Сёлета КСУП “Чырвоны Бор” на лідзіруючых пазіцыях у Гомельскай вобласці

красный борСёлета КСУП “Чырвоны Бор” па назапашванні  травяністых кармоў на зімоўку грамадскаму статку знаходзіцца на лідзіруючых пазіцыях не толькі ў нашым раёне, але і ва ўсёй Гомельскай вобласці. Мясцовыя працаўнікі паклалі пад павеці 1186 тон сена, у сіласныя траншэі — 4321 тону сенажу і 4500 тон зернесенажу. На гэтым дзейнасць на грамадскіх сенажацях не спыняецца.

Падчас наведвання гаспадаркі корманарыхтоўшчыкі сельгаспрадпрыемства засяроджвалі свае высілкі на дзясятай сістэме. Тут ва-ўсю ішла закладка чарговага кургана. За чатыры дні стараннай працы ў ім ужо мелася больш  шасцісот тон травяной масы. Добрыя тэмпы корманарыхтоўкі забяспечваліся дзякуючы невялікаму плячу перавозкі і дастатковай колькасці тэхнікі. На кормаздабываючым комплексе траву здрабняў вопытны механізатар Андрэй Сініла. У яго за плячыма не адна такая кампанія і заўсёды гэты руплівец імкнецца дабівацца добрых вытворчых паказчыкаў. У гэтыя дні на сваім камбайне ён выдае да двух соцень здробненай травяной масы. Працуе Андрэй без прастоеў, бо яго калегі па нялёгкай справе Уладзімір Сасько, Алег Рагалевіч, Аляксандр Макарэвіч  і іншыя зладжана адвозяць масу з сенажаці да месца яе закладкі. Адным словам, тэмпы корманарыхтоўкі ў гаспадарцы нараканняў не выклікаюць. Тым больш што яны пасля абеда  нарастаюць, бо ў працу ўключаецца яшчэ адзін   комплекс, на якім працуе Уладзімір Літвінчук. У першай палове дня ён заняты на нарыхтоўцы “зялёнкі” на корм жывёле, што ўтрымліваецца на фермах. Справіўшыся з гэтым заданнем, механізатар актыўна дапамагае назапашваць сянаж на зімоўку.

Корманарыхтоўка — працэс даволі шматгранны і патрабуе дакладнага выканання кожнага тэхналагічнага прыёму на працягу ўсяго канвеера. Ды і прапісную ісціну, што кармы моцныя не толькі колькасцю, але і якасцю, таксама ніхто не адмяняў. Праверка кургана, які закладваўся, галоўным ветэрынарным урачом раёна  Сяргеем Ярмашам паказала, што ёсць пытанні. Напрыклад, тэмпература травяной масы была павышанай. Як адзначыў спецыяліст, гэта вынік таго, што, нягледзячы на рэкамендацыі, мясцовыя корманарыхтоўшчыкі прамарудзілі з закрыццём плёнкай назапашваемага корму. Зразумела, з цяперашнім падыходам ранейшыя высілкі і старанні, якія прыкладзены многімі механізатарамі на сенажацях, будуць марнымі, бо аддачы ад такога сенажу высокай не атрымаеш. Хаця, як адзначыў Сяргей Уладзіміравіч, у КСУПе “Чырвоны Бор” сёлета аналагічных недахопаў не назіралася: колькасныя і якасныя параметры знаходзіліся заўсёды ў норме.

Канечне, пасля такой адзнакі хочацца спадзявацца, што гэта першая і апошняя памылка чырванаборскіх корма-нарыхтоўшчыкаў, якую яны дапусцілі. Тым больш, спраў у іх у гэтай сферы дзейнасці яшчэ вельмі і вельмі шмат. У прыватнасці, толькі з кукурузы патрэбна назапасіць 18 тысяч тон сіласу. А яшчэ ж і атава добрая падрасла. Таму  чакаецца, што зімой рацыёны для грамадскай жывёлы ў КСУПе “Чырвоны Бор” будуць багатыя і спажыўныя. На цяперашні час у гаспадарцы на адну ўмоўную галаву назапашана па 16,4 цэнтнера кармавой адзінкі. У параўнанні з  леташнім гэта на 2,3 цэнтнера кармавых адзінак болей. І, наколькі вышэйазначаны паказчык павялічыцца да канца сезона, залежыць толькі ад зладжанай працы механізатараў. Рэзерваў і магчымасцей ў сельгаспрадпрыемстве для гэтага дастаткова.

Сяргей Белка.

На здымку: зладжана працуюць на кармавых угоддзях Уладзімір Сасько, Алег Рагалевіч, Андрэй Сініла.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.