На тэрыторыі Чырвоненскага сельсавета прыгажосць ствараюць сумесна

На тэрыторыі Чырвоненскага сельсавета  знаходзіцца сем паселішчаў, каля двух дзясяткаў прадпрыемстваў, структурных падраздзяленняў арганізацый і ўстаноў. Немалая гаспадарка, якая патрабуе пастаяннага догляду і парадку найперш з боку ўлады. Менавіта зыходзячы з гэтага, стварэнне ўзорнай добраўпарадкаванасці  ў кожным населеным пункце, на вытворчых тэрыторыях, месцах пахавання  ў рабоце кіраўніцтва мясцовага сельвыканкама з’яўляецца прыярытэтным напрамкам.

– Спілавалі больш як паўсотні аварыйных дрэваў у вёсках, на пухавіцкіх і сямянчанскіх могілках, на апошніх абсталявалі пляцоўку для збора смецця, прывялі ў парадак  цэнтральную плошчу ў пасёлку Чырвонае,  знеслі чатыры старыя будынкі, адзін з якіх за кошт грамадзян, – пералічвае зробленае сёлета па навядзенні парадку выконваючы абавязкі старшыні Савета Рыгор Агіевіч. – І гэтага ўдалося дабіцца дзякуючы падтрымцы насельніцтва і істотнай дапамозе кіраўнікоў арганізацый, а таксама ініцыятыўнасці нашых актывістаў, дэпутатаў.

Па словах Рыгора Мікалаевіча, у кожнай вёсцы сельсавета маюцца  надзейныя памочнікі, што неабыякава ставяцца да таго, у якім стане знаходзяцца іх паселішчы, іншыя мілыя сэрцу мясціны. Вось гэтыя людзі, вобразна кажучы, і ідуць у народ, і ўгаворваюць жыхароў падтрымаць уласнымі сродкамі і асабістым удзелам патрэбныя грамадска-карысныя мерапрыемствы. І такіх памагатых у кіраўніцтва сельвыканкама нямала. У аграгарадку Сяменча імі з’яўляюцца Трафім Герман і Анастасія Страха, у Відошыне – Мікалай Страха, у пасёлку Чырвонае – Міхаіл Емяльяненка і Людміла Няпеўная, у Пухавічах – Лідзія Купрацэвіч і Уладзімір Карась, у Пластку – Валянціна Юхневіч і многія іншыя. Дзякуючы такім актывістам цяпер пануе парадак на могілках і ў паселішчах. Давераныя асобы старшыні Савета і дэпутаты не толькі змаглі сабраць неабходную суму грошай, але і арганізаваць лю-дзей на суботнікі. З пачатку бягучага года іх на тэрыторыі Чырвоненскага  сельсавета праведзена каля двух дзясяткаў.

Важным момантам у працы па навядзенні чысціні і парадку на малой радзіме для мясцовага сельвыканкама з’яўляецца не толькі падтрымка насельніцтва, але і іх абранніка ў раённы Савет дэпутатаў Івана Купрацэвіча, які ўзначальвае ВУ “Жыткавічыгаз”.  Нягледзячы на вялікую занятасць на асноўным месцы працы, Іван Віктаравіч заўсёды знаходзіць магчымасць, каб дапамагчы ў вырашэнні пытанняў сваім выбаршчыкам, у тым ліку і па добраўпарадкаванні.

– Вельмі імпануе такая падтрымка нашых пачынанняў жыхарамі,  а таксама тымі, каму мы аказалі давер і абралі ў вышэйшыя органы ўлады, – гаворыць Рыгор Агіевіч, – і такая апора дазваляе вясковай уладзе больш упэўнена планаваць дзейнасць на будучае. Працэс добраўпарадкавання бесперапынны, патрабуе пастаяннага клопату, таму і спраў яшчэ зрабіць неабходна шмат. Напрыклад, наспела патрэба ў пашырэнні тэрыторый могілак, якія потым варта агарадзіць. Упэўнены, што людзі не пакінуць і такую ініцыятыву без увагі. Дарэчы, хацелася б, каб да нашых жыхароў далучыліся вяскоўцы з Марохарава і Дубровы суседняга Савета, бо іх жа родзічы пахаваны на  нашых пагостах.

Сельвыканкам Чырвоненскага Савета ў справе навядзення парадку на зямлі найперш выступае як накіроўваючая сіла, якая вядзе насельніцтва ў патрэбнае рэчышча. Вясковая ўлада робіць стаўку больш на растлумачальную  дзейнасць. Таму і нядзіўна, калі нейкаму гаспадару патрэбна ўказаць на недахопы, то кіраўніцтву дастаткова правесці з уладальнікам проста прафілактычную гутарку, ці выпісаць прадпісанне. Апошніх сельвыканкамам за бягучы год выдана грамадзянам больш як паўтысячы, але ўсе ўказаныя ў іх хібы выпраўлены ў вызначаныя тэрміны. Садзейнічае прыгажосці ў вёсках і праводзімы штогод у Савеце конкурс на лепшы падворак. Колькасць гаспадароў сядзіб, якія прымаюць удзел у гэтым мерапрыемстве, пастаянна расце, а гэта прамое сведчанне таго, што вяскоўцы ўсё больш увагі надаюць добраўпарадкаванню сваіх падворкаў. І такія адносіны – выдатны знак, што ў Чырвоненскім Савеце жывуць дбайныя гаспадары, якія імкнуцца, каб іх малая радзіма толькі прыгажэла і квітнела.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.