Малочныя рэйсы

Значную частку свайго жыцця, а гэта некалькі дзесяцігоддзяў, Аляксандр Кароткі аддаў працы на аўтамабілі. У КСУПе “Коленскае”, дзе шчыруе шафёр,  цэняць яго прафесіяналізм, таму даверылі адзін з самых складаных участкаў работы.

Аляксандра пасадзілі за руль малакавоза. Цяпер яго абавязак даставіць усё надоенае малако з грамадскіх фермаў гаспадаркі на перапрацоўку ў Тураў. Дарэчы, уласным транспартам гэта робяць у раёне толькі ў згаданым сельгаспрадпрыемстве. Як расказаў дырэктар Іван Серада, спецмашыну купілі гадоў з пятнаццаць назад. Пасля пэўнага перыяду эксплуатацыі яна апынулася бясхознай на прыколе. Так бы мовіць, ішла пад спісанне. Іван Мікалаевіч вырашыў, што няварта так бяздумна распараджацца транспартам, які можа яшчэ прынесці нямала карысці. Таму на малакавоз закупілі неабходныя запчасткі і падабралі надзейнага і спрактыкаванага вадзіцеля. Менавіта Кароткі аднавіў аўтамабіль і зараз плённа на ім працуе.

Работа перавозчыка малака не цукар. Штодня ў дарозе.  Распарадак дня вадзіцеля строга рэгламентаваны. Пасля тэхнічнага абслугоўвання аўтамашыны ён кіруецца на фермы, дзе збірае сырадой. Напоўніўшы ім цыстэрну і пераканаўшыся, што яны надзейна запламбіраваны, а таксама ў парадку ўся дакументацыя Аляксандр дастаўляе малако на завод. Перш чым там прымуць прадукцыю, даводзіцца пачакаць пакуль правядуць усе неабходныя лабараторныя даследаванні. Толькі пасля гэтага выгрузка. На тым старанні вадзіцеля не заканчваюцца. Цыстэрну патрэбна абавязкова падаць на мыйку. Летам згаданыя вытворчыя аперацыі вадзіцель ажыццяўляе па некалькі разоў на дзень без выхадных і паправак на надвор’е.

— Адказна ставіцца да выканання ўскладзеных на цябе абавязкаў — вось галоўная састаўная поспеху ў нашай прафесіі. Патрабаванні па якасці да малочнай сыравіны значна падраслі, — адзначае шафёр. — Таму, каб малако адпавядала высокім гатункам, санітарнаму стану транспарту даводзіцца надаваць першаступеннае значэнне.

— Мець уласны малакавоз вельмі зручна, — дадае і кіраўнік КСУПа Іван Серада. — Так, выдаткаў для падтрымання яго ў належным стане  транспарт патрабуе, але плюсы ўсё ж пераважаюць. Найперш, ты не залежыш ад перавозчыкаў. У летнюю спякоту гэта надзвычай важна — сырадой з фермаў можна адпраўляць перапрацоўшчыкам па некалькі разоў на дзень. Менавіта так мы і робім. Таксама лягчэй і кантраляваць працэс, бо на ўласныя вочы бачыш, які прадукт заліваецца ў ёмістасць і колькі. У выніку ўзнікнення нейкіх разнагалоссяў з перапрацоўшчыкамі намнога аператыўней можна разабрацца ў пазаштатнай  сітуацыі. Малако для вяскоўцаў — асноўная крыніца даходаў.

Сённяшняя практыка паказвае, сумесныя, зладжаныя старанні коленскіх жывёлаводаў і перавозчыка прыносяць добры плён. У апошні час малако тураўскім сыраробам гаспадаркай пастаўляецца толькі гатункам “экстра”. А гэта дадатковыя грошы  ў эканоміку прадпрыемства. Аляксандр Кароткі добра ўсведамляе, што кожны дзень ён перавозіць не простую прадукцыю, а здабытак усяго калектыву сельгаспрадпрыемства, прычым не за суткі, а за цэлы год і болей.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.