрам раённага саперніцтва па выніках мінулагодняга жніва. У лідарах раёна сярод аператараў машыннага даення і Вольга Паўлюшына, якая ад адной каровы надаіла больш за шэсць тон малака. А дзякуючы працы корманарыхтоўшчыкаў, КСУП “Бялёў” выйшаў па выніках года ў прызёры абласнога саперніцтва па назапашванні кармоў. За мінулы год на адну ўмоўную галаву грамадскага статка працаўнікі сельгаспрадпрыемства змаглі нарыхтаваць больш за сорак кармавых адзінак корму. Не абышоў увагай кіраўнік і той факт, што калектыў адзначаны на раённым злёце перадавікоў вытворчасці спецыяльнай узнагародай Тураўскага малочнага камбіната, як найбольш плённа працуючы па паляпшэнні якасці прадаваемага малака. Вось так з асобных вытворчых перамог складваўся агульны поспех гаспадаркі.
— Несумненна, пагодныя ўмовы не вельмі нам спрыялі, — адзначалася дырэктарам Уладзімірам Ачапоўскім, — але калектыў здолеў ім супрацьпаставіць арганізаванасць, строгае выкананне тэхналогій, самааддачу і старанне, што толькі станоўча адбілася на выніках.
І гэта так. Вось некаторыя паказчыкі дзейнасці бялёўскіх аграрыяў. Ураджайнасць зерневых атрымана ў мінулым годзе 33,7 цэнтнера з гектара, бульбы 147 цэнтнераў. Яны не самыя горшыя ў раёне. Валавы надой малака атрыманы 2630 тон, што на 7,2 працэнта болей чым было ў папярэдні перыяд. На 255 кілаграмаў павялічыўся і надой ад каровы, які летась склаў 5001 кілаграм. На 119 працэнтаў прыбавілі ў гаспадарцы і па вырошчванні прадукцыі буйной рагатай жывёлы, а сярэднясутачных прываг дамагліся 678 грамаў, дабавіўшы да паказчыка 2014 года 33 грамы. Высока ацэнена і праца механізатараў, што назапашвалі для грамадскага статка кармы. Месяцамі кормаздабытчыкі, вобразна кажучы, не вылазілі з камандзіровак, працуючы за сотні кіламетраў ад сваіх дамоў. Але іх самааддача прынесла выдатны плён: цяпер гаспадарка не толькі не адчувае дэфіцыту ў травяністых кармах, але яшчэ паспяхова прадае іх іншым сельгаспрадпрыемствам. А гэта дадатковая выручка для далейшага развіцця. Дарэчы, за мінулы год па КСУПу яна склала 21735 мільёнаў рублёў. Чыстага прыбытку атрымана 374 мільёны рублёў, а рэнтабельнасць — 0,4 працэнта. Несумненна, што станоўчыя фінансавыя паказчыкі адыгрываюць важную ролю і на матэрыяльнай зацікаўленасці работнікаў. Менавіта ёй адведзена значнае месца ў калектыўным дагаворы, які прыняты працаўнікамі на сходзе. Разам з тым тут улічваюць уклад кожнага, таму чым большы вытворчы здабытак спецыяліста, тым важэйшая грашовая сума яго стымулявання.
Канечне, не міналі бокам бялёўскіх аграрыяў і праблемы. Асабліва летась гэта праяўлялася ў фінансавым плане. Высокая крэдыторская запазычанасць, так бы мовіць, не дазволіла на ўсю шырыню расправіць крылы і здзейсніць многія добрыя і неабходныя пачынанні. У прыватнасці, не ўдалося, як планавалі, завяршыць рэканструкцыю памяшканняў на ферме “Птушнік”. З чатырох да ладу давялі толькі два. Недахоп сродкаў не дае, як таго хочацца кіраўніцтву, праводзіць работы па стварэнні належных бытавых умоў на бялёўскай малочнатаварнай ферме, вырашаць аператыўна іншыя гаспадарчыя задачы. Але тут важна іншае, што нягледзячы на цяжкасці, кіраўніцтва гаспадаркі не адступае ад сваіх задум. Хутчэй наадварот ставіць перад калектывам яшчэ больш амбіцыёзныя планы. Менавіта на гэтай акалічнасці засяродзіў увагу прысутных на сходзе першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай п’яўко.
— Мне вельмі імпануе, што працаўнікі КСУПа “Бялёў” знаходзяцца ў ліку тых калектываў, якія кожны год прыбаўляюць у сваім развіцці, — адзначыў Мікалай Мікалаевіч. — Мінулы год быў не з лёгкіх для аграрыяў, але гаспадарка яскрава даказала сваю дзеяздольнасць. І я ўпэўнены, сёлета будуць паспяхова наперакор цяжкасцям выкананы тыя задачы, што пастаўлены перад сельгаспрадпрыемствам. Патэнцыял для гэтага маецца нядрэнны. У першую чаргу, гэта працавітыя людзі, адданыя роднай зямлі, на якой ствараюць свой уласны дабрабыт.
У доказ сваіх слоў начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко ўручыў заслужаныя ўзнагароды шэрагу работнікаў сельгаспрадпрыемства. У ліку іх галоўны заатэхнік Марына Ларчанка, аператар машыннага даення Вольга Паўлюшына, механізатары Аляксандр Гаўрылаў і Васіль Макарэвіч.
Новых поспехаў калектыву КСУПа “Бялёў” пажадаў і старшыня Марохараўскага сельскага Савета Генадзь Лесько, які адзначыў, што асновай для іх павіны стаць высокая працоўная і тэхналагічная дысцыпліна кожнага працаўніка і спецыяліста.
Закончыўся справаздачны сход працаўнікоў КСУпа “Бялёў” на аптымістычнай ноце. Добры настрой прысутным у зале падаравалі самадзейныя артысты народнага калектыву “Весялуха” Бялёўскай установы культуры. А як вядома, калі бярэшся за новыя справы з аптымізмам, то вынік іх заўсёды будзе станоўчым. Менавіта на гэта і нацэлены калектыў сельгаспрадпрыемства.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.