Бярозавік з тураўскім смакам

У гэтыя дні калектыў філіяла “Тураўскі кансервавы завод” акцыянернага таварыства “Тураўшчына” актыўна вядзе назапашванне і перапрацоўку бярозавіку.

Па словах выконваючай абавязкі начальніка структурнага падраздзялення Алены Арлянін, першыя тоны сыравіны паступілі на канвеер прадпрыемства ўжо дзявятага сакавіка.

— Штодня мы разліваем па шэсць тон бярозавіку, — расказвае Алена Адамаўна. — З пачатку сезона  ўжо ўпарадкавана больш як восемдзесят тон згаданага прадукту, які пастаўляюць нам Жыткавіцкі, Лельчыцкі і Мілашэвіцкі лясгасы. Усяго плануем  пусціць праз перапрацоўку сто тон вадкага дарунку гаёў. Спадзяюся, што работнікі лесу нас не падвядуць і з вытворчым заданнем справімся паспяхова.

Сёлета выпушчана  11246 слоікаў соку бярозавага з цукрам, 15617 —  з яблыкам і 3058 — бярозавага з апельсінам.

— Што сканцэнтраваліся на гэтых відах прадукцыі, невыпадкова, — адзначае кіраўнік. — Менавіта яны найбольш запатрабаваны спажыўцамі. Улічваем іх інтарэсы і пры разліве соку, у асноўным затарваем яго ў трохлітровыя слоікі. Іх з ахвотай набываюць камбінаты школьнага харчавання. Хаця для гандлёвых сетак прадугледжана і меньш аб’ёмная ўпакоўка.

Працэс выпуску бярозавіку ў філіяле таварыства мяркуюць завяршыць у бліжэйшы час. Але праца ў цаху на гэтым не спыніцца — на заводзе збіраюцца закатваць сталовыя буракі і моркву, якія вырашчаны летась на палетках гаспадаркі. З гэтай задачай пастараюцца справіцца да сярэдзіны красавіка, каб потым надзейна падрыхтаваць тэхналагічнае абсталяванне да прыёмкі гароху — асноўнай сваёй кансерваванай прадукцыі.

Сяргей БЕЛКА

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.