Адказнасці не пазбегнуць: у раёне праходзіць прызыўная кампанія

Падчас бягучай прызыўной  кампаніі больш як чатыры сотні юнакоў з нашага раёна падлягаюць прызыву на вайсковую службу. Значная іх частка прадаставіла ў ваенны камісарыят неабходныя даведкі, якія даюць права на адтэрміноўку ад выканання армейскага абавязку. З агульнай колькасці двухсот сарака  чалавекам неабходна прайсці медыцынскія агляды. Разам з тым знаходзяцца і такія “мужчыны”, якія мерапрыемствы прызыву ігнаруюць поўнасцю.  Ваенны камісар Жыткавіцкага раёна Сяргей Петруненка, характарызуе гэтыя паводзіны юнакоў як разбэшчанасць і безадказнасць.

У доказ  сваіх слоў Сяргей Мікалаевіч прыводзіць статыстыку веснавой прызыўной кампаніі. За ўхіленне ад яе мерапрыемстваў у дачыненні шасці хлопцаў узбуджаны крымінальныя справы. Тры з іх ужо разглядаюцца ў судзе.  І расплачвацца за ганебны ўчынак прыйдзецца даволі сур’ёзна.  Артыкул 435 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжвае пакаранне за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу ў выглядзе саліднага штрафу або арышту на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаванне волі  да двух гадоў, або яе пазбаўленне на такі ж перыяд.

Па прычыне несур’ёзнага стаўлення да выканання свайго грамадзянскага абавязку яшчэ 23 ураджэнцы рэгіёна былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Гэта тыя, хто хаця і са спазненнем, але з’явіліся ў райваенкамат, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак па абароне Бацькаўшчыны.  Самае ганебнае, што ўсе  хлопцы былі належна праінфармаваны, ім уручылі павесткі, але ў сваёй большасці свядома праігнаравалі законныя патрабаванні. Цяпер прыйдзецца атрымліваць спагнанне за такую безадказнасць. Адным словам, толькі падмачылі сваю рэпутацыю ды дадалі копатаў бацькам.

Вышэйсказанае гэта не нейкае запужванне юнакоў, а хутчэй напамін прызыўнікам, якія зараз рыхтуюцца папоўніць армейскія рады, аб тым, што колькі вяровачка не цягнецца, а канец яе заўсёды знойдзецца. Па словах ваеннага камісара Сяргея Петруненкі, пошукавая работа па выяўленні так званых «ухілістаў» вядзецца пастаянна, каб устанавіць іх месца знаходжання, у кампетэнтных органаў маецца нямала спосабаў. Ды і грамадзяне цяпер сталі больш свядомымі і могуць аказаць практычную дапамогу. У якасці прыклада Сяргей Мікалаевіч прывёў выпадак, калі інфармацыю пра юнака-беларуса, які хаваўся  ад  армейскай службы ў Расіі, даслаў куды патрэбна яго сусед па лесвічнай пляцоўцы. Не выйдзе пазбегнуць прызыву праз учыненне дробнага правапарушэння. Па словах ваеннага камісара, вельмі шмат хлопцаў прыходзяць у ваенкамат з даволі салідным спісам не лепшых учынкаў распіццё спіртных напіткаў, бойкі,  парушэнне правілаў дарожнага руху і гэты пералік можна працягваць. Праўда, тэрмін адміністрацыйнага пакарання  за гэтыя грахі маладосці “гасіцца” і ісці ў войска прыйдзецца абавязкова.

На жаль, не ўсім прызыўнікам — “ухілістам”  горкія ўрокі папярэднікаў становяцца добрай навукай. Напрыклад, падчас цяперашняй кампаніі да адказнасці ўжо прыцягнуты пяць чалавек, за тое, што несвоечасова з’явіліся на медыцынскае абследаванне. Моцным здароўем жа, як адзначыў Сяргей Петруненка, большасць цяперашніх юнакоў не вызначаюцца. Шкодныя звычкі,  малая рухальная актыўнасць, доўгачасовае сядзенне за камп’ютарам, ігнараванне заняткамі фізкультурай і спортам, і іншае, — усё гэта прыводзіць да ўзнікнення шматлікіх захворванняў. Вельмі страшна, калі хлопцу ў дваццацігадовым узросце ставіцца дыягназ алкагалізм або наркаманія.  Таму падчас праходжання будучымі навабранцамі медкамісій прыкладваюцца ўсе намаганні, каб вайсковыя часці атрымалі  толькі здаровае папаўненне.  Прызыўнікоў для ўдакладнення таго ці іншага дыягназу накіроўваюць у спецыялізаваныя лячэбныя ўстановы да вузкіх спецыялістаў. Прычым трапіць на такі прыём хлопец можа пазачаргова, як і бясплатна даехаць да такой установы. Але адносяцца юнакі да прадастаўленага шанцу, як сведчыць вышэйзгаданая статыстыка, бяздумна, чым ствараюць шмат нязручнасцяў не толькі сабе, але і іншым пацыентам і медыцынскаму персаналу.

Абарона Айчыны для кожнага мужчыны з’яўлялася ва ўсе часы святым абавязкам. І цяперашняму пакаленню няварта забываць на гэта. Несумненна, што прызыўная камісія нашага раёна паспяхова правядзе чарговую кампанію, а навабранцы з Жыткаўшчыны па склаўшайся традыцыі стануць добрымі салдатамі. Так было, так будзе заўсёды. А тыя хлопцы, якія ігнаруюць гэта, няхай памятаюць, што ўласны гонар варта берагчы ў маладосці.   

Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.