Нулявы траўматызм – задача кожнага наймальніка

Раённы семінар, прысвечаны Дню аховы працы прайшоў на гэты раз на базе ДБУ № 21 ААТ “ДСТ №2 г. Гомель”.  Спецыялісты прадпрыемстваў і арганізацый па ахове працы засяродзілі ўвагу на найбольш важных пытаннях, што тычацца бяспекі работнікаў на вытворчасці.
Тэма неновая, але, як паказвае практыка, не губляе сваёй актуальнасці. Упушчэнні ў сферы аховы працы, як сведчыць статыстыка, прыводзяць да траўміравання работнікаў і нават іх смерці. У вобласці за дзевяць месяцаў загінулі дзесяць чалавек. На семінары адказныя спецыялісты  прааналізавалі прыярытэты тыдня нулявога траўматызму. У ліку асноўных здароўе і жыццё членаў калектываў, адказнасць кіраўнікоў і кожнага супрацоўніка за бяспеку і захаванне правілаў аховы працы, прыцягненне да гэтай дзейнасці кожнага чалавека, ацэнка і ўпраўленне рызыкай на вытворчасці, навучанне і інфармаванне па пытаннях АП.
Мерапрыемства распачалося з азнаямлення з дзейнасцю і аб’ектамі ДБУ-21. Галоўны інжынер Сяргей Раманюк падрабязна расказаў аб здабытках дарожнікаў, правёў па майстэрнях і тэрыторыі. Варта сказаць, што сёлета вытворчыя і эканамічныя паказчыкі калектыву значна пацяжэлі ў параўнанні з мінулагоднімі, што дазваляе ўмацоўваць матэрыяльную базу, а, значыць, і паляпшаць умовы працы людзей, рабіць яе бяспечнейшай. Канечне ж, падчас азнаямляльнай экскурсіі аналізаваліся і найбольш распаўсюджаныя хібы, што дапускаюцца на прадпрыемствах і не спрыяюць бяспечнай рабоце.
Практычная частка мела працяг на пляцоўцы ля бензавоза.  Аўтамабіль  дарожнікі набылі нядаўна. Вадзіцель спецмашыны Андрэй Найдзін прадэманстраваў працэс запраўкі грузавіка. На жаль, як паказаў пазнейшы разбор сітуацыі, не ўсё ў яго атрымалася згодна з існуючымі патрабаваннямі. Хаця вопыту і досведу ў чалавека дастаткова. Былі нараканні і да стану транспарту. Іх непасрэдна на месцы, а потым і на плянарным пасяджэнні выказаў Ігар Байноў, начальнік Мазырскага міжраённага аддзела Гомельскага абласнога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду.  Па яго словах, сітуацыя з заправачнай тэхнікай у рэгіёне даволі няпростая, 28 яе працэнтаў патрабуе абнаўлення і мадэрнізацыі. З цікавасцю інжынеры паўдзельнічалі ў майстар-класе па  аказанні першай даўрачэбнай дапамогі, які прадэманстравала старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Ларыса Фралова.
На падвядзенні вынікаў мерапрыемства спецыялісты па ахове працы прааналізавалі стан прамысловай бяспекі ў арганізацыях раёна, вытворчага траўматызму, работу мабільнай групы, супрацоўніцтва службы па ахове працы, прафсаюза і грамадскіх інспектараў па забеспячэнні бяспекі на вытворчасці, а таксама канцэпцыю “нулявога траўматызму”.  Выступленні Юрыя Дземідзюка, галоўнага дзяржаўнага інспектара Жыткавіцкага міжраённага аддадзела Гомельскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, Алены Тукінай, начальніка аддзела ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, Фёдара Каралёва, грамадскага інспектара  раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, Анатоля Лапуця, галоўнага тэхнічнага інспектара Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, падмацоўваліся відэапрэзентацыямі. Прыведзеныя дакладчыкамі факты, прадэманстраваныя ролікі пераканаўча сведчылі, наколькі могуць быць цяжкімі наступствы, калі работнікі грэбуюць уласнай бяспекай, а кіраўнікі і спецыялісты паслабляюць за гэтым кантроль. Таму і дзейнасць у гэтым накірунку павінна быць мэтанакіраванай і пастаяннай, а самае галоўнае, усеагульнай. Толькі такім чынам магчыма пазбегнуць бяды на вытворчасці.
Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.