Кольна адзначыла День вёскі

Бабулі ў гэты дзень дасталі з шафаў свае лепшыя сукенкі і хусткі. 3 малышнёй на калясках вырулілі да клуба маладыя маці, і мужчыны не ўседзелі дома, задоўга да пачатку дзейства рассеўшыся на лаўках воддаль імправізаванай сцэны. Хоць сустракала Кольна не круглую дату, свята вёскі ў апошнюю жнівеньскую суботу атрымалася вясёлым і па-свойску ўтульным.

Усім хапіла забаў, а дзятве асабліва (адны батуты ды надзьмутая горка чаго вартыя). Дарослых парадавалі самадзейныя артысты — свае і тураўскія з верасніцкімі. Было шмат частаванняў — ад папкорну і беляшоў з марожаным да бясплатнай рыбнай юшкі. Апошні падарунак прэзентавала акцыянернае таварыства “Жыткавічыхімсервіс”.

Як водзіцца, сцэнарый распачаўся з пранікнённых слоў пра хараство тутэйшых краявідаў і любоў да роднага сяла. Але ж, бясспрэчна, галоўным багаццем мясцовасці былі і застаюцца людзі, якіх не зманілі вялікія гарады, што сваёй працай ды шчырасцю працягваюць пісаць слаўную гісторыю вёскі. Цэлая кагорта іх падымалася на прыступкі клубнага ганку, каб за стараннасць і неабыякавасць атрымаць падзяку ды кветкі з падарункамі. Было відаць, наколькі саромеліся гэтыя сціплыя грамадзяне агульнай увагі, хоць і заслужылі яе спаўна. Напрыклад, механізатар Леанід Кандора мае ў КСУП “Коленскае» 41 год працоўнага стажу, а Уладзімір і Алена Ярмоліч выхоўваюць васьмёра дзетак. Сям’ю Ляўковічаў, Уладзіміра і Юлію, адзначылі ў ліку гаспадароў самых добраўпарадкаваных сядзіб, ў адрас маладых спецыялістаў сельгаспрадпрыемства Галіны Варвановіч і Елізаветы Елісавай гучалі надзеі на замацаванне ў аграгарадку. I гэта далёка не поўны спіс, каго віталі на свяце вёскі.

Да жыхароў Кольна з віншаваннямі звярталіся в.а. старшыні сельскага Савета Максім Гарэлаў і выконваючы дырэктар КСУП “Коленскае” Аксана Тарасевіч. А самым жаданым госцем стаў старшыня райвыканкама Віктар Атліванаў. Сваім землякам кіраўнік рэгіёна пажадаў далейшага росквіту і моцнага здароўя.

3 гістарычных крыніц

Паселішча Кольна Навагрудскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага ўпершыню згадваецца 6 ліпеня 1582 года ў дакуменце аб падзеле маёмасці паміж братамі Алельковічамі. Згодна перапісу 1897 году населены пункт аб’ядноўваў аднайменнае сяло і фальварак Старое Кольна, агульнай колькасцю 346 чалавек. Сёння ў вёсцы зарэгістраваны 717 жыхароў.

 

Святлана ШАКАЛЯН

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.