Жыхары Жыткавіцкага раёна здалі 823 “порцыі” крыві

Медыкі сцвярджаюць: для аднаго пералівання ў сярэднім патрэбна кроў трох донараў. З 2020 года, кіруючыся рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь мае намер перайсці на бязвыплатную данацыю. Ці гатовы да гэтага тыя, хто дзеліцца сваёй самай каштоўнай субстанцыяй?

За 11 месяцаў у нашым раёне 284 чалавекі здалі 823 “порцыі” крыві і такога яе кампанента як плазма. Калі яшчэ зусім нядаўна ад належных за гэта грошай адмаўляліся адзінкі, то толькі сёлета дабрачыннымі сталі 174 дозы, на 27 больш чым за ўвесь мінулы год. Старэйшае пакаленне памятае, што ў савецкі час донарам фінансавыя выплаты не прадугледжваліся. На думку спецыялістаў, адсутнасць манетарнай кампенсацыі гарантуе, так бы мовіць, якаснасць місіі. Людзі, не чакаючы ўзнагароджвання, стануць больш свядома ставіцца да справы, не хаваць хвароб і іншых недобранадзейных абставін. Донарам можа быць толькі здаровы чалавек.

Наталлю Ахрамовіч у аддзяленне пералівання прывяла сяброўка. Адбылося гэта больш за дзесяць гадоў таму. Спачатку жанчына здавала суцэльную кроў, а потым перайшла на плазму. У яе картачцы пазначана 18 “чырвоных” доз і 149 плазмафярэзаў. Нарматыў на званне “Ганаровы донар” Наталля Уладзіміраўна выканала ўжо двойчы.

– Ніякага адмоўнага ўздзеяння на арганізм я не заўважаю, – сцвярджае жыткаўчанка. – Проста прывыкла ўжо і гонару вялікага ў тым няма. Мая матывацыя спалучае фінансавую магчымасць і жаданне дапамагчы людзям. Лічу, што так можа рабіць кожны.

Да нядаўняга часу Наталля працавала санітаркай рэанімацыйнага аддзялення. Менавіта тут,  бачачы, як пераліванне ратуе жыцці хворых, яна па-сапраўднаму ацаніла ступень донарскай самаахвярнасці. Не аднойчы жанчына заўважала на прымацаваным на кропельніцу пакеце, з якога ў вену рэцэпіента паступае плазма, сваё прозвішча. Сёння ў яе актыве – пяць бязвыплатных данацый. Іх колькасць, упэўнена субяседніца, будзе павялічвацца, галоўнае, каб хапіла здароўя. Дарэчы, варта дадаць, што да высокароднай дзейнасці зямлячка прыцягнула і суседку. “Калегай” таксама стаў і яе старэйшы сын Максім, які здаў кроў разоў дзесяць.

Камп’ютарная база донараў у нас вядзецца з 2006 года. Па словах медыцынскай сястры аддзялення пералівання крыві ЦРБ Таццяны Блоцкай, праблем у назапашванні гемалітычнага матэрыялу няма. Штогод у Жыткавічах нарыхтоўваецца каля паўтысячы літраў крыві. Яе запатрабаванасць залежыць ад групы і рэзус-фактара, але нявыкарыстанай жыццёва важная вадкасць у любым выпадку не застаецца. Лішкі паступаюць у іншыя ўстановы аховы здароўя.

Калі ўзнікае тэрміновая неабходнасць, “рэдкага” донара могуць выклікаць спецыяльна. Так летась здарылася і з Аленай Татарчук, што жыве ў Кольна. Яна – уладальніца ІV(+) крыві, мае параўнальна невялікі стаж данацый. З 15 порцый тры аддала дарэмна.

– Ні хвіліны не разважала, калі прапанавалі ахвяраваць, – тлумачыць свой учынак Алена Мікалаеўна. – Можа і мне калі спатрэбіцца пераліванне, ад бяды ж ніхто не застрахаваны, а ўсіх грошай не заробіш.

На працэдуру забору яна прыязджае раз у два месяцы. У калектыве (жанчына працуе аператарам машыннага даення) да яе патрэб ставяцца з паразуменнем, але прыклад пакуль не ўзяў ніхто, хаця ў аграгарадку донары ёсць, гаворыць субяседніца.

А вы ведаеце?

*Слова “донар” перакладаецца з латыні як “дарыць”.

 *На Гомельшчыне ўсяго тры станцыі і чатыры аддзяленні (у тым ліку наша) пералівання крыві.

*Донарская кампенсацыя складае два аплочваемых выхадных плюс за адну кровадачу выплочваецца 96,4 руб., плазмаферэз – 134,9 руб.

*У гады Другой сусветнай вайны дзеючая армія атрымлівала звыш 1,7 мільёна літраў кансерваванай крыві, донарамі былі 5,5 мільёна чалавек.

*На працягу жыцця самы шчодры “дарыцель” аўстраліец Джэймс Харысан за 60 гадоў здаў кроў 1173 разы, за што занесены ў кнігу рэкордаў Гінеса.      

*Доза донарскай крыві — 475 грамаў, пры тым, што арганізм утрымлівае яе ў сярэднім пяць з паловай літраў.

*Кожны трэці жыхар планеты хоць раз у жыцці мае патрэбу ў донарскай крыві. Асабліва гэта тычыцца хворых з хірургічнай паталогіяй, онкапацыентаў, жанчын-парадзіх.

*Донарства садзейнічае самаўзнаўленню ўсяго арганізма, прафілактуе хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы. Здача крыві паляпшае эмацыянальны стан чалавека.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.