Праца не воўк, канікулы не з’есць

Як бялёўскіх школьнікаў вучаць гаспадарлівасці

Дзень Машы Макарэвіч і ў чэрвені не запазняецца. Штораніцы яна таксама крочыць у школу, толькі не на ўрокі. У навучальнай установе адкрыўся лагер працы і адпачынку.

— Лета доўгае, — актыўна шоргаючы венікам, тлумачыць жаданне быць карыснай дзяўчынка, — нагуляцца яшчэ паспею, а мець ўласныя грошы, па-мойму, ніхто не адмовіцца.

Усяго ў брыгаду запісаліся восем васьмікласніц і дзве дзевяцікласніцы. На тры тыдні яны залічаны ў штат мясцовай гаспадаркі. Напрыклад, у мінулы аўторак падлеткі прыбіралі тэрыторыю мехдвара, а да таго палолі клумбы і рыхтавалі збожжаток да прыёму новага ўраджаю. Загадчык гэтага вытворчага падраздзялення і па сумяшчальніцтву кладаўшчык Марына Жогаль хваліць дзяўчат за добрасумленнасць, падкрэсліваючы, што нікога падганяць не трэба, работу сваю яны выконваюць выдатна.

На пытанне, ці цяжка, дзяўчынкі хорам адказваюць, што не, нават весела, бо кампанія ў іх выдатная.

— Канешне, спачатку стомленасць крыху адчувалася, — прызналася Кіра Ярмак, — ды мы хутка прывыклі, і на адпачынак сіл хапае, і яшчэ дома на агародзе дапамагчы.

— Усяго ж чатыры гадзіны працуем, — далучаецца да размовы Таццяна Неўмяржыцкая, —  нагрузка па сілах, занятак не складаны.

А  Насця Разгуляева сур’ёзна заўважае:

— Прыемна адчуваць сябе дарослымі, не прасіць у бацькоў на дробныя расходы. Вырашыла: сваю зарплату патрачу на падрыхтоўку да школы.

Кожная, уключаючы і суботнюю, раніца для атрада пачынаецца са сняданку, потым па раскладу — справе час. Пасля ўдарнай працы чакае смачны абед, а другая частка дня з падвячоркам прызначана для розных мерапрыемстваў.

— Гэта спартыўныя гульні (тэніс, валейбол, шашкі), конкурсы розныя, гутаркі, урокі экалогіі, прафілактычныя заняткі, — пералічвае актыўнасці начальнік лагера, намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Наталля Жогаль. — Працоўная змена ладзіцца ў нас не першы год, і дэфіцыту жадаючых трапіць на яе ніколі не было. Такое поле дзейнасці — добры шанц адарваць дзяцей ад гаджэтаў, прывучаючы да адказнасці і самастойнасці. Ды і матэрыяльны стымул шмат што значыць, Напрыклад, летась нашы вучні атрымалі недзе па 200 рублёў. Не такія і вялікія грошы, але важна, что яны зарабілі іх самі.

Святлана Шакалян

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.