Па ініцыятыве і пры падтрымцы райвыканкама выйшаў зборнік «Малой радзімы запаветы продкаў»

Наш зялёна-блакітны край, спавіты стужкамі рэк і закалыханы шумам лясоў, мае багатую культурную спадчыну. Палескі рэгіён з жывымі традыцыямі даўніны прыцягвае шматлікіх вучоных, фалькларыстаў, этнографаў, якія не перастаюць здзіўляцца яго яркай гісторыі, самабытнасці і ўнікальнасці. Гэты багацейшы пласт дастойны вувучэння і шырокай папулярызацыі. З такой мэтай па ініцыятыве і пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта сёлета ў выдавецтве «Беларусь» выйшаў зборнік «Малой радзімы запаветы продкаў. Народная духоўная культура Жыткавіцкага раёна». На мінулым тыдні з поспехам прайшла яго прэзентацыя.

На сустрэчы з мясцовай інтэлігенцыяй сабраліся тыя людзі, дзякуючы якім доўгачаканая кніга пабачыла свет. Пад вокладкай прыгожа аформленага ілюстраванага выдання сістэматызаваны звесткі пра калядныя і абрадавыя святы, занатаваны песні, легенды, прыкметы і замовы, ёсць тлумачэнні паходжання многіх тапонімаў і найбольш распаўсюджаных прозвішчаў. Асобныя раздзелы аддадзены публіцыстычным матэрыялам пра захавальнікаў і збіральнікаў этнічнага скарбу. Увогуле атрымалася такая своеасаблівая энцыклапедыя мудрасці палешукоў, іх успрымання і асэнсавання навакольнага свету.

Першай слова ўзяла прадстаўнік выдавецтва Марына Ланцэтава, якая выказала надзею, што кніга выкліча цікавасць не толькі ў мясцовых жыхароў, настаўнікаў, вучняў, але і землякоў, што з’ехалі за межы роднай зямлі, і яе каштоўнасць з цягам часу будзе толькі расці. Няшмат раёнаў сёння маюць падобны альбом і гэта сведчыць пра многае. Каб патанніць расходы, аўтарскі калектыў нават адмовіўся ад ганарару. Тым не менш праз невялікі тыраж – 400 экземпляраў – цана атрымалася ўсё ж высакаватай, але збор каштоўны найперш сваім зместам. Жыткавіцкая кніга, дарэчы, стала адной з першых у выдавецкай серыі “Мая малая радзіма”.

Яна – вынік шматгадовай працы выкладчыкаў і студэнтаў Гомельскага ўніверсітэта імя Скарыны, якія збіралі і апрацоўвалі мноства матэрыялаў, адбіраючы сапраўдныя залацінкі-адметнасці нашага рэгіёна. Напрыклад, адзін з такіх дыяментаў – абрад “Юраўскі карагод”, што бытуе ў Пагосце. Ён першым трапіў у Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, а зараз, як паведаміла доктар філалагічных навук, прафесар ГДУ Валянціна Новак, якая выступіла галоўным укладальнікам выдання, разглядаецца пытанне надаць яму такі ж статус на ўзроўні ЮНЭСКА. Фальклор, на думку вучонага, самы геніяльны і высокі від мастацтва, гэта генетычны код нацыі, які ні ў якім разе нельга згубіць. Яна выказала вялікую ўдзячнасць за супрацоўніцтва “людзям самай багатай у краіне жыткавіцкай зямлі – сціплым, адораным, шчодрым і самабытным носьбітам спрадвечнай культуры, якія апякуюцца пра яе захаванне”.

У склад аўтарскай групы ўвайшоў і Уладзімір Гаўрыловіч. Ён 15 гадоў узначальваў рэдакцыю нашай газеты, а цяпер – абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У выданні змешчаны некалькі яго публікацый пра мясцовых фалькларыстаў. Распавядаючы аб важнасці праекта і ўклад у яго пэўных людзей, літаратар выступіў з ініцыятывай правядзення ў Жыткавічах свята літаратуры, славянскай культуры і мастацтва, прысвечанага слыннаму беларусу Кірылу Тураўскаму, які акрамя іншага па сутнасці быў першым айчынным пісьменнікам. На думку нашага земляка, сталіца Палесся Жыткавічы ў духоўным плане заслугоўвае большага. Сваю прапанову ён ужо адрасаваў мясцовым уладам.

На прэзентацыі таксама выступілі Ганна Лой, якая доўгі час узначальвала раённы цэнтр фальклору і назапасіла багатую этнаспадчыну, і яе пераемніца Марына Царыкевіч, а таксама майстар вышыўкі Надзея Меляшчэня. Хараством і непаўторнай аўтэнтычнасцю гучання аздобілі дзею старадаўнія песні знакамітага і па-за межамі рэспублікі народнага ансамбля “Міжрэчча” з Пагоста, у якім саліруе вялікая знаўца абраднасці Кацярына Панчэня.

Падводзячы рысу, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Агіевіч падзякаваў усім партнёрам, спрычыненым да нараджэння зборніка – захавальнікам фальклору, вучоным, якія прыклалі высілкі да яго напісання, і выдавецтву, што паверыла ў ідэю. З узростам, падкрэсліў ён, на змену матэрыяльным каштоўнасцям прыходзяць духоўныя, і мы пачынаем звяртацца да спрадвечнага, пачынаем хадзіць у храм, чытаць добрую літаратуру, задумвацца аб сваім прызначэнні. Толькі, на жаль, не заўжды ўпушчанае можна навярстаць…

Р.S. Кніга “Малой радзімы запаветы продкаў” перададена ва ўсе бібліятэкі раёна. Па пытаннях рэалізацыі выдання таксама можна звяртацца ў выдавецтва “Беларусь” па тэлефоне 8017-203-89-51.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.