Аграрыі раёна падвялі вынікі мінулагодняй дзейнасці

Практычная частка мерапрыемства адбылася на верасніцкай малочнатаварнай ферме і комплексе “Казаргаць-2” ААТ “Тураўшчына”, дзе ўдзельнікі семінару азнаёміліся з сучаснымі тэхналагічнымі патрабаваннямі па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі.

Калектыў верасніцкай МТФ ужо не адзін год з’яўляецца лідарам малочнай галіны акцыянернага таварыства. На цяперашні час тут утрымліваецца 1109 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 375 кароў. Добрыя ўмовы ў спалучэнні з належным кармленнем дазваляюць мясцовым спецыялістам дабівацца высокіх надояў і прываг. Напрыклад, летась ад кожнай рагулі надаілі амаль па восем тысяч кілаграмаў малака. З пачаткам новага года прадуктыўнасць статка толькі павялічваецца. Сутачны надой ад адной каровы складае па 24 кілаграмы прадукту, што больш як на тры ў параўнанні з папярэднім перыядам.

– Там, дзе строга захоўваецца тэхналагічнасць ва ўсіх працэсах, пачынаючы з асемянення, ацёлу, вырошчвання маладнячку, раздою, вынік будзе толькі станоўчым, – падкрэсліў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко. – І верасніцкая малочнатаварная ферма ў гэтым плане з’яўляецца ўзорам для далейшай нашай работы.

З чым не паспрачаешся. Ідэальны парадак пануе ва ўсіх памяшканнях.  Кормасумесі для кожнай групы жывёлы рыхтуюцца і падаюцца з улікам фізіялагічных асаблівасцей і прадуктыўнасці. Своечасова праводзяцца і неабходныя зоаветэрынарныя мерапрыемствы, што дазваляе мець здаровае пагалоўе, а значыць, і якасную прадукцыю.

Перамены да ляпшага пайшлі і на малочнатаварным комплексе “Казаргаць-2”. Гэтае структурнае падраздзяленне сельгаспрадпрыемства з’яўляецца сапраўднай малочнай фабрыкай. Штодня на перапрацоўку з МТК адпраўляецца больш як 15 тон прадукту, прычым самым высокім гатункам “экстра”. Зразумела, што дасягнуць такіх паказчыкаў без высокай культуры вытворчасці немагчыма.

– Канечне, нам ёсць яшчэ над чым працаваць, каб нарошчваць аб’ёмы прадукцыі нават на такіх сучасных комплексах, – зазначыла дырэктар акцыянернага таварыства Раіса Страх. – І, найперш, патрэбна паклапаціцца пра ўмацаванне кармавой базы, на што і скіруем высілкі сёлета.

Увогуле, калі гаварыць пра леташнюю працу жывёлаводаў раёна, то дасягнутыя імі паказчыкі даволі розняцца. Так, надоена на грамадскіх фермах 51,2 тысячы тон малака, што на 1,4 тысячы болей, з прыростам да 2018 года на 2,9 працэнта. У той жа час ён забяспечаны за кошт старанняў калектываў акцыянерных таварыстваў “Дзякавічы”, “Прыазёрскае-Агра”, “Людзяневічы” і сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба. Іншыя “змінусавалі” па валу. Прадуктыўнасць ад каровы за мінулы год склала 5089 кілаграмаў. Найбольшы  гэты паказчык у сялянскай гаспадарцы М.Р. Шруба (9551 кілаграм) і ў ААТ “Тураўшчына” (5584). А вось у КСУПе “Чырвоны Бор” ад каровы надоена ўсяго 2507 кілаграмаў. Відавочна, наколькі істотная розніца ў выніках. Прадуктыўнасць дойнага статка павысілася толькі ў трох гаспадарках, у іншых яна зменшылася. Па словах загадчыка сектарам райсельгасхарчу Таццяны Стральчэні, прычынай таму сталі парушэнні тэхналогіі і слабасць кармавой базы, збоі ў арганізацыі вытворчых працэсаў.

Далі слабіну сельгасвытворцы і па продажу малака высокімі гатункамі: 65,2 працэнты прадукту перапрацоўшчыкам рэалізавана другім сортам. У 2018 годзе – 19,4 працэнта, а гатункам “экстра” 47,7 супраць 18 мінулагодніх.

Мяса буйной рагатай жывёлы атрымана 4,01 тысячы тон, што на 480 болей, рэалізавана ялавічыны 3,1 тысячы тон, з прыростам 13,1 працэнта. Сярэдняя вага адной галавы, якая гаспадаркамі накіроўвалася на мясакамбінаты, склала 382 кілаграмы. Але шэраг сельгасвытворцаў прадавалі жывёлу значна ніжэйшымі вагавымі катэгорыямі. Сярэднясутачныя прывагі атрыманы на вырошчванні БРЖ 472 грамы, плюс 24. У КСУПах “Чырвоны Бор”, “Коленскае” і ААТ “Людзяневічы” дапушчана зніжэнне гэтага паказчыка.

На першае студзеня бягучага года на фермах і комплексах утрымлівалася 31758 галоў жывёлы. Яе колькасць  да леташняй аналагічнай даты знізілася на 443.  А вось дойны статак павялічыўся ва ўсіх гаспадарках на 0,9 працэнта.

За прайшоўшы год атрымана 11697 цялят, што на 1165 болей. На жаль, у КСУПах “Чырвоны Бор” і “Коленскае” тут дапусцілі зніжэнне.  У ліку станоўчых дасягненняў памяншэнне на 222 галавы падзяжу.

Падводзячы вынікі семінару, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко падрабязна спыніўся на тых задачах, якія пастаўлены перад працаўнікамі вёскі на цяперашні год. У прыватнасці, прырост у вытворчасці валавай прадукцыі патрэбна забяспечыць не меней як на восем працэнтаў. Для чаго неабходна надаіць малака больш як на 3,5 працэнта, вырасціць мяса на 4,3 працэнты, а прадукцыі раслінаводства павялічыць на 9,7 працэнта. Відавочна, задачы даволі сур’ёзныя, выканаць іх па сілах толькі там, дзе пануе дыктатура тэхналогій і высокая адказнасць спецыялістаў і рабочых.

Сяргей БЕЛКА

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.