Набіраюць разгон арэлі

парк3парк5парк2парк1Цяпер значна цікавей стала бавіць свой вольны час маленькім жыткаўчанам у гарадскім парку імя Міколы Гамолкі. Нядаўна тут устанавілі  сем адзінак новых дзіцячых атракцыёнаў. Менавіта хлопчыкі і дзяўчынкі з навакольных дамоў разам са спецыялістамі камунальнай службы былі ў ліку першых, хто сустракаў новы набытак для райцэнтра.

Майстру КУП “Жыткавіцкі камунальнік” Анатолю Жураўлевічу  разам з рабочымі Міронам Дружыцкім і Рыгорам Радзіёнавым, якія  выгружалі з кузава аўтамашыны канструкцыі горак, арэляў, каруселі, раз-пораз прыходзілася адрывацца ад справы, каб папрасіць дзяцей не чапаць рукамі прывезеныя атракцыёны, бо гэта пакуль вельмі небяспечна. Але малыя праяўлялі настойлівасць і пакідалі месца выгрузкі толькі пасля таго, як задавольвалі сваю цікавасць, добра ўсё пакратаўшы рукамі. А потым, сабраўшыся на раней устаноўленым караблі, весела шчабяталі: абмяркоўвалі ўбачанае, будавалі планы, калі і на чым яны пакатаюцца найперш, ці будзе гэта бясплатна. І камунальшчыкі, нібы падслухалі дзіцячую гутарку-мрыю, з падвоенай энергіяй прыступілі да працы. Расставіўшы канструкцыі, яны дружна ўзяліся за лапаты, каб надзейна ўстанавіць атракцыёны, замураваць іх цэментным растворам. І ў той жа дзень, да вечара, з задачай справіліся паспяхова. А ўжо наступнай раніцай на гульнявой пляцоўцы ў парку звінеў дзіцячы смех, як падзяка дарослым за іх старанні і клопаты.

Сапраўды, да цяперашняй дзіцячай радасці непасрэднае дачыненне маюць многія жыткаўчане. Дзякуючы праведзенаму ў раёне суботніку ўдалося сабраць больш за сто мільёнаў рублёў сродкаў, якія і былі патрачаны на набыццё атракцыёнаў. Яны ж сёння не пустуюць ні дня. Хлопчыкі і дзяўчынкі нават у чэргі выстройваюцца, каб пагушкацца на арэлях, пакруціцца на каруселі або з’ехаць з пакручастай горкі. Відавочна, карысць ад агульнаграмадскай справы  дарослых для маленькіх жыткаўчан даволі вялікая.  І, думаецца, што такая дзейнасць павінна мець працяг для дабрабыту кожнага гараджаніна. Усё ж прыемна ўсведамляць, што ў тым ці іншым набытку ёсць і часцінка твайго ўкладу. Цяпер жа хочацца толькі аднаго, каб гэтак жа разам, як набывалі атракцыёны, жыткаўчане дружна прымалі захады для таго, каб арэлі,  каруселі, горкі як мага даўжэй радавалі маленькіх жыхароў райцэнтра. Такое магчыма  пры адной умове: беражлівых адносінах да грамадскай маёмасці. Іх прытрымлівацца павінны не толькі дарослыя, але гэтую якасць неабходна выхоўваць і ў дзяцей. Пакуль жа набытыя арэлі ў парку толькі набіраюць свой разгон. Будзем спадзявацца, што ён будзе імклівым і доўгім.

Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.