Сіла прафсаюза ў адзінстве

Круглы стол па актуальных пытаннях калектыўна-дагаварнога рэгулявання ўзаемаадносін паміж наймальнікамі і прафсаюзамі адбыўся ў цэнтральнай раённай бальніцы.

Яго ўдзельнікамі сталі лідары пярвічных прафсаюзных арганізацый работнікаў аховы здароўя Гомельскай і Мінскай абласцей, якія правялі ў палескім рэгіёне трохдзённы семінар па абмену вопытам. Напярэдадні гасцям паказалі наш горад і аддзяленні стацыянара, а падчас дыялогу медыкі не абмінулі ніводнай прафесійнай тэмы – ад абароны сацыяльна-эканамічных правоў членаў прафсаюза і папаўнення яго шэрагаў да  замацавання кадраў, арганізацыі карпаратыўных мерапрыемстваў, стварэння належных бытавых умоў і станоўчага мікраклімату ў калектывах.

Звяртаючыся да калег, старшыня прафкама ЦРБ Мікалай Бабенка расказаў, што дзейнасць узначальваемага прафсаюза грунтуецца на прынцыпах сацыяльнага партнёрства і цеснага супрацоўніцтва з адміністрацыяй. Усе 178 пунктаў калектыўнага дагавора выконваюцца ў поўным аб’ёме, аб людзях праяўляецца належны клопат, арганізацыя стараецца падтрымліваць іх у розных жыццёвых абставінах, дапамагае вырашаць другія праблемы.

Паводле слоў кіраўніка Гомельскай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Надзеі Зімінай, у жыткаўчан ёсць чаму павучыцца. Самы дальні раён паспяхова спраўляецца з аказаннем медыцынскай дапамогі насельніцтву, тут шмат увагі надаюць ахове працы і іншым напрамкам дзейнасці.

Калегу падтрымаў Георгій Будрэвіч, старшыня Мінскай гарадской арганізаціі згаданага прафсаюза, падкрэсліўшы карысць падобных сустрэч, якія ўзбагачаюць практыку, заўжды дазваляючы ўзяць на ўзбраенне нешта карыснае. Аўдыторыя актыўна цікавілася станам спраў, унікала ў нюансы работы, задавала пытанні. Разам з іншымі гаспадарамі дыялогавай пляцоўкі на іх адказваў і намеснік старшыні райвыканкама, курыруючы сферу аховы здароўя, Леанід Валатоўскі.

Другі дзень сваёй рабочай паездкі дэлегацыя прысвяціла Петрыкаўскаму раёну, а трэці правяла ў Тураве. Апроч знаёмства з гістарычнай спадчынай старажытнага паселішча, медыкі пабывалі ў мясцовай гарадской бальніцы.

 

Мовай лічбаў

50449 членаў аб’ядноўвае абласны прафсаюз работнікаў аховы здароўя;

53 пярвічкі апошнім часам створаны ў недзяржаўных медустановах;

9,6 тысячы рублёў неданалічаных грошай вернута за паўгоддзе медыкам з дапамогай прафсаюза;

4 чалавекі па патрабаванню прафсаюза адноўлены на сваіх працоўных месцах у дасудовым парадку;

470 супрацоўнікаў, у тым ліку тыя, хто перанёс каронавірус, сёлета пабывалі ў здраўніцах на санаторна-курортным лячэнні. 

Святлана Шакалян

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.