«Каму павінен – усiм выбачаю» — пад такім дэвізам жывуць злосныя неплацельшчыкі штрафаў

У рэйдзе па іх спагнанню разам з прадстаўнікамі аддзела прымусовага выканання і Дзяржаўтаінспекцыі пабываў карэспандэнт газеты.

За рулём міліцэйскай машыны – інспектар Аляксей Ярмоленка. У руках прыстава Ганны Самайловіч – “дасье” на дзясятак жыткаўчан, на якіх яшчэ мінулым летам склалі пратаколы за парушэнне правілаў дарожнага руху. На пытанне «Ці застанем каго дома сярод белага дня?» спецыялісты супакоілі: усе іх візаві – непрацуючыя людзі, чамусьці пераважна цыганскай нацыянальнасці.

Кіруемся на вуліцу Мічурына. Падчас пошуку патрэбнага дома паспяваю даведацца, што на тое, каб штраф не ператварыўся ў запазычанасць, даецца месяц, а праз тры – матэрыял трапляе да выканальнікаў і спаганяецца ўжо з ўлікам дадатковага 10-працэнтнага збору. За мінулы год па лініі ДАІ такім чынам было пратэрмінавана каля 1200 пастанаўленняў.

У першай хаце нам шанцуе. За Паўла, яшчэ ў чэрвені пакаранага за парушэнне правілаў таніроўкі аўтамабіля, грошы з кішэні, 46 рублёў, выняла маці. Выбачэння за забыўчывасць не дачакаліся, дзякуй, што не абразілі. Гэта зрабілі па другім адрасе, у Кажановічах. Абурэнне і пратэст выклікала працэдура канфіскацыі ў лік доўгу сотавага тэлефона. Анатоль трапляе ў поле зроку міліцыі рэгулярна. Апошні штраф за непрышпілены рамень склаў адну базавую ці 23 рублі. Па словах родзічаў, мужчына зараз знаходзіцца на заробках, з ім нават звязацца не можна. У доказ прадэманстравалі забыты гастарбайтарам стары кнопачны мабільнік. Цана яму сёння – 5 рублёў. Калі праз 10 дзён не знойдуцца грошы, сотавы будзе выстаўлены на продаж.

У некалькіх хатах нас сустрэлі замкі на дзвярах, за клямкай мы пакідаем вінаватым павестку. Яшчэ ў двух месцах паведамілі, што вышукваемыя людзі тут не жывуць. Але шанец знайсці, па меншай меры, аднаго з іх ёсць. Па словах Ганны Самайловіч, у мужчыны ёсць аўтамабіль, па якім і будуць весці пошук яго гаспадара. Расказала выканальнік яшчэ пра адну дзейсную меру спагнання доўгу, асабліва для тых, хто працуе на расійскіх будоўлях – накладанне забароны на выезд за мяжу. Як правіла, пасля гэтага грошы знаходзяцца.

Але ў дачыненні апошняга даўжніка, 52-гадовага Фёдара з вуліцы Міру (на фота), гэта акалічнасць не дапамагла б. У яго запушчанай да немагчымасці хатцы, здаецца, нават мышы не жывуць, збеглі з голаду ды холаду. Мужчына прамышляе зборам металу, з гэтага і існуе на белым свеце. Регулярна яго затрымліваюць на дарозе ў нецвярозым стане. Апошні раз за рух на веласіпедзе падшафэ “зарабіў” 69 рублёў штрафу. Але канфіскаваць двухколавік немагчыма, транспарт, як і рарытэтны чорна-белы тэлевізар, адзіная цывільная рэч у доме, належыць чужым людзям. Тым не менш, першы крок да пагашэння доўгу Фёдар зрабіў, пазычыўшы ў суседа пяцёрку, а выканальнікам паабяцаў, што патроху разлічыцца і з астатняй сумай. А вось ці не будзе новых парушэнняў, за гэта мужчына не паручыўся.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.