Давераны ім дзіцячыя сэрцы

Вось і вырашана галоўная інтрыга раённага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстрэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. У абласным туры Жыткаўшчыну прадставяць тры лепшыя сейбіты разумнага, добрага, вечнага, якія перамаглі ў сваіх намінацыях.

Фінал саперніцтва прымала СШ №3. Пад апладысменты залы на сцэну падняліся 14 таленавітых і актыўных педагогаў з розных адукацыйных устаноў, якія некалькі тыдняў таму ўключыліся ў барацьбу за званне мацнейшых. Вядучыя нагадваюць, што перш, чым атрымаць гэтую хвіліну славы, удзельнікі пераадолелі дзве кваліфікацыйныя прыступкі. Спачатку завочна прадстаўлялі візітоўку, свой вопыт педагагічнай дзейнасці і план-канспект вучэбных заняткаў. У вочным спаборніцтве паспяхова вытрымалі псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, правялі адкрытыя заняткі ў незнаёмай установе адукацыі і давалі  майстар-класы.

Па выніках адбору восем чалавек атрымалі заахвочвальныя дыпломы і прызы, а шасцёрка лідараў па балах працягнула змаганне. Падчас самай відовішчнай часткі дзеі разам з валоданнем сучаснымі педагагічнымі методыкамі ацэньваліся артыстызм настаўнікаў і ўменне трымацца перад публікай.

Першае заданне – самапрэзентацыя. Каб расказаць пра сябе, канкурсанты не абмяжоўвалі фантазію – выкарыстоўвалі фармат ток-шоу і дэманстравалі відэаролікі, паказвалі тэатральную рэтраспектыву і спявалі, чыталі вершы і юмарылі. Пасля быў  конкурс-сюрпрыз, які даў магчымасць кожнаму праявіць свае аратарскія здольнасці. Дзеля гэтага трэба было экспромтам, падрыхтаваўшыся за пару хвілін, развіць выказванне, прапанавананае ў закрытым канверце. І завяршальным іспытам стаў міні-урок, тэму якога “Нам ёсць, чым ганарыцца, нам ёсць, што берагчы” педагогі атрымалі за дзень да фіналу. Майстры здолелі за такі кароткі час знайсці нестандартныя падыходы і прыёмы для таго, каб пазнаёміць “вучняў” з багатай спадчынай роднага краю і знакамітымі землякамі.

– Незважаючы на атрыманыя балы, у нас няма праіграўшых, – падзякавала ўсім фіналістам за смеласць старшыня журы, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Русая. – Вы можаце ганарыцца сваім выступленнем, а іншыя няхай бяруць прыклад з вашай шчырасці і, безумоўна, высокага прафесіяналізму.

– Жыткаўшчына заўжды славілася педагагічнымі кадрамі, сярод якіх нямала сапраўдных талентаў, – звярнуўся да аўдыторыі старшыня райкама галіновага прафсаюза Пётр Кальцоў. – І гэта ў чарговы раз даказаў сённяшні конкурс. Сваім майстэрствам вы ўносіце вялікі ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення.

Між тым, час назваць імёны тых, каму пакарыўся раённы этап і дасталіся ўзнагароды. У намінацыі гуманітарных дысцыплін лідарам стала настаўнік гісторыі і грамадазнаўства гімназіі Вольга Мазуркевіч. Лепшым выкладчыкам дакладных прадметаў прызнана настаўнік хіміі СШ №1 г. Турава Алена Купрыяновіч. Сярод дашкольнікаў не было роўных выхавальніку дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Ліане Літвяк. Настаўнік англійскай мовы СШ №2 г. Жыткавічы Ала Далгалікава і музычны кіраўнік ясляў-сада №1 райцэнтра Вольга Рай увайшлі ў лік лаўрэатаў конкурсу. А глядацкія сімпатыі зала аддала настаўніку матэматыкі Юркевіцкага дзіцячага сада-СШ Андрэю Мясніковічу. За гэта яму выпаў асобны падарунак ад райкама БРСМ.

Святлана Шакалян

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.