Любую ноту бярэ ён з лёту

За свае 15 гадоў Дзмітрый Кудзелька сабраў немалую колькасць узнагарод, заваяваных у розных спаборніцтвах выканальніцкага майстэрства. Днямі архіў юнага музыканта папоўніўся яшчэ адной. Вучань Чырвоненскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў стаў лаўрэатам І ступені ІV Міжнароднага конкурсу «Мой сябра – баян», які аб’яднаў у Гомелі мацнейшых інструменталістаў з розных куткоў Беларусі.

Да вяршыні гэтага прэстыжнага форуму юнак ішоў доўга і мэтанакіравана, двойчы станавіўшыся ўладальнікам дыплома ІІ ступені – спачатку ў малодшай узроставай группе, а потым – у сярэдняй. І вось сёлета яго напаткаў трыумф. Апярэдзіўшы васямнаццаць сапернікаў старэйшай группы, хлопцу ўдалося пакарыць экспертаў высокага журы бездакорным выкананнем складаных п’ес.

– У Дзімы харошая ад прыроды рука і вялікая ўседлівасць, – з гонарам за свайго выхаванца кажа яго настаўнік Мікалай Харытончык. – З матываваным чалавекам і займацца цікава. Хаця ў пачатковых класах, памятаю, быў у яго намер кінуць інструмент. Толькі ўсе цяжкасці адаптацыйнага перыяду з дапамогаю бацькоў перажылі, і з юнака атрымаўся здольны вучань.

Дзмітрый Кудзелька ўдастоены прэміі абласнога выканаўчага камітэта па падтрымцы таленавітай моладзі. А райвыканкам пасля яго дэбютнага поспеху ў згаданым конкурсе пасадзейнічаў школе ў набыцці сучаснага баяна. Зараз хлопец музыцыруе па 2-3 гадзіны штодня, дазваляючы адпачынак толькі ў нядзелю. Прычым робіць гэта свядома і без пануканняў, адчуваючы сапраўдную радасць ад любімай справы. Яе, дарэчы, ужо выбраў у якасці будучай прафесіі. Сёлета наш артыст па заканчэнні дзявятага класа плануе паступаць у музычны каледж.

– Відаць, цацачны гармонік, якім забаўляўся яшчэ ў калысцы, быў знакам, – дадае ўнук вясковага баяніста і з усмешкаю адгукаецца на пытанне, ці не зарабіў зорную хваробу. – Трэба трымаць узровень, не зазнаючыся. Само па сабе нічога не даецца. За кожным дасягненнем не толькі асабістая праца, а і вялізны ўклад майго настаўніка, Мікалая Пятровіча.

Баян зараз перажывае новую хвалю папулярнасці, у тым ліку сярод моладзі. Майстэрскае валоданне інструментам, прыродны артыстызм і абаянне вылучае Дзмітрыя на любым канцэрце. Сучасныя творы і класіка, юнаму інструменталісту падуладны любы жанр.

 

Да слова

Упершыню конкурс «Мой сябра – баян» адбыўся ў 2000 годзе як абласное спаборніцтва. Праз шэсць гадоў ён атрымаў статус міжнароднага. За мінулы час яго ўдзельнікамі сталі каля 1,5 тысячы пачынаючых музыкантаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі і Літвы. Гэты фестываль адкрыў шмат новых імён. Многія яго лаўрэаты сталі стэпендыятамі спецыяльнага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Сёлета на конкурсе спрачаліся ў майстэрстве 120 баяністаў і акардэаністаў.

Святлана Шакалян

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.