Бібліятэка сустракала гасцей

библиотекаСёлета споўнілася 15 гадоў, як у беларускім календары з’явіўся Дзень бібліятэк  у знак прызнання вялікага ўкладу гэтых устаноў культуры ў духоўнае развіццё грамадства. 15 верасня ў сваё прафесійнае свята жыткавіцкія бібліятэкары ладзілі шмат цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў для наведвальнікаў розных узростаў.

З дзесяці раніцы і да самага вечара ў сценах чытальні і нават на яе прыступках панавала асаблівая атмасфера. Работнікі арганізавалі шэраг тэматычных выстаў. Ля ўваходу можна было пазнаёміцца з літаратурай, распавядаючай пра гісторыю свята і кнігі, а ў фае экспаніравалі мастацкую творчасць землякоў: вышытыя карціны, жывапіс, ткацкія вырабы, сувеніры з бісеру. Тут жа адбыўся майстар-клас па мастацкай графіцы, які правёў для гасцей мастак бібліятэкі І. Курбан.

На ганку бібліятэкі прайшоў паэтычны марафон “Таленты, абручаныя з небам”. На ўсю цэнтральную плошчу гучалі вершы вядомых паэтаў у выкананні бібліятэкараў. У прыгожых нацыянальных строях яны выглядалі вельмі арганічна, прываблівалі прахожых, шкада, што не шматлікіх у будзёны дзень.

Затое на асноўную дзею свята — творчы вечар беларускіх пісьменнікаў — прыйшло нямала прыхільнікаў чытання: школьнікаў старэйшых класаў і дарослай інтэлігенцыі. Дырэктар ЦБС Людміла Кронда запрасіла на сустрэчу сябраў Саюза беларускіх пісьменнікаў Паўла Ляхновіча і Мікалая Ільючыца з Брэстчыны. Суразмоўцы аказаліся даволі цікавымі асобамі, распавядалі пра сваю літаратурную дзейнасць, знаёмілі з уласнымі творамі, дзяліліся думкамі аб развіцці нацыянальнай культуры і мовы. Дарэчы, уся вечарына гучала па-беларуску і гэта яшчэ больш яднала прысутных. Выдатна дапасавала да агульнай ідэі  музычнае афармленне і жывое выкананне цудоўных песень, падмацаванае відэапанарамай.

Адрас радасці – кніга

Так назвалі сваю праграму супрацоўнікі Жыткавіцкай дзіцячай бібліятэкі-філіяла. 15 верасня з нагоды свята яны на дзве гадзіны падоўжылі рабочы графік, ператварыўшы вечар у бібліязмярканне. Пра асаблівы дзень з ранку нагадвалі кніжныя выставы. Апоўдні ля ўстановы пачалася вулічная акцыя “Кніжная восень”, напрацягу якой дзятва не толькі даведалася пра літаратурныя навінкі і атрымала самаробныя лістоўкі ў выглядзе кляновага лісточка з выдатным вершам пра кнігу. Яе вынікам стала папаўненне колькасці чытачоў – з дзясятак хлопчыкаў і дзяўчынак малодшага ўзросту запісаліся ў бібліятэку.

З прэм’ерных падзей варта адзначыць флэшмоб па чытанні  ўголас. Як адзначыла загадчык філіяла Валянціна Бондарава, на жаль, дзеці развучыліся чытаць, каб заахвоціць іх і распаволіць, і прыдумалі гэткую гульню на свежым паветры. Вярнуўшыся ў пакой, з цікавасцю ўдзельнічалі школьнікі ў мастацкім уроку па саломапляценні пад кіраўніцтвам бібліятэкара з Браніслава Л. Шостак. Тут жа была наладжана і яе выстава.

А завяршыўся святочны дзень пасядзелкамі юных прыхільнікаў чытання ў кніжным кафэ з крэатыўнай назвай “Бок-о-book”. За размовамі і сілкаваннем літаратурнымі “стравамі” падвялі вынікі летняга чытання. Канікулярны марафон з найлепшым вынікам у 43 прачытаныя кніжкі пераадолела сямікласніца сярэдняй школы №3 Маша Якавук, якой і дастаўся галоўны прыз.

Чытайце: гэта вучыць мысліць, гаварыць і разумець людзей. Сяброўства з кнігай адтэрміноўвае старасць і ўмацоўвае самаадчуванне, прызналі вучоныя. І бібліятэкары гэта пацвярджаюць уласнай практыкай.

Святлана Шакалян

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.