Трывожныя ветры над краем

У лістападзе 1917 года ў Тураве і Жыткавічах была ўстаноўлена савецкая ўлада. У Тураве яе ўзначаліў 32-гадовы мясцовы жыхар Тарас Пятровіч Русы, былы марак Балтыйскага флоту, які ў час службы ў Гельсінфорсе прымкнуў да бальшавікоў. Аднак ужо ў лютым 1918 г., калі кайзераўская Германія ўзнавіла баявыя дзеянні супраць маладой савецкай рэспублікі, Палессе акупіравалі нямецкія захопнікі. 3 гэтага часу пачалася доўгая чарга змен розных рэжымаў, улад, правіцеляў… У першы ж дзень акупацыі за непавагу да новай улады быў высечаны стары чалавек Зямлянік.

У пачатку сакавіка 1918 г. група былых франтавікоў – маракоў-балтыйцаў Тараса Русага і Сямёна Котава, а таксама пехацінцаў Пятра Балбуцкага, Сцяпана Сулкоўскага, Івана Гальца стварылі партызанскі атрад для барацьбы з нямецкімі захопнікамі. Праводзілі агітацыю сярод сялян навакольных вёсак, збіралі зброю. Ужо ўлетку Тураўскі партызанскі атрад налічваў некалькі дзясяткаў чалавек. Камандзірам атрада быў прызначаны Тарас Русы, намеснікам – Іван Галец, сувязным быў Сцяпан Сулкоўскі.

Ноччу 18 снежня 1918 г. партызанскі атрад увайшоў у Тураў. Заняты пошта, земская ўправа, будынак гетманскай варты. Адразу быў створаны ваенна-рэвалюцыйны камітэт на чале з Тарасам Русым. Раніцай 19 снежня на мітынгу на плошчы было аб’яўлена ўзнаўленне савецкай улады ў Тураве. Камендантам мястэчка быў прызначаны Аляксандр Мамонаў.

Гандляры, багатыя тураўскія купцы далі знаць нямецкім акупацыйным уладам у Жыткавічах аб падзеях у Тураве, запрасілі дапамогі. 25 снежня атрад немцаў, колькасцю каля 100 чалавек, напаў на заставу паўстанцаў каля в. Боркі, затым уварваўся ў Тураў. Т.П. Русы ў час бою быў паранены, рэшткі партызанскага атрада пад кіраўніцтвам А. Котава адступілі ў бок Століна. Немцы захапілі палонных і адправілі іх у Жыткавічы. Т.П. Русага акупанты хацелі забіць, але засцерагаліся, мусіць, мясцовага насельніцтва.

3 студзеня 1919 г., пасля таго, як згодна Брэсцкаму дагавору немцы пакінулі Беларусь, у Тураве створаны ваенна-рэвалюцыйны камітэт. У яго ўвайшлі П. Балбуцкі, I. Галец, С. Сулкоўскі, А. Котаў, А. Мамонаў. Т. Русы знаходзіўся ў шпіталі пасля ранения. Узначаліў камітэт С. Сулкоўскі.

3 студзеня ў навакольныя вёскі накіравалася дэлегацыя з Турава для арганізацыі органаў савецкай улады, уліку маёмасці памешчыцкіх сядзіб. У час сходу ў вёсцы Луткі быў забіты актыўны змагар за савецкую ўладу ў раёне Арсень Котаў.

У 1918 г. балтыйскі марак Арсень Котаў вярнуўся на радзіму, у Тураў. Узбуджаны рэвалюцыйнай барацьбой у сталіцы, ён палка ўзяўся за ўмацаванне савецкай улады на радзіме. У памешчыкаў і фабрыкантаў канфіскавалі маёмасць. Хто быў нікім, той, сапраўды, станавіўся ўсім… Позняй восенню старшыня Тураўскага рэўкома Т. П. Русы даручыў групе актывістаў накіравацца ў агітацыйную паездку па ўсходніх вёсках воласці. На далёкія хутары накіраваліся Арсень Котаў, Максім Бруй і Іван Галец.

На сход сабраліся сяляне, уважліва слухалі прадстаўнікоў савецкай улады. Выступаў Котаў. Раптам грымнуў стрэл, бальшавік схапіўся за грудзі… Смяртэльна параненага Арсеня Котава таварышы прывезлі ў Тураў, даставілі ў бальніцу, але выратаваць яго было немагчыма. На некалькі хвілін ён апрытомнеў, агледзеў усіх, хто прысутнічаў у пакоі – сваіх баявых сяброў – Тараса Русага, Цярэнція Сядзельніка, Арцёма Рабіроха, прашаптаў: «Мала паспеў зрабіць…».

Пахавалі Арсеня Фядотавіча Котава на старадаўніх Барысаглебскіх могілках у Тураве.

* * *

У Леніне жыццё ішло сваёй чаргой. Мястэчка ўдалечыні ад буйных цэнтраў было яшчэ больш глухім кутком Палесся, чым Жыткавічы і Тураў. Тым не менш у Леніне спрадвеку жыў надзвычай вольны бунтарскі дух, рэвалюцыйныя настроі адсюль разыходзіліся па ўсім краі, даходзілі да Вільні, дзе жыло многа выхадцаў з Леніна. Іх можна было сустрэць у марксісцкіх гуртках у Пецярбургу і ў Мінску, у Гомелі і ў Пінску. Ленінцы знаёміліся з работамі К. Маркса і Ф. Энгельса, маладога Уладзіміра Ульянава. 3 іх выходзілі відныя рэвалюцыянеры, як I.Я. Кыдышка-Кічышка, браты Сямён і Уладзімір Федаровічы, Б.Ф. Дубровін і іншыя. На вуліцы Падліпенскай (сучасная Рэвалюцыйная) у хаце А.І. Чопчыц знаходзілася да лістапада 1917 г. канспіратыўная кватэра бальшавікоў, аб чым сведчыць мемарыяльная дошка. Ёсць вусныя паведамленні, што рэвалюцыянеры — выхдцы з Леніна — сустракаліся і размаўлялі з У.І. Ульянавым, у прыватнасці, у 1895 г. у Вільні. Хутка пасля гэтага ён выбраў сабе сусветна вядомы псеўданім Ленін, і ленінцы ўпэўнены, што менавіта назва іхняга мястэчка падказала яго Уладзіміру Ільічу. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі ва ўсім свеце не было такой геаграфічнай назвы, толькі ў Германіі адна вёска, якая пісалася як «Лехнін»…

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.