Цана недапрацовак
Атрымліваць большую колькасць малака і паляпшаць якасць прадукту на цяперашні час з’яўляецца першаступеннай задачай для аграрыяў нашага рэгіёна. Як зрабіць гэта, не дапускаючы памылак, і разбіраліся спецыялісты жывёлагадоўчай галіны падчас вучобы на малочнатаварынм комплексе “Людзяневічы” аднайменнай гаспадаркі.
Тон у рабоце мерапрыемства задаваў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко. Калі браць агульныя здабыткі працаўнікоў ферм за восем месяцаў, то яны выглядаюць даволі нядрэннымі. Так, ад адной каровы надоена за азначаны час 3453 кілаграмы малака, што на 154 больш за леташні паказчык. На 104,5 працэнта прырос і валавы надой, які за выйшэйзгаданы перыяд склаў 29046,2 тоны. Акрамя КСУПа “Чырвоны Бор” і ААТ “Дзякавічы”, жывёлаводы ўсіх гаспадарак па надою ад каровы пераадолелі рубеж у тры тысячы кілаграмаў, а аператары машыннага даення ААТ “Тураўшчына” — і ў чатыры тысячы кілаграмаў.
Разам з тым, падчас праведзенай вучобы на фоне агульных поспехаў было выяўлена і нямала праблем, якія могуць аказаць негатыўны ўплыў не толькі на цяперашнюю вытворчасць малака, але і на яе будучае. Нездарма ж спецыялісты распачалі сваё мерапрыемства з наведвання сіласных траншэй на малочнатаварным комплексе. І найперш увага была скіравана на тое, як павінны закрывацца травяністыя кармавыя запасы, каб пры захоўванні яны не страцілі сваёй спажыўнасці. У акцыянерным таварыстве “Людзяневічы” з гэтым поўны парадак.
— Здавалася б, што за складанасць: герметычна правесці кансервацыю масы плёнкай, каб туды не трапляла паветра, — адзначыў начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко. — Патрэбна вельмі “пастарацца”, каб дапусціць брак у гэтай рабоце. Але ў шэрагу сельгаспрадпрыемстваў такія хібы маюць месца. Таму атрымліваецца: вырасцілі кукурузу нядрэнную, своечасова яе ўбралі, а аддачу ад сіласу, які неахайна паклалі на захоўванне, будзем мець мізэрную.
Увогуле тэхналогіям кармлення жывёлы падчас вучобы было адведзена асноўнае значэнне. Як ні мяркуй, а малако ў каровы ўсё ж на языку. А якой якасці на яго трапляюць кормасумесі? Адказ на гэтае пытанне знайшлі спецыялісты-жывёлаводы на кармавым стале аднаго з памяшканняў фермы. На жаль, быў ён не вельмі станоўчы. Вывучэнне відавога складу паказала: з трох уведзеных у кормасумесь для кароў кампанентаў (здробненай масы кукурузы, саломы і канюшыны), апошні паступаў у непрасушаным выглядзе і надаваў корму дадатковай вільготнасці. У такім стане на спякоце браджэнне сумесі распачнецца імгненна. Ці прыйдзецца яна потым даспадобы жывёле і якой будзе аддача?
Такія простыя недарэчныя выпадкі зводзяць на нуль усе ранейшыя старанні ў рабоце. На тым жа МТК “Людзяневічы” маецца мноства станоўчых момантаў у дзейнасці калектыву: узорны санітарны стан вытворчага аб’екта, чысціня ў памяшканнях, добры мікраклімат для ўтрымання жывёлы, і адпаведныя вытворчыя паказчыкі на ўзроўні, і пералік можна працягваць. Толькі пасля вышэй убачанага прыкладу згадваецца народнае выслоўе пра лыжку дзёгцю, якой пад сілу сапсаваць цэлую бочку мёду. І гэта не толькі пра людзяневіцкіх працаўнікоў ферм, але і іншых гаспадарак.
Сёння вытворцам малака прыбытак прыносіць не толькі яго колькасць, але і якасць. На МТК “Людзяневічы” на апошні паказчык працуюць вельмі сур’ёзна. А гэта цэлы комплекс разнастайных мерапрыемстваў, якія неабходна выконваць штодзённа ўсімі спецыялістамі і радавымі работнікамі. Асобнае месца ў гэтым працэсе надаецца кантролю. Галоўны заатэхнік Марына Друк прадэманстравала калегам, як працуе нядаўна набытае лабараторнае абсталяванне для вызначэння асноўных біялагічна-хімічных параметраў малака. Менавіта на падставе такіх даследаванняў у сельгаспрадпрыемстве прымаюцца захады па ўхіленні недахопаў, якія ўзнікаюць з якасцю прадукцыі. На цяперашні час усё малако, што пастаўляецца на перапрацоўку з мясцовага малочнатаварнага комплексу, залічваецца гатункам “экстра”. Але такім дасягненнем пахваліцца могуць не ўсе вытворцы малака.
У ліку навінак спецыялістамі райветстанцыі было прадэманстравана на практыцы абсталяванне, якое выкарыстоўваецца для прафілактыкі лёгачных захворванняў у цялят. І гэта невыпадкова. Даводзіцца з сумам канстатаваць, што справы з прадукцыяй вырошчвання буйной рагатай жывёлы ў раёне за восем месяцаў складваюцца не так і паспяхова. За гэты перыяд атрымана валавых прываг 3024,4 тоны, што да леташняга ўзроўню толькі 98,2 працэнта. На 56 грамаў знізіліся і сярэднясутачныя прывагі. Безумоўна, якія вынікі будуць у жывёлагадоўлі раёна ў далейшым, залежыць непасрэдна ад старання спецыялістаў, у першую чаргу, на месцах. І высновы падчас вучобы яны зрабілі правільныя.
Сяргей Белка