Лета з карысцю
Шматлікія пытанні па папярэджванню антыграмадскіх паводзін дзяцей былі абмеркаваны на сялектарным пасяджэнні абласной камісіі па справах непаўналетніх з удзелам намесніка старшыні аблвыканкама Уладзіміра Прывалава.
На нарадзе прааналізавалі не толькі стан падлеткавай злачыннасці і супрацьпраўных дзеянняў на тэрыторыі вобласці, але і вызначыліся з тым, якім чынам арганізаваць прафілактыку па праблемных пытаннях у летні перыяд. Асноўны шлях — гэта занятасць дзяцей, каб яны пастаянна знаходзіліся пад апекай дарослых. У прыватнасці, некалькі дзясяткаў тысяч падлеткаў з вобласці будуць аздараўлівацца ў лагерах. Прычым не толькі ў стацыянарных, але і тых, што адкрыюцца пры навучальных установах, вайсковых часцях і іншых сруктурах. Вялікая роля надаецца і працаўладкаванню падлеткаў на час канікулаў. Свій уклад у арганізацыю вольнага часу дзяцей павінны ўнесці і ўстановы культуры. Як адзначалася на пасяджэнні, важна не толькі, каб падлеткі былі заняты ў час адпачынку, але і не нашкодзілі свайму здароўю. Таму адпаведныя службы павінны паклапаціцца пра бяспечныя ўмовы знаходжання дзяцей ля вадаёмаў, на гульнявых пляцоўках, у лагерах і іншых месцах. Сумесныя намаганні дарослых дазволяць правесці моладзі канікулы не толькі з карысцю, але і не дапусціць трагічных выпадкаў і антыграмадскіх паводзін у падлеткавым асяроддзі.