Клопат пра будучыню жывёлагадоўлі

На прыканцы мінулага тыдня вызначылі лепшага тэхніка-асемянатара Жыткаўшчыны. Сталася гэта падчас прафесійнага саперніцтва згаданых спецыялістаў. Мерапрыемства прайшло на коленскім малочнатаварным комплексе КСУПа “Коленскае”.

Уласнае майстэрства на конкурсе дэманстравалі два дзясяткі чалавек з усіх гаспадарак раёна. Пры першым знаёмстве з удзельнікамі адчувалася, што барацьба паміж імі на ўсіх этапах будзе нежартоўнай. Сведчылі аб гэтым, найперш, вопыт і вытворчыя здабыткі. Узяць для прыкладу тую ж Алену Леўкавец, працоўны стаж якой тэхнікам-асемянатарам на старажавецкай ферме складае трынаццаць гадоў. Па выніках мінулага года спецыяліст у разліку на сто кароў атрымала 94 цяляці. Значны стаж і нядрэнныя паказчыкі ў Ноны Кірбай і Таццяны Ханені з КСУПа “Коленскае”, Сяргея Якубоўскага з ААТ “Тураўшчына”, Наталлі Віткоўскай з КСУПа “Бялёў”. У кожнага з іх каля дзевяноста і болей галоў прыплоду ў разліку на сто кароў. І гэта непоўны пералік майстроў у справе асемянення жывёлы, якія мераліся ўменнямі і ведамі падчас працоўнага спаборніцтва. Вельмі парадавала, што спачываць на лаўрах згаданым работнікам не давалі і маладзейшыя калегі, якія гучна заявілі аб сабе за апошнія гады добрымі здабыткамі. У прыватнасці, Яна Буцькавец і Аляксандр Самуйловіч з акцыянернага таварыства “Тураўшчына”,  Наталля Каваленка  з ААТ “Прыазёрскае-Агра”, якія дасканала асвоілі важную справу і па прайшоўшаму году на сто кароў атрымалі па 91, 80, 78 галоў маладнячку адпаведна.

Вітаючы ўдзельнікаў конкурсу, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко адзначыў, наколькі  вялікае значэнне адыгрывае асемяненне кароў і цялушак  у вытворчасці малака. Згодна з выказваннем Мікалая Мікалаевіча, важкія надоі ў каровы  не толькі на языку і ў руках аператараў машыннага даення, але і тэхнікаў-асемянатараў. Можна мець і добрыя кармы, і спрактыкаваных даярак, але без выніковай дзейнасці прадстаўнікоў апошняй прафесіі  належнай аддачы не атрымаеш. Засведчыла сваю павагу да спецыялістаў і пажадала ім поспехаў у конкурсе генеральны дырэктар РСУП “Гомельдзяржплемпрадпрыемства” Алена Койпаш.

Што тычыцца самога змагання, то яно ўключала як праверку тэарэтычных ведаў асемянатараў, так і дэманстрацыю імі практычных навыкаў.  На жаль, хваляванне спецыялістаў не ў поўнай ступені дазволіла паказаць свае здольнасці. Памылкі дапускаліся, вобразна кажучы, на роўным месцы. Разам з тым строгае журы не толькі зніжала адзнакі за пралікі, але  і дэталёва аналізавала іх, тым самым дапамагала канкурсантам справіцца з заданнямі паспяхова. Гэтаму спрыяла і падтрымка калег, а таксама папярэднія падрабязныя кансультацыі заатэхнікаў і ветэрынараў.

— Канечне, ёсць над чым яшчэ працаваць, — праналізавала выступленні Валянціна Гуд, — усё ж для ўдасканалення майстэрства няма межаў. І гэтаму нашы тэхнікі-асемянатары ў штодзённых клопатах надаюць першаступеннае значэнне. Працэс асемянення жывёлы настолькі тонкі, што нават самае нязначнае ўпушчэнне ў яго тэхналогіі вядзе да няўдачы. І спецыяліст павінен быць акуратным і дакладным ва ўсім.

Увогуле, конкурс прафесійнага майстэрства згаданых працаўнікоў-жывёлаводаў з’яўляецца не столькі пляцоўкай для змагання,  а больш для абмену вопытам. У чаканні сваёй чаргі на экзамен работнікі шчыра і шчодра дзяліліся ўласнымі напрацоўкамі. Таму водгукі ўдзельнікаў саперніцтва наконт правядзення мерапрыемства адзінадушныя — яно патрэбна і спрыяе прафесійнаму росту.

Пасля асноўнай дзеі спаборніцтва канкурсанты і госці сабраліся ў Коленскай установе культуры, дзе падвялі вынікі і ўзнагародзілі пераможцаў. Аналізуючы стан работы па ўзнаўленню статка, Мікалай П’яўко зазначыў:

— Летась у гэтай дзейнасці мы мелі пэўныя праблемы, што адбілася на агульным выхадзе цялят. У параўнанні з папярэднім годам іх атрымана на 736 меней. Цяпер справы палепшылі. За паўгода выхад цялят на сто кароў па раёну  склаў 36 галоў, што ў параўнанні з мінулагоднім перыядам на 303 цяляці больш. Добрая забяспечанасць у гаспадарках і рамонтным пагалоўем — на сто кароў маецца сто сорак чатыры цялушкі. Такія паказчыкі абнадзейваюць і нацэльваюць на паспяховую працу.

Таму Мікалай Мікалаевіч не скупіўся на словы пахвалы ў адрас пераможцаў і прызёраў. Сярод спецыялістаў, якія прымяняюць рэкта-цэрвікальны метад асемянення, першае месца прысуджана Яне Буцькавец з ААТ “Тураўшчына”, другое — Таццяне Ханені з КСУПа “Коленскае”, трэцяе — Наталлі Віткоўскай з КСУПа “Бялёў”. Сярод тэхнікаў, якія выкарыстоўваюць мона-цэрвікальны спосаб асемянення, месцы размеркаваліся наступным чынам: першая Алена Леўкавец, другі Сяргей Якубоўскі (абое з ААТ “Тураўшчына”), трэцяя Таццяна салавей з ААТ “Людзяневічы”. Сярод звенняў па ўзнаўленню статка перамога ў спецыялістаў КСУПа “Коленскае” (галоўны заатэхнік Алена Трафімовіч). Заахвочвальнымі прызамі надзелены самы малады тэхнік-асемянатар Віктар Варвановіч (ААТ “Тураўшчына”) і самы вопытны — Вольга Канстанцінава (КСУП “Коленскае”). А вось Ганна Меляшчэня з ААТ “Тураўшчына” атрымала ўзнагароду ад кіраўніка РСУП “Гомельдзяржплемпрадпрыемства”  Алены Койпаш як лепшы тэхнік па племянной справе за вядзенне базы.

Па традыцыі на гэтым прыемныя моманты для спецыялістаў не закончыліся. Іх добры настрой творчасцю падтрымалі самадзейныя артысты народнага ансамбля “Жытніца” Жыткавіцкага ГЦК. Нельга не адзначыць уклад і лідара раённай прафсаюзнай арганізацыі аграрыяў Уладзіміра Радаўца, а таксама дырэктара КСУПа “Коленскае” Івана Серады, якія надзялілі гасцей і пераможцаў букетамі шыкоўных ружаў.

Канечне, усе ўдзельнікі раз’ехаліся пасля конкурсу з рознымі эмоцыямі: нехта акрылены перамогай, нехта засмучаны няўдачай. Такія мерапрыемствы, як паказвае практыка, бясследна не праходзяць. Але важна іншае, што ў той жа вечар усе спецыялісты былі на сваіх рабочых месцах і сумленна выконвалі прафесійныя абавязкі. Такая ўжо ў іх спецыяльнасць — штодня клапаціцца аб будучым грамадскай жывёлагадоўлі.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.