Па малiтвах святога заступнiка Кiрылы: Старажытны Тураў сабраў шмат гасцей

 

Штогод старажытны Тураў збірае шмат гасцей, каб ушанаваць памяць самага знакамітага земляка – багаслова і асветніка XII стаго-ддзя Кірылы, якога сучаснікі называлі патрыярхам усходнеславянскіх народаў, “паче всех воссиявшим на Руси”. Не парушылі даўнюю традыцыю і на гэты раз.

У горад 11 мая з’ехалася ці не ўся праваслаўная Беларусь. Пад промнямі шчодрага сонца плошча літаральна ззяла ад золата царкоўнага ўбрання. Апроч духавенства ўсіх нашых епархій, на Палессе завітаў і архіпастыр з украінскага Наваград-Валынскага, а на стаянцы было цесна ад машын і аўтобусаў, на якіх дабіраліся паломнікі. Па самых сціплых падліках удзельнікамі свята сталі не меней за 650 чалавек. Узначаліў яго Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. Пачалося дзейства  ля брацкай магілы малітоўным памінаннем загінуўшых воінаў. Кветкі высокія госці таксама ўсклалі і да помніка ў гонар 1000-го-ддзя Турава. Потым хрэсным ходам людская плынь велічна рушыла да Замкавай гары, дзе пад скляпеннем скрыпты на падмурку старажытнага Троіцкага кафедральнага сабора, разбуранага землятрасеннем больш за восем стагоддзяў таму, прайшла боская літургія. Дарэчы, яна ладзіцца тут з 2005 года.

Праз паўтары гадзіны цэнтрам падзеі стала падножжа помніка віноўніку ўрачыстасці, слыннаму дзеячу праваслаўя. Патрыяршы экзарх усяе Беларусі адслужыў малебен і ўручыў аксельбанты тром мазырскім юнакам, курсантам ваенных факультэтаў. Віншуючы народ са святам, Уладыка Павел нагадаў пра значнасць духоўна-асветніцкай спадчыны епіскапа Кірылы Тураўскага і яго асобы, «ён заўсёды нябачна прысутнічае на гэтай зямлі і моліцца за нас», падзякаваў мясцовым уладам за падтрымку дзейнасці епархіі. У прывітальным слове старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш падкрэсліў, што станаўленне беларускага народа немагчыма без духоўнага яднання нацыі, у нас створаны неабходныя ўмовы для супрацоўніцтва з праваслаўнаю царквою, дзяржава адкрыта для абмеркавання ўзаемаадносін.

У гэты дзень галава БПЦ азнаёміўся з наладжанай на Замкавай гары выставай работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці і тут жа паслухаў некалькі твораў у выкананні заслужанага аматарскага калектыву “Тураўскі народны хор” і вакалістаў Гомельскай абласной філармоніі. Іхні канцэрт адбыўся ў межах свята духоўнай і народнай музыкі “Велікодны фестываль у Тураве”. Гледачы доўга не адпускалі артыстаў са сцэны.

Святлана ШАКАЛЯН

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.