На цэлы міг хутчэй за ўсіх

Трапна страляць, хутка бегаць і добра падцягвацца – гэтыя ды іншыя навыкі абавязкова спатрэбяцца будучым вайскоўцам. Узровень фізічнай падрыхтаванасці юнакоў на мінулым тыдні праверылі спаборніцтвы па летняму шматбор’ю “Абаронца Айчыны”.

Падчас адкрыцця спартакіяды дапрызыўную моладзь прывіталі намеснік ваеннага камісара раёна Сяргей Салавей і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Русая. Госці падкрэслілі, што як бы ні склаўся далейшы лёс сённяшніх вучняў, захоўваць добрую форму і гартаваць свой арганізм важна для кожнага мужчыны, і выказалі надзею: калі надыдзе час, хлопцы з гонарам выканаюць армейскі абавязак.

Гэта рэспубліканская спартакіяда штогод аб’ядноўвае старшакласнікаў і пачынаецца з раённага адбору. Мацнейшых вызначаюць у ціры, басейне (50 метраў вольным стылем), на перакладзіне і стадыёне (на дзвюх дыстанцыях — 100 і 3000 метраў). Потым каманды спаборнічаюць на абласным узроўні, па выніках якога фарміруецца зборная Гомельшчыны для ўдзелу ў фінале. Жыткавічы замацавалі за сабою статус дастойных канкурэнтаў, нашых спартсменаў у рэгіёне добра ведаюць.

Ягору Купрацэвічу з Людзяневіцкай СШ пакуль не выпадала трапіць у раённую дружыну, затое ён паставіў уласны легкаатлетычны рэкорд, чаму даволі рады:

— Тры кіламетры прабег за 12 мінут, лічу, гэта добры паказчык. З фізкультурай сябрую, падабаюцца гульнявыя віды — футбол, валейбол, баскетбол.

Вучань СШ №1 г. Турава Кірыл Тачыла больш за другія «армейскія» дысцыпліны любіць кіданне гранаты і плаванне, а здзівіў усіх у першы дзень спаборніцтваў сваёй меткасцю. Юнак пяццю заліковымі стрэламі з пнеўматычнай вінтоўкі выбіў 33 ачкі. І, як стала вядома потым, дабіўся раённага рэкорду.

— Спорт дысцыплінуе і развівае чалавека, — разважае пра карысць трэніровак вучань. — Бацька з маленства захапляў мяне рознымі актыўнасцямі.

Гаворачы пра выхаванне атлетаў, і сына ў тым ліку, Іван Адамавіч, настаўнік Тураўскай СШ №2, адзначыў, што пераможцамі не нараджаюцца. Вялікае значэнне мае сістэмная праца з дзецьмі. Спантанных вынікаў не бывае, рэзервы трэба шукаць яшчэ ў пачатковых класах і весці іх да вяршынь.

Усяго ў спартакіядзе “Абаронца Айчыны” прынялі ўдзел 78 хлопцаў з 13 устаноў адукацыі. Падсумаваўшы вынікі двухдзённых змаганняў, суддзі аб’явілі пераможцаў. У камандным заліку першымі сталі СШ №3 г. Жыткавічы і СШ №1 г. Турава, на другім месцы – гімназія і Азяранскі д/с-СШ і замкнулі тройку СШ №2 г. Жыткавічы і Дуброўская СШ. Лідарам асабістага рэйтынгу (катэгорыя 15-16 гадоў) прызналі Уладзіслава Самойленку (СШ №3), прызёрамі — Арцёма Купрацэвіча (Дуброва) і Кірыла Пракаповіча (СШ №2 райцэнтра). Сярод 17-18-гадовых дапрызыўнікоў не было роўных Яўгену Пількевічу (Азяраны), серабро ў Яўгена Ільені (СШ №3), бронза дасталася Івану Касцюку (СШ №2 г. Жыткавічы). ДТСААФ асобна адзначыла лепшых стралкоў. Імі сталі згаданы Кірыл Тачыла і Давід Струк з другой тураўскай школы.

Святлана Шакалян

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.