Калі працаваць, то бездакорна

Таварны касір Аксана Кацубінская, днямі стаўшы пераможцай рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства, упісала яшчэ адну слаўную старонку ў гісторыю чыгуначнай станцыі Жыткавічы.

Спачатку быў адбор у сваім калектыве, потым, абыйшоўшы 18 калег, яна заняла першае месца ў Гомельскім аддзяленні. У Мінску нашай зямлячцы прадстаяла спаборнічаць з пяццю сапернікамі, якія працуюць на такіх буйных станцыях як, напрыклад, Брэст, Жодзіна ці Полацк. Але Аксана Віктараўна не разгубілася. На ўсе пытанні адказвала дакладна і аргументавана, чым і заваявала прыхільнасць тытулаванага журы. Конкурс, як расказала субяседніца, мала паходзіў на творчую дзею, хутчэй, гэта быў строгі экзамен. Акрамя ведання безлічы розных прафесійных інструкцый, аўтары многіх з іх якраз і прымалі іспыты, удзельнікам варта было прадэманстраваць і сваю кампетэнцыю ў пазаштатных сітуацыях.

Аксана Кацубінская на чыгунцы не навічок, летам споўніцца 15 гадоў, як пасля заканчэння профільнага ўніверсітэта размеркавалася ў Жыткавічы, на радзіму. Куды пайсці, дзяўчына доўга не разважала, бо перад вачыма быў прыклад бацькоў, якіх пазнаёміла магістраль, і дзедавы, ён працаваў пуцейцам. Так наша гераіня працягнула сямейную дынастыю. Вучылася на тэхнічнай, нялёгкай спецыяльнасці з ахвотай і перакананнем, што гэта яе справа. Але, так здарылася, што інжынерам-будаўніком чыгункі і транспартных камунікацый, як запісана ў дыпломе, папрацаваць не ўдалося ні дня. Аксана Віктараўна знайшла сябе на іншым полі дзейнасці — першыя два гады была прыёмаздатчыкам, а потым, пасля непрацяглага дэкрэту, перайшла ў, так бы мовіць, сумежную прафесію таварнага касіра.

Гэты чалавек на станцыі – фігура значная. Ад яго работы залежыць своечасовая і захаваная дастаўка лесу, зерня, шчэбня ды іншых матэрыялаў, рацыянальнае выкарыстанне падзвіжнога састава. Да таго ж вялікай дакладнасці і ўвагі патрабуе афармленне перавозачных дакументаў. Касір мае зносіны як з адправіцелямі грузаў, так і з іх атрымальнікамі. І да кожнага кліента варта знайсці падыход. Аксана Віктараўна параўноўвае сваю работу з банкаўскай бухгалтэрыяй, дзе важная кожная лічба ці коска, бо за імі таксама стаяць немалыя грошы.

Да сваіх службовых абавязкаў яна ставіцца вельмі сур’ёзна. Каб бездакорна іх выконваць, пастаянна штудзіруе спецыяльную літаратуру. Адчуваецца, што праца прыносіць чыгуначніцы сапраўднае задавальненне. Нават удзел у конкурсе Аксана ўспрымае не як вялікую адказнасць (хаця, прызнаецца, што хвалявалася), а хутчэй як магчымасць павысіць сваю кваліфікацыю і ўзброіцца новымі ведамі.

— Гэта надае ўпэўненасці, — падсумоўвае субяседніца, — што ты справішся з любой сітуацыяй.

Дарэчы, аповед пра поспехі нашай станцыі будзе няпоўным, калі не нагадаць, што атрыманая перамога тут не першая. У 2009 годзе лідарам такога ж рэспубліканскага спаборніцтва стала калега Аксаны Кацубінскай — Таццяна Бандзюк. Так што трымаць марку тут, відаць, становіцца добрай традыцыяй.

Святлана ШАКАЛЯН

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.